Вяліся і афіцыйныя перамовы. Была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў наступным годзе Дзён культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі, прысвечаных 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ праз год, да 65-годдзя Вялікай Перамогі, адбудуцца мерапрыемствы ў адказ — Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. Гэтае супрацоўніцтва мае глыбінныя карані. Плёнам у галіне сумеснага кнігадрукавання стаўся нядаўні фаліянт “Беларусы ў Санкт-Пецярбургу”, які падвынікоўвае той вялізны ўнёсак, што зрабілі ўраджэнцы нашай краіны ў развіццё культуры Санкт-Пецярбурга і, шырэй, — Расіі. Сапраўды, сяброўства і, адпаведна, супрацоўніцтва з Расіяй, краінамі Балтыі заўсёды было для нас натуральным працягам гістарычных сувязей. У гэтых рэгіёнах і зараз жыве шмат беларусаў. Тым больш важна аднавіць некаторыя перарваныя стасункі, і шмат для гэтага ўжо зроблена. Дні культуры Беларусі неаднаразова праходзілі ў Петразаводску, падпісаны дамовы з філармоніямі Латвіі, Літвы, Эстоніі. І выхад акцыі “Мы — беларусы!” на замежную арбіту можа лічыцца яшчэ адным крокам у гэтым напрамку. Бо такія выступленні (а мы намагаемся рабіць іх разнастайнымі, плануем запрашаць і маладыя калектывы) дэманструюць папраўдзе высокі еўрапейскі ўзровень нашай самабытнай культуры.
— Два аддзяленні па дзве гадзіны, — падзялілася ўражаннямі рэжысёр Ніна Осіпава, — праляцелі, бы адно імгненне. Ужо ў фае публіку вітала “Свята”. Ірыне Дарафеевай, ледзь толькі заспявала, сталі крычаць “Брава!”. На “Харошак” паглядзець яшчэ пад час рэпетыцыі збегліся ўсе супрацоўнікі залы на чале з галоўным рэжысёрам. “Сяброў”, якія выступалі апошнімі, увогуле не адпускалі са сцэны. Ужо і тэхнічныя службы жаліцца пачалі: маўляў, масты развядуць, мы дамоў не трапім. А публіка просіць яшчэ ды яшчэ.
— Наш ансамбль, — дадаў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, — і раней выступаў у гэтай зале з сольнымі канцэртамі. Гэтым разам мы адчулі, як нас чакаюць, ужо ў цягніку. Пад’язджаем да вакзала, а там стаіць моладзь з транспарантамі, нас сустракаюць, бы нацыянальных герояў.
— У гэтым горадзе, — заўважыла заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, — неверагодная энергетыка, якая перадалася нам і праз публіку, і праз саму культурную ауру. Вялікі дзякуй ад усіх нас за экскурсію! У тым жа Эрмітажы мне ўдалося на многае паглядзець іншымі вачыма.
— Мы вельмі ўдзячны таксама, — працягнуў музычны кіраўнік “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў, — за магчымасць працаваць “жывым гукам”. У падобных гала-канцэртах, дзе салісты і калектывы імкліва змяняюць адно аднаго, гэта бывае складана ажыццявіць хаця б па тэхнічных прычынах. Але тут тэхнічны персанал канцэртнай залы прыклаў усе намаганні, і атрымалася — як належыць. Адчуўшы захапленне публікі, мы ганарыліся тым, што мы — беларусы!
— Ад такой колькасці ўвагі і цёплых слоў, — расчуліўся лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, — можна было ажно разгубіцца. Асабліва калі знаныя дзеячы расійскай культуры прыходзяць да нас пасля канцэрта за кулісы і ўзрушана гавораць: “Малайчына, геній!”
— Гэтая паездка, — вобразна, як заўсёды, выказалася народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, — запомнілася як адна з самых сонечных. Нягледзячы на дождж са снегам! Бо тое адчуванне сонца падарылі нам гаспадары сваім цёплым прыёмам.
— Хаця самі яны падкрэслівалі, — да размовы далучыўся народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, — што гэта беларусы растапілі лёд у паўночнай сталіцы. Мы з Ядзяй даволі частыя госці ў Санкт-Пецярбургу. І да гэтай сустрэчы падрыхтавалі сюрпрыз — знакамітую “Малінаўку” ў новай версіі, сумесна з жаночай расійскай групай “Пальчыкі”. Апошнім жа разам мы былі ў гэтым горадзе напрыканцы сакавіка, калі ўдзельнічалі ў расійскай прэм’еры мюзікла “Прарок”. Дарэчы, тры чвэрці ўдзельнікаў гэтага сумеснага праекта — беларусы. Можна толькі ганарыцца, што ў нас столькі талентаў! І ведаць пра іх павінен увесь свет.
Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ