Хто выжывае ў культуры?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Так “фестываляць” за мяжой: адваяваць сваю “дзялянку”
Рынак дыктуе свае ўмовы не толькі ў эканоміцы, але і ў сферы культуры. У Беларусі абвяшчаюцца тэндары на правядзенне фестываляў, прыватныя арганізацыі ствараюць рэальную канкурэнцыю работнікам культуры сваімі “пеннымі” дыскатэкамі ды фэстамі фарбаў ці рок-н-ролу, а іншыя крэатыўныя людзі, доўга не разважаючы, набываюць дзіцячыя электрамабілі і паветраныя горкі ды зарабляюць сабе “капейчыну” на аказанні культурных і забаўляльных паслуг наўпрост каля крамаў ды ў гарадскіх парках.

/i/content/pi/cult/591/13129/12-1.jpgАд Пінска да Калугі

І гэта тычыцца не толькі нашай краіны. У суседняй Расіі, у Бранску, сёння зладзіць рэгіянальны ці міжрэгіянальны фэст за бюджэтныя грошы — таксама задачка не з простых. Бо і ў расіян рублёў на гэта не так ужо і багата. Ёсць, як і ў Беларусі, прыватнікі, здольныя “перахапіць” арганізацыю той або іншай культурнай імпрэзы ў работнікаў культуры. Якім жа чынам тут зацікаўліваюць сваімі імпрэзамі, як здабываюць фінансаванне пад свае праекты і ці распаўсюджана ў суседзяў спонсарства ды мецэнацтва?

Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні я спрабаваў адшукаць падчас імпрэз IV Міжрэгіянальнага фестывалю фальклорных калектываў “Дзяснянскі карагод”, які з 10 па 12 чэрвеня прайшоў у горадзе Жукаўка Бранскага раёна і ў самім абласным цэнтры. На маштабным фальклорным форуме былі прадстаўлены калектывы з Ніжняга Ноўгарада і Курска, Калугі і Варонежа, Санкт-Пецярбурга і Бранска… Усяго ж на фэст прыехала 22 самабытныя калектывы з сямі рэгіёнаў Расіі. Удзел у святочных імпрэзах узялі і беларусы: нашу краіну на фестывалі прадстаўляў народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Чабатухі” з вёскі Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Пра пінскі калектыў “К” ужо неаднойчы пісала. Нагадаю толькі, што названы ансамбль складаецца з пяці чалавек, якія спяваюць народныя песні свайго сяла. Да слова, сёння, як, скажам, і пяць гадоў таму, пінскія артысты запатрабаваны: выступаюць на фальклорных імпрэзах як у Беларусі, так і ў Польшчы, Расіі ды Літве. Ды і на “Дзяснянскі карагод” яны прыехалі не ўпершыню: пабывалі тут у 2014-м і настолькі скарылі мясцовую публіку, што арганізатары проста не маглі не запрасіць пінчукоў яшчэ раз...

Фэст на продаж

Але вярнуся да грашовых справаў. Як кажа дырэктар Ржаніцкага сельскага дома культуры Жукаўскага раёна Бранскай вобласці, кіраўнік народнага сямейнага фальклорнага ансамбля “Гарошыны” і галоўны арганізатар “Дзяснянскага карагоду” Іван Булаткін, фінансаванне фэсту адбываецца з некалькіх крыніц.

— У першую чаргу, гэта грошы Міністэрства культуры краіны і абласных уладаў, дэпартамента культуры Бранскай вобласці, — адзначыў “К” суразмоўца. — Таксама дапамагае нам абласны метадычны цэнтр “Народная творчасць” і адміністрацыя Жукаўскага раёна. Акрамя таго, з намі плённа супрацоўнічаюць спонсары як раённага, так і абласнога ўзроўню. Так што сёння асаблівых праблем з грашыма ў нас няма.

Але раней усё было не так. Першы фэст, які ладзіўся сіламі работнікаў устаноў культуры Жукаўскага раёна, прайшоў з удзелам усяго чатырох калектываў. Тады арганізатарам давялося доўга памучыцца, каб, што называецца, “прабіць” імпрэзу і зацікавіць ёй раённыя ды абласныя ўлады...

— Колькі я тады пісаў лістоў у розныя арганізацыі, каб наш фэст фінансава падтрымалі, колькі паабіваў парогаў у муніцыпалітэце, — згадвае візаві. — Дамаўляўся з адміністрацыямі тых сёлаў, дзе планавалася ладзіць фальклорныя мерапрыемствы, пра жыллё, харчаванне, пра падвоз удзельнікаў… Усяго і не прыгадаеш. Але ж усё-такі дабіўся!

Першы фэст, які прайшоў у 2011 годзе, быў, фактычна, дадаткам да другой культурнай дзеі — Усерасійскага свята “Сярэбраная ліра”, прысвечанага творчасці Аляксея Талстога, якое адбылося ў сяле Чырвоны Рог Почапскага раёна Браншчыны ў сядзібе графа. Акрамя таго, фальклорныя дзеі прайшлі тады ў Жукаўцы і ў сяле Грышына Слабада. Другі фэст таксама дзяліў “дзялянку” з іншай імпрэзай — з 51 Усерасійскім Цютчаўскім святам паэзіі, што прайшло ў Мемарыяльным музеі-сядзібе Фёдара Цютчава ў вёсцы Оўстуг на Браншчыне, а пасля працягвалася ў Латышах Жукаўскага раёна ды ў той жа Жукаўцы.

— І толькі пасля таго, як усе ўбачылі, якую цікавасць выклікае “Дзяснянскі карагод”, трэці фэст, што прайшоў у 2014 годзе, атрымаў падтрымку ад Міністэрства культуры Расіі, — кажа Іван Булаткін. — Але і сёлета я крыху хваляваўся, калі падаваў заяўку на правядзенне чацвёртага фальклорнага форуму: раптам нам адмовяць, часы ж зараз, як кажуць, не надта спрыяльныя ў эканамічным плане... Але, на шчасце, мяне падтрымалі: наш фэст, лічу, стаўся ўжо “візітоўкай” бранскай зямлі…

Хто ведае, мо з цягам часу названы фэст стане міжнародным? У кулуарах форуму і са сцэны пра гэта прамаўлялася не аднойчы…

Спонсары ў стылі інкогніта

— Фінансавыя памочнікі фэсту — кіраўнікі раённых ды абласных прадпрыемстваў і арганізацый, — кажа дырэктар абласнога метадцэнтра “Народная творчасць” Вікторыя Ешчанка. — Але яны часта просяць не згадваць пра іхнюю дапамогу ні падчас імпрэзаў, ні ў інфармацыйных буклетах ды ў Інтэрнэце. Мяркую, тое не боязь, а пэўная сарамлівасць, маўляў, ну што я такога зрабіў. Між тым ведаю: многія з фундатараў “Дзяснянскага карагоду”— прыхільнікі народнай творчасці, улюбёныя ў народную песню.

Не сакрэт, што падобнае, так бы мовіць, “інкогніта” часам сустракаецца і ў Беларусі. Улюбёныя яны ў народныя спевы ці не, гадаць не бяруся, але тое, што гэтыя людзі не вельмі любяць, каб іх згадвалі ў якасці мецэнатаў культурнай дзеі, — факт. Чаму так адбываецца — тэма для іншага артыкула. Але заўважу: актыўны выхад гэтых людзей “з ценю” — справа ўжо, мабыць, не столькі работнікаў культуры, колькі падатковых органаў...

Дарэчы, менавіта за грошы “невядомых” спонсараў Іван Булаткін выдаў некалькі дыскаў, на якіх можна паслухаць рэпертуар ягонага народнага сямейнага фальклорнага ансамбля “Гарошыны”. Яшчэ адзін CD — “Традыцыйная культура Жукаўскага раёна Бранскай вобласці”, дзе можна пачуць песні ў тым ліку і на чыстай беларускай мове, — быў выдадзены ўжо канкрэтнымі асобамі на сродкі гранта Прэзідэнта Расіі.

Як бачна, ідэя Івана Булаткіна прыйшлася “да густу” далёка не адразу. Таму галоўная выснова з майго трохдзённага “кватаравання” на Браншчыне такая: важна не толькі прыдумаць, але і ўмець “прабіць” сваю задумку, увасобіць яе ў жыццё, урэчаісніць, хай сабе і паступова, нават у “тандэме” з іншымі мерапрыемствамі і культурнымі акцыямі. Важкая, патрэбная ідэя заўсёды знойдзе шлях да развіцця, да росту, паступова ператворыцца ў галоўную, асноўную, здолее стаць мэйнстрымам. А слабая і кволая ідэя, натуральна, з цягам часу проста памрэ. Бо, як я ўжо казаў напачатку артыкула, законы рынку што ў эканоміцы, што ў культуры — аднолькавыя, і выжывае тут толькі самы моцны і самы крэатыўны.

Мінск — Бранск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"