22 — 23 чэрвеня ў Мінску — V УсебеларускІ народны сход

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г


Ад ідэнтычнасці да пераўтварэння

Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гады, якая будзе прынята пасля шырокага грамадскага абмеркавання на пятым Усебеларускім народным сходзе, уключаюць і шэраг момантаў, датычных развіцця культурнай галіны. “К” прывядзе некалькі фрагментаў гэтага дакумента, які быў цалкам апублікаваны ў цэнтральных СМІ краіны, а таксама на шэрагу вядучых інтэрнэт-рэсурсаў напярэдадні значнай падзеі ў грамадска-палітычным жыцці краіны.

Як зазначаецца ў дакуменце, галоўны вынік чацвёртай пяцігодкі (2011 — 2015 гады) — захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Нягледзячы на крызіс, які ўзнік у краінах-суседках, мы не толькі прадухілілі абвал, але і забяспечылі станоўчы рост эканомікі за пяцігоддзе. Больш за тое, па шэрагу напрамкаў нам удалося дамагчыся значных вынікаў.

Галоўная ж мэта развіцця краіны на 2016 — 2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. У 2020 годзе прырост да 2015 года складзе: ВУП — 12-15 працэнтаў; рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5 — 11,6 працэнта.

Для дасягнення гэтых ды іншых пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на наступных прыярытэтах. Інвестыцыі — гэта развіццё і рост эканомікі. Гэта не толькі грошы, але і найноўшы вопыт і тэхналогіі. Занятасць — гэта магчымасць кожнага грамадзяніна сваёй працай забяспечыць сябе і сваю сям’ю. Экспарт — аснова нашай адкрытай эканомікі, паступлення валюты ў краіну, прыбытку прадпрыемстваў, падаткаў у бюджэт. Інфарматызацыя — гэта наша канкурэнтаздольнасць у сучасным свеце. Моладзь — гэта галоўны патэнцыял дзяржавы і будучыні краіны.

Будзе захавана сацыяльная накіраванасць бюджэтных расходаў, а таксама павялічана доля выдаткаў на інавацыйнае развіццё. Сацыяльная палітыка дзяржавы будзе накіравана на забеспячэнне годнага ўзроўню і якасці жыцця беларускіх грамадзян, умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу.

Мэтай палітыкі даходаў насельніцтва з’яўляецца павышэнне рэальнага ўзроўню ўсіх відаў грашовых даходаў. Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Рэалізацыю пастаўленай задачы ў рэальным сектары эканомікі плануецца ажыццяўляць шляхам шырокага прымянення гібкіх сістэм аплаты працы, забеспячэння росту рэальнай заработнай платы, узаемазвязанага з ростам прадукцыйнасці працы.

Павышэнне заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый да ўзроўню, не ніжэйшага за 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы, у эканоміцы да 2020 года прадугледжваецца забяспечыць праз аптымізацыю функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Памер мінімальнай велічыні, што выкарыстоўваецца пры вылічэнні ставак (акладаў, службовых акладаў) работнікаў бюджэтнай сферы, будзе паэтапна набліжацца да бюджэту пражытковага мінімуму, у перспектыве — да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Развіццё нацыянальнай культуры будзе нацэлена на захаванне культурнай ідэнтычнасці беларускага народа, нацыянальных творчых традыцый, умацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў міжнароднай культурнай супольнасці.

Для больш шырокага выкарыстання патэнцыялу беларускага культурнага ландшафту і ўключэння яго ў турыстычны абарот прадугледжваецца стварэнне сучасных цэнтраў культуры і паслуг, заснаваных на мясцовых традыцыях і гісторыка-культурных каштоўнасцях.

Трэба будзе стварыць сістэму маніторынгу стану гісторыка-культурных каштоўнасцяў на пастаяннай аснове, што дазволіць даць аб’ектыўную ацэнку мастацкім і тэхнічным асаблівасцям аб’ектаў, для ўключэння іх у дасье, якое будзе прадстаўлена ў папярэднім спісе Сусветнай спадчыны UNESCO за 2016 — 2020 гады. Плануецца павялічыць долю адрэстаўраваных помнікаў архітэктуры і тых, якія маюць адпаведнае функцыянальнае выкарыстанне, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, з 15 працэнтаў у 2015 годзе да 30 працэнтаў у 2020 годзе.

Атрымае развіццё сістэма бесперапыннай мастацкай адукацыі, будзе аказвацца падтрымка таленавітай моладзі ў рэалізацыі творчых праектаў. Намечаныя меры дадуць магчымасць пашырыць доступ да культурных даброт для розных катэгорый насельніцтва.

Асновай развіцця транзітнай прывабнасці і стварэння індустрыі гасціннасці будзе павышэнне эфектыўнасці выкарыстання выгаднага геаграфічнага становішча краіны. Гасціннасць як комплексная форма абслугоўвання турыстаў будзе ахопліваць транспартную сферу, гасцінічны і рэстаранны бізнес, забаўляльную індустрыю. У сувязі з гэтым выхад на якасна новы ўзровень развіцця рынку турыстычных паслуг будзе забяспечаны праз: развіццё найбольш перспектыўных відаў турызму (культурна-пазнавальнага, медыцынскага, аздараўленчага, спартыўнага); паслабленне візавых патрабаванняў для ўязных турыстаў у мэтах прыцягнення большай колькасці замежных гасцей; павышэнне якасці абслугоўвання турыстаў на аснове ўкаранення міжнародных стандартаў; укараненне перадавых тэхналогій і інструментаў у сістэму прасоўвання турыстычных паслуг Беларусі на сусветным рынку; выкарыстанне механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства для ўключэння айчынных і замежных інвестараў у развіццё турыстычнай інфраструктуры.

Эканоміка ведаў — гэта новая, маладая эканоміка. Менавіта маладое пакаленне грамадзян Беларусі павінна сыграць вырашальную ролю ў пераходзе нашай краіны да інавацыйнага шляху развіцця. Будуць істотна пашыраныя меры падтрымкі таленавітай, адоранай моладзі. Сістэма гарантыі першага працоўнага месца для выпускнікоў будзе захавана і дапоўнена мерамі садзейнічання занятасці ў сферы малога і сярэдняга бізнесу. Будзе перафарматаваны дзейны кадравы рэзерв з уключэннем у яго перспектыўных маладых кіраўнікоў. Дзяржава падтрымае валанцёрскую дзейнасць у маладзёжным асяроддзі.

Асноўны прыярытэт маладзёжнай палітыкі застанецца нязменным — выхаванне ў маладога пакалення адданасці незалежнай Беларусі і любові да роднай зямлі.

У бягучай пяцігодцы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на скарачэнні міжрэгіянальных адрозненняў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва праз развіццё сацыяльнай інфраструктуры, паступовае павышэнне і выраўноўванне сацыяльных стандартаў. За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў на ключавых кірунках, здольных забяспечыць максімальнае развіццё тэрыторый, эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг будуць сфарміраваны цэнтры эканамічнага росту, дзе будуць сканцэнтраваны сучасныя вытворчыя структуры, аб’екты інжынерна-тэхнічнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Асаблівую ўвагу плануецца надаць прымяненню механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Развіццё інфраструктуры ва ўзаемасувязі з размяшчэннем вытворчасцяў дасць магчымасць забяспечыць развіццё тэрыторый са складаным эканамічным становішчам, скараціць разрыў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва ў гарадах розных катэгорый і сельскай мясцовасці.

У пятай пяцігодцы мы спынім падзенне і вернем рост эканомікі. Акрамя дасягнення базавых мэт (рост ВУП, рэальных даходаў, працягласці жыцця) мы зробім самае галоўнае — закладзём падмурак новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг.

Мы пераўтворым нашу родную зямлю, робячы яе ўтульнай і квітнеючай. Такой мы бачым Беларусь праз пяць гадоў — у 2020 годзе. Такой яна абавязкова стане. Усё ў нашых руках!

 

Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, адказваючы на пытанні прэсы, акрэсліў найбольш актуальныя кірункі сферы культуры, якія будуць вынесены на V Усебеларускі народны сход, перадае БелТА.

Па словах Барыса Святлова, важна ствараць такія ўмовы, каб сфера культуры больш актыўна зарабляла самастойна, тым самым можна палегчыць нагрузку, якая ляжыць на дзяржаве па фінансаванні сферы. “Усю культуру аддаць на самаакупнасць немагчыма, — адзначыў міністр. — Высокую, акадэмічную культуру трэба падтрымліваць. У той частцы, якая тычыцца менавіта нейкіх узораў культуры, павінна быць поўная падтрымка дзяржавы, у астатнім — максімальна зрабіць так, каб нашы ўстановы культуры сталі зарабляць грошы “.

На V Усебеларускім народным сходзе, па словах міністра, будуць закрануты такія напрамкі, як прафесійнае мастацтва, народная творчасць і падрыхтоўка кадраў у сферы культуры. Плануецца падвесці вынікі мінулай пяцігодкі. У прыватнасці, плануецца разгледзець вынікі рэалізацыі дзяржпраграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады.

Ірына ДАРАФЕЕВА, заслужаная артыстка  Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

— На Пяты Усебеларускі сход збіраюся з самым пазітыўным настроем. Прыемна, што мне выпаў такі гонар — і адначасова адказнасць, бо ва ўсіх нас ёсць свае надзеі на гэты самы, бадай, галоўны форум у жыцці краіны. Спадзяюся, што частка пытанняў, закранутых на ім у цяперашні Год культуры, будзе тычыцца сферы мастацтва. Хацелася б, калі надасца такая магчымасць, агучыць і свае думкі на гэты конт.

Колішняе дзяржаўнае рашэнне аб 75-ці адсотках беларускай музыкі ў эфіры дало творчы ўсплёск, на гэтай хвалі з’явілася нямала папулярных сёння, а тады зусім новых аўтараў і калектываў. З цягам часу суадносіны “наша — замежнае” змяніліся, і моладзь зноў, нават маючы перамогі ў конкурсах і тэлешоу, багаты рэпертуар і запісаныя кампакт-дыскі, не можа прабіцца на вялікую сцэну, якой стаўся тэлеэкран. Другая праблема непасрэдна звязана з БДУКіМ, дзе я ўзначальваю кафедру мастацтва эстрады. У нашай навучальнай установы, як ні дзіўна, няма ўласнай тэатральна-канцэртнай залы. Так, мы ладзім выступленні на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады, у Музычным тэатры паставілі мюзікл “Дуброўскі”, які стаў рэпертуарным, зараз рыхтуем новую прэм’еру — “Казанова” ўсё таго ж Кіма Брэйтбурга. Але ўсё гэта — у арандаваных залах. Ці ж не парадокс?..

Ганна КОНАНАВА, старшы выкладчык кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства

— Міжнародны прэстыж нацыі стварае творчая эліта. На сёння работа дзяржавы па выхаванні і падтрымцы творчай інтэлігенцыі знаходзіцца на годнай вышыні. І ўтрымліваецца гэтая планка праз штодзённы маніторынг варункаў крэатыўнай дзейнасці. Па-за ўвагай не застаюцца і прыватныя моманты забеспячэння творчых працэсаў. Бо калі ўкладзены сур’ёзныя сродкі ў прафесійную адукацыю маладога спецыяліста, але пры гэтым адсутнічаюць умовы для рэалізацыі атрыманых ведаў і навыкаў — грошы, лічы, змарнаваныя. Архітэктару, мастаку неабходная майстэрня; акцёру, музыканту, танцору — сцэна, кінааператару — тэхнічны рыштунак і гэтак далей. І калі з адукацыяй усё добра, але ў паслядыпломным жыцці ўзнікаюць праблемы, напрацаваны ў час навучання творчы патэнцыял можа застацца незадзейнічаным у культурным працэсе. Праз гэта выяўляецца небяспека ўзнікнення фінансавых дзірак і міграцыі спецыялістаў культуры.

Пытанне, на якое варта звярнуць увагу, — гэта захаванне ўжо існуючай матэрыяльнай базы сістэмы мастацкай, музычнай, тэатральнай адукацыі і давядзенне яе да сусветных стандартаў. Важна здзейсніць удумлівае, ашчаднае ўкараненне Балонскага працэсу ў сістэму нашай адукацыі, узяць толькі лепшае. Бо, як кажуць, “прышчэпка” мусіць умацаваць кроў, але не змяніць генетычны код.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"