Фота з прэзентацыі знака (© Александр Ревяко) / http://www.slideshare.net/anatolnovikau/ss-48866881
Агулам на сёння такія знакі ўсталяваны больш як у 50 гарадах, пераважна расійскіх. Акрамя таго створана мноства варыяцый — гэта знакі, побач з якімі “ўсміхаюцца”, “тэлефануюць маці”, “загадваюць жаданні”, “прызначаюць спатканні”, “здымаюцца без штаноў” нават. Ідэя пайшла ў народ і народу спадабалася. Былі выпадкі, калі вулічныя вандалы псавалі ці ламалі такія знакі, але іх заўжды аднаўлялі па патрабаванні грамады, якая да згаданага “прыкола” прызвычаілася і ўспрымае яго як мясцовую адметнасць. Справа ў тым, што слуп з такім тэкстам можна паставіць як у чыстым полі, так і пасярод дэпрэсіўнай забудовы спальнага раёна.
Просьбу паставіць ромб з адпаведным надпісам на адной з вуліц накіравалі і ў Мінгарвыканкам. Ініцыятары абяцалі, што грошай на гэта яны прасіць не будуць, усё зробяць за свой кошт. Ім не тое каб адмовілі, але і не дазволілі. Адказ не надта ўцямны, але па сэнсе атрымліваецца, што, маўляў, у Мінску і так ёсць аб’екты, побач з якімі мінчане і госці фатаграфуюцца.
Я з павагай стаўлюся да грамадскай ініцыятывы, але ў дадзеным выпадку я на баку сталічнай улады. Добра, каб ідэя для Мінска была вартай. Скажыце, аднак, што добрага, калі ў нашай сталіцы з’явіцца чарговы клон лебедзеўскага прыколу? Нават калі гэту бляшаную шыльду лічыць арт-аб’ектам, дык Мінск паводле свайго статусу мусіць мець арт-аб’екты выключна ўнікальныя.
А між тым, нават інфармацыйная шыльда можа пры пэўных умовах быць арт-аб’ектам. У вёску Парыж, што на Пастаўшчыне, людзі спецыяльна прыязджаюць, каб сфатаграфавацца побач з дарожным указальнікам “Парыж”. А шыльда з надпісам “Парыжскі сельскі дом культуры” ўвогуле пакідае іх у трансе. І нічога прыдумляць не трэба.
Сам я хацеў бы, каб у Мінску, у цэнтральнай частцы горада, з’явілася па-мастацку аздобленая шыльда з цытатай з кнігі “Тропік Рака” класіка літаратуры ХХ стагоддзя Генры Мілера: “Парыж — гэта эстрада, сцэна, што верціцца. І глядач можа бачыць спектакль з любога кута. Але Парыж не піша і не стварае драм. Яны пачынаюцца ў іншых месцах. Кожны, хто гайдаецца ў парыжскай люльцы, можа марыць пра свой Берлін, Нью-Ёрк, Чыкага, Вену, Мінск”. Побач з гэтым тэкстам на асноўных мовах свету, у тым ліку на беларускай, турысты і мінчане будуць фатаграфавацца і без напаміну. Бо марыць пра Мінск у Парыжы — крута! А чаму не? Атрымалася жа ў Шагала на Лазурным узбярэжжы па Віцебску сумаваць...
Фота Юрыя ІВАНОВА