“Берагіня”: конкурс за конкурсам

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

З 23 да 26 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі будуць праходзіць заключныя імпрэзы чарговага Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Ім папярэднічалі раённыя і абласныя адборы ўдзельнікаў. У Акцябрскім выступяць дзіцячыя і дарослыя беларускія гурты, а таксама госці з Чэхіі, Сербіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі.

Самым эмацыйна насычаным мерапрыемствам фестывалю становіцца звычайна конкурс танцавальных пар. Удзельнікі гуртоў у якасці гледачоў з пляскам, тупатаннем і віскам падтрымліваюць “свае” пары, хвалююцца мастацкія кіраўнікі, напружана працуе журы… Сёлета конкурс пройдзе 23 — 24 чэрвеня. Расцягнецца ён на два дні, бо вызначэнне пераможцаў праходзіць у тры этапы, фінальнаму адбору папярэднічае чвэрць- і паўфінал.

Акрамя конкурсу танцавальных пар пройдуць спаборніцтвы салістаў-выканаўцаў беларускіх народных традыцыйных танцаў, турнір дзіцячых калектываў, якія выканаюць карагод, кадрылю, імправізаваны танец, найгрыш, твор народнай прозы. У конкурснай праграме “Песенная творчасць” удзельнікі пазмагаюцца ў намінацыях “Ансамблевыя спевы”, “Ансамблевыя мужчынскія спевы”, “Сольныя спевы”. На конкурсе музычных інструментальных капэл традыцыйнага складу “Дудар” удзельнікі пакажуць праграмы “Сольнае выканальніцтва: дуда, скрыпка, цымбалы”, “Траіста музыка”, “Ансамблевае выканальніцтва”. Большасць абласцей прадставяць па адным дзіцячым гурце-ўдзельніку.

Увечары 24 чэрвеня пройдуць канцэрты замежных калектываў. 25 чэрвеня — конкурсная праграма “Традыцыйнае вяселле”, падчас якой удзельнікі прадэманструюць вясельныя абрады сваёй мясцовасці. Увечары жыхароў і гасцей Акцябрскага чакаюць на свята “Рудабельскае Купалле”.

На працягу фестывалю будуць працаваць выставы “Беларускія народныя музычныя інструменты” і “Вясельныя строі Рудабельшчыны і ваколіц” у Акцябрскім Цэнтры гісторыі і культуры. Іх урачыстае адкрыццё адбудзецца 23 чэрвеня. Аматары традыцыйнага адзення не павінны прапусціць таксама прэзентацыю народных строяў “Традыцыя і сучаснасць” 26 чэрвеня. Яна пройдзе падчас “Рудабельскага кірмашу”. Можна будзе яшчэ раз паслухаць фальклорныя калектывы Беларусі і замежжа, набыць рамесніцкія вырабы на рэгіянальных падворках, паўдзельнічаць у майстар-класах па танцах, гульнях, народных рамёствах. Госцем кірмашу стане мазырскі рыцарскі клуб “Шатун”. Завяршыць кірмаш і фестываль увогуле канцэрт фольк-гурта “Палац”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"