Паэзія формы

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча даволі часта адбываюцца выстаўкі жывапісу, графікі, аднак скульптары тут — госці рэдкія. Выключэннем з гэтай завядзёнкі з’яўляецца хіба што Сяргей Гумілеўскі.

 /i/content/pi/cult/158/1315/Paezija-formy.jpg

C.Гумілеўскі. “У краіне светлай, дзе я ўміраю...”.

Надзвычайны лірызм, арганічнасць і амаль мілагучнасць каменных ды бронзавых рыс выклікаюць у памяці ўсплёск паэтычных радкоў. Гэтым разам скульптар зрабіў яшчэ адзін крок у літаратуру: адкрыў персанальную выстаўку пад назвай “Паэзія формы”. На вернісажы дырэктар музея Таццяна Шаляговіч адзначыла, што такая чыста скульптурная імпрэза ў гэтых сценах адбываецца ўпершыню.

У выставачнай зале прадстаўлена ўся палітра вечных тэм: паўсюль — пранізлівае святло мацярынства, замілаванне родным краем, туга па Радзіме, крыніцы шчырага кахання.

“Натхненне” ў версіі Гумілеўскага прыходзіць да творцаў са скрыпкай і сагравае мелодыяй душу. Постаці музыкаў ды самі мелодыі, увасобленыя ў форму, падаецца, так і просяцца з-пад пальцаў аўтара ў прастору жыцця, у свет. Іх адзенне, якое развіваецца, лунае, завіткі валасоў, пераплеценыя ветрам, становяцца сімваламі незалежнасці ад рамак часу і прасторы.

Творца стала звяртаецца да постацей выдатных дзеячаў Беларусі. Так з’явіліся ў дрэве Францыск Скарына, у сілуміне — асветніца Еўфрасіння Полацкая, Мікалай Радзівіл Сіротка і Ян Марыя Бернардоні — у бронзавым барэльефе “Князь і архітэктар”.

Скульптуры з дрэва ўзрушваюць пазітыўнай энергетыкай і жывой цеплынёй. Крылы “Летуценняў” уздымаюць над паўсядзённасцю, дзяўчо з “Галубкай” у руках дорыць наведвальнікам пяшчоту, “Спрадвечнае” нагадвае, што кожная жанчына з немаўляткам падаецца мадоннай. Не дзіва, што менавіта ў дрэве ўзнікаюць глыбока рэлігійныя тэмы: паўстае перад чалавекам “Архангел Міхаіл”, надыходзіць шчаснае “Дабравешчанне”.

Чырвонай ніткай праз усю экспазіцыю прайшла тэма паэзіі Максіма Багдановіча. Як адзначыў сам Сяргей Львовіч, непаўторная творчасць паэта захапіла яго ў школьныя гады, прайшла поруч праз інстытуцкае жыццё. І пасля дыпломнай працы, прысвечанай яго інтымнай лірыцы, Сяргей Гумілеўскі зноў і зноў натхняецца ёю. Менавіта таму з вялікай трапятлівасцю і павагай некалькі гадоў разам з бацькам, народным мастаком Беларусі Львом Гумілеўскім аддаў стварэнню надмагільнага помніка вялікаму беларусу ў Ялце. Праз доўгія месяцы ўзгадненняў з мытняй ды ялцінскімі ўладамі помнік, годны таленту майстра слова, з’явіўся на месцы былой сціплай пліты. Вобраз паэта атрымаўся такім, якім мо і бачыў яго ў адным з вершаў сам Багдановіч: “сумным і прыгожым”.

— Бюст са светла-шэрага граніту паўстаў сярод старых могілак, — падзяліўся ўспамінамі скульптар. — За аснову мы ўзялі строгую, класічную калону, ідучы ад творчасці Багдановіча, у якой сустракаецца багата класічных форм: трыялеты, санеты, рандо. Пастамент акаляе чыгунная рашотка, аздобленая васількамі. Збоку на падпорнай сцяне ўмацаваны валун са словамі легендарнай “Зоркі Венеры”: “Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю”.

Напрыканцы мерапрыемства Сяргей Гумілеўскі запэўніў наведвальнікаў вернісажу, што паэзія Багдановіча і надалей будзе “спяваць” у яго творчасці...

Настасся ПАНКРАТАВА