З сябрамі — у Александрыю

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

9—10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў чарговы раз пройдзе традыцыйнае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Падчас мерапрыемства шматлікіх гасцей свята чакаюць самыя розныя цікавосткі.

/i/content/pi/cult/591/13145/2-1.jpgНапярэдадні свята ў Александрыі прайшло выязное пасяджэнне аргкамітэта мерапрыемства, якое ўзначаліла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня аргкамітэта свята “Купалле” Наталля Качанава. Па яе словах, гэта падзея з кожным годам набірае ўсё большую папулярнасць, прырастае новымі гасцямі і сябрамі.

— Мы ўпэўнены, што ў гэтым годзе свята збярэ яшчэ больш удзельнікаў, — адзначыла Наталля Качанава. — Паколькі бягучы год асаблівы, ён аб’яўлены Годам культуры, усіх чакаюць новыя цікавыя праекты і мерапрыемствы.

Так, па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алены Бабровай, для гасцей свята будзе арганізаваны экскурсійны маршрут “Александрыйская вандроўка” па асноўных творчых пляцоўках праекта. Галоўнай культурнай падзеяй свята стане гала-канцэрт “Купальская казка” з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады. Плануюцца паказальныя конна-спартыўныя выступленні, дэманстрацыйныя аэравыступленні, работа дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк, лазернае шоу і многае іншае.

Але і гэта, натуральна, не ўсё. Як адзначыла на тым жа выязным пасяджэнні міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, падчас свята “Купалле” ў Александрыі будзе дадзены старт урачыстасцям, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У павільёне “Друкарскi двор XVI стагоддзя” ўстановяць абсталяванне, зробленае па тагачасных чарцяжах, — друкарскі станок накшталт таго, на якім Францыск Скарына друкаваў свае кнігі. Кожны ахвотны зможа ўбачыць, як рабілася тады папера, як друкавалася кніга, і сваімі рукамі зрабіць афорт старонкі з Бібліі Францыска Скарыны.

— Гэта будзе добрая інтэрактыўная пляцоўка, задача якой яшчэ раз прыцягнуць увагу гасцей да вялікай культурнай спадчыны Беларусі, да таго, што наша краіна дала шмат славянскаму свету, — падкрэсліла Лілія Ананіч.

Як адзначыла міністр інфармацыі, на творчай пляцоўцы “Друкарскага двара” будуць прадстаўлены і кнігі класікаў беларускай літаратуры, якія складаюць гонар нацыянальнага кнігавыдання, а таксама творы сучасных пісьменнікаў.

— Канцэпцыяй свята прадугледжана работа “Горада сяброўства”, што прыме больш за 600 майстроў і які ўключае 3 святочныя вуліцы: Мінскую, Маскоўскую і Кіеўскую, — адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. — Таксама тут будзе працаваць творчая дэлегацыя з Літвы. Работа будзе арганізавана па прынцыпе кірмашовага дзеяння: гасцей сустрэнуць мабільныя групы аніматараў і музыкантаў. Усіх будуць частаваць салам, маласольнымі агуркамі, мёдам і, вядома, вясёлым народным гумарам, песнямі і прыпеўкамі.

На кожнай вуліцы таксама будуць размешчаны атракцыёны-фотаатэлье з каларытнымі роставымі фігурамі ў нацыянальных строях. Творчыя групы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх персанажаў будуць ствараць на гэтых міні-пляцоўках кірмашовую атмасферу. Таксама кожны ахвотны зможа прыняць удзел у тканні рэкорднага купальскага пояса, над якім цяпер працуюць народныя ўмельцы з 17 раёнаў Магілёўскай вобласці. Ягоная даўжыня на сёння перавысіла 70 метраў, а пасля свята і гэты рэкорд, натуральна, будзе пабіты…

Летась свята “Купалле” сабрала каля 70 тысяч гасцей. Як мяркуюць арганізатары, сёлета мерапрыемства наведаюць амаль 100 тысяч чалавек. Такім чынам, на думку намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай, свята “Купалле”, як частка падзейнага турызму, будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай культуры ў свеце.

— Такія творчыя, крэатыўныя праекты прыцягваюць да нашай краіны больш увагі і забяспечваюць рост патоку турыстаў, — адзначыла падчас выязнога пасяджэння віцэ-прэм’ер. — А нам насамрэч сёння ёсць што паказаць, чым ганарыцца. Нашы госці з задавальненнем адкрываюць для сябе новую Беларусь — гасцінную, мірную, чыстую і добраўпарадкаваную, з багатай самабытнай культурай і гісторыяй.

На думку Наталлі Качанавай, чым больш у краіне будзе цікавых творчых праектаў, чым больш маштабна яны будуць праводзіцца, тым больш іншаземцаў зможа даведацца пра Беларусь:

— Сёння наша краіна можа зарабляць не толькі на вытворчасці нейкіх тавараў, але яшчэ і на паслугах. У валавым унутраным прадукце паслугі сёння складаюць каля 50 працэнтаў, але мы маем патэнцыял для таго, каб на паслугах, у тым ліку турыстычных, зарабляць яшчэ больш.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"