Дзе паказацца тэатрам?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Ірына ЖЫЛАЧ, педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 49 горада Мінска, кіраўнік тэатра-студыі “Крыштальны шар”
Як не хапае фестывальнага руху для дзяцей! У Беларусі безліч аматарскіх студый пры дамах культуры, палацах творчасці, школах і ДШМ, але дзе калектывам паказвацца, а іх кіраўнікам набірацца вопыту?

/i/content/pi/cult/591/13142/5-2.jpgАматарскім дзіцячым тэатрам я займаюся 35 гадоў. Пачынала з Салігорска: у мой час у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі дзейнічала пяць тэатральных калектываў! Аднойчы да нас завіталі Васіль і Ала Каткаўцы з Любані і распавялі пра ідэю: стварыць тэатральны фестываль для дзяцей. У Беларусі на той час нічога падобнага не існавала. Так я стала адным з родапачынальнікаў вядомага сёння адкрытага абласнога фестывалю тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, які праходзіць раз на два гады на Любаншчыне.

Якое гэта было шчасце! Але колькі такіх тэатральных крыніц зараз існуе ў нашай краіне? Можна палічыць па пальцах. Летась ладзіўся юбілейны дзясяты “Чароўны куфэрак”. У красавіку ў Баранавічах прайшоў VI Міжнародны фестываль-семінар юнацкіх і маладзёжных аматарскіх тэатраў “Паралельныя міры”. На жаль, сышоў у нябыт легендарны Міжнародны фестываль “Крок у неба” (яго ідэйны натхняльнік, кіраўнік тэатра для дзяцей “Ронд” Ірына Маркава занялася дзіцячай кінашколай “Сінема”)… Раз на два гады ў сталіцы праводзіцца гарадскі фестываль, але на яго накіроўваецца адзін калектыў з раёна. А ў Мінску каля 300 дзіцячых тэатральных студый! Гэту лічбу я добра ведаю, бо калісьці працавала галоўным рэжысёрам Цэнтра народнай творчасці ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. Таму вялікі дзякуй Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, што яны ўвесну правялі тэматычны фестываль для школьных студый.

Часам чую, што не ўсе пастаноўкі, прывезеныя на тэматычныя форумы, маюць добры ўзровень… Тут усё ідзе ад густу і вопыту рэжысёра. Ды і ў айчынных профільных установах сярэдняй і вышэйшай адукацыі не выкладаюць, як працаваць рэжысёру з дзецьмі. А ёсць свая спецыфіка, шмат нюансаў… Вось я: скончыла каледж, потым Універсітэт культуры і мастацтваў, але тонкасці працы са школьнікамі спазнала, назіраючы, як рэпеціруюць калегі. Бадай усяму, што я ўмею, навучылася, пераймаючы вопыт.

Зараз іншая бяда: усё менш людзей з профільным дыпломам хоча ісці ў аматарскія калектывы… Заробак не самы вялікі, ды і школы, як ні шкада, глядзяць на нас як бы зверху ўніз. Для іх тэатральны гурток не самае галоўнае ў сістэме адукацыі. Бывае, пры адсутнасці дыпламаванага рэжысёра, тэатральным калектывам могуць “нагрузіць” настаўнікаў-прадметнікаў. Дэкарацыі, касцюмы, фанаграму — усё робіш за свой кошт, школа ні капейкі не выдаткоўвае. Магчыма, у фінансавым плане сітуацыю можна змяніць, калі студыя займее вызначаны статус. Напрыклад, калі мой колішні салігорскі калектыў “Вітамін-Т” атрымаў званне ўзорнага, установа культуры адразу пачала садзейнічаць нашым паездкам на фестывалі, прынамсі, выдаткоўвалі грошы, каб пашыць касцюмы ў атэлье.

Майму сённяшняму тэатру-студыі “Крыштальны шар” толькі тры гады. Бачу, што дзеці гатовыя прэтэндаваць на статус узорнага калектыву. Але ці патрэбна тое?.. Хіба для таго, каб на цябе прыходзілі глядзець прафесіяналы (раз на тры гады для пацвярджэння статусу ў аматарскую студыю накіроўваецца спецыяльная камісія).

За 35 гадоў змяніліся і дзеці: сталі не такімі закамплексаванымі, як раней, больш валодаюць інфармацыяй. Раней была праблема з хлопчыкамі. Зараз на сцэне іх столькі ж, як і юных актрыс. Калі я набірала тэатральныя класы, іх нават было болей за дзяўчынак! Наша справа ніколі не згасне! Школьнікам не хапае жывога слова, сапраўдных эмоцый. Можа таму, як да мяне ў студыю прыходзяць у верасні, так цягам года амаль стопрацэнтна застаюцца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"