Рэзюме аргкамітэта

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Пра вынікі майстар-класаў для беларускіх і расійскіх юных музыкантаў мы папрасілі расказаць арганізатараў падзеі.

 /i/content/pi/cult/158/1313/Rezume.jpg

Пад час прэс-канферэнцыі ў РІА ”Новости” (злева направа): Міхаіл ШВЫДКОЙ, кіраўнік Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расіі; Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь; Сяргей ШУХНО, намеснік Дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Досвед, напрацоўкі і перспектывы культурнай дзейнасці ў Саюзнай дзяржаве з пункта погляду беларусаў і расіян. Адзначым, што арганізатарамі майстар-класаў выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аўтаномная некамерцыйная арганізацыя “Міжнародны культурны цэнтр”, а таксама Цэнтр па працы з таленавітай моладдзю Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.Сяргей ШУХНО, намеснік Дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы:

— Больш за 70 значных мерапрыемстваў у сферы культуры прафінансавана Пастаянным камітэтам за дванаццаць гадоў існавання Саюзнай дзяржавы.

У 2004-м упершыню быў праведзены Год культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі, а 2005-ы стаўся Годам культуры Расіі ў Рэспубліцы Беларусь.

У апошні час дыялог культур нашых краін прыкметна ажывіўся. Дзякуючы фінансаванню Саюзнай дзяржавы, усталяваны помнік выдатнаму Песняру Янку Купалу ў Маскве. Разам з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь працуем над новымі праектамі — стварэннем помнікаў у Полацку і Смаргоні: першы з іх будзе прысвечаны памяці рускіх воінаў, якія перамаглі ў Айчыннай вайне 1812 года, а другі — тым, хто загінуў у час Першай сусветнай вайны.

Летам 2008 года на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Прэмія Саюзнай дзяржавы будзе ўручана народным артыстам Беларусі Міхаілу Фінбергу і Уладзіміру Гасцюхіну, а таксама народнаму артысту Расіі рэжысёру Сяргею Арцыбашаву. Ужо больш за 10 гадоў Саюзная дзяржава падтрымлівае гэты міжнародны творчы форум. І такім чынам фарміруецца высокі аўтарытэт славянскай культуры ва ўсім свеце.

Самая вялікая ўвага надаецца намі прыярытэтным напрамкам у развіцці Саюзнай дзяржавы. Паступова расце яе бюджэт. Ад Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расіі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на 2009 год пададзена заявак на суму 153 мільёны расійскіх рублёў. Спадзяёмся, што здолеем адстаяць усе бюджэтныя заяўкі, і яны будуць зацверджаны.

Дзякуючы фінансаванню і падтрымцы Саюзнай дзяржавы майстар-класы для таленавітых юнакоў і дзяўчат у нас ладзяцца штогод па розных накірунках і відах мастацтва. Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр утвораны на аснове гэтых самых музычных майстар-класаў. Ідэя яго належыць Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. Потым яна была ўхвалена і падтрымана Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Думаю, што Саюзная дзяржава і надалей будзе падтрымліваць маладыя таленты і ўсяляк спрыяць іх развіццю.

Міхаіл ШВЫДКОЙ, кіраўнік Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расіі:

— Нягледзячы на тое, што Расія і Беларусь — розныя дзяржавы, але адна без адной мы не можам існаваць. Найперш, у духоўным сэнсе: ёсць фундаментальныя, базавыя каштоўнасці, якія нас звязваюць, агульныя гістарычныя карані і агульныя трагедыі...

Апошнія 15 гадоў мы паслядоўна займаемся праблемай маладзёжных кантактаў, якая па-ранейшаму вострая для постсавецкай прасторы. Першы сумесны аркестр, які ўзнік шмат гадоў таму, быў расійска-амерыканскі, два гады таму быў паспяхова створаны расійска-польскі сімфанічны аркестр, у чэрвені 2008 года ў Бруселі мы прэзентуем Славянскі маладзёжны сімфанічны аркестр, які аб’ядноўвае музыкантаў са славянскіх краін Еўропы.

Сумесныя аркестры — гэта вельмі зручная форма сумеснай творчасці. Ноты ў розных краінах аднолькавыя, праграмы навучальных устаноў — блізкія альбо вельмі падобныя. Да ўсяго, такія калектывы — гэта яшчэ і вельмі перспектыўная форма творчых кантактаў. Вельмі важна, што маладым людзям дзвюх краін мы прапануем разнастайныя сумесныя праекты. І неацэнную ролю ў гэтым адыгрывае выканкам Саюзнай дзяржавы...

Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь:

— Розныя былі часы, і здаралася, што некаторыя праекты ажыццяўляліся выключна дзякуючы ініцыятыве. З дапамогай (альбо дзякуючы падтрымцы) Саюзнай дзяржавы ажыццяўляць праграмы ў галіне навукі, культуры, адукацыі непараўнальна лягчэй: вопыт, назапашаны ў адной краіне, можа распаўсюджвацца ў другой.

Чым адрозніваецца наш аркестр ад расійска-амерыканскага ці брусельскага? Якасцю выканання і віртуознасцю. Юныя музыканты з маскоўскай ЦМШ і з нашага каледжа — гэта самыя таленавітыя дзеці. Яны “залаты” запас, генетычны фонд нацыі. Заканчваючы навучанне ў кансерваторыі, яны аказваюцца на першых ролях у самых розных аркестрах свету.

Трэба абавязкова падумаць пра далейшае творчае развіццё Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра. Чаму б не паказаць гэтых яркіх музыкантаў у Варшаве, Бруселі, Берліне, Парыжы, Лондане, каб усе ўбачылі галоўную каштоўнасць народаў Расіі і Беларусі?

Лепшай дыпламатыі нам і не прыдумаць!