Уверцюра для Маладзёжнага

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Як ужо паведамляла “Культура”, з 26 сакавіка па 2 красавіка ў Маскве прайшлі майстар-класы для моладзі з мастацкіх навучальных устаноў Расіі і Беларусі, якія ладзіліся ў межах праграмы “Саюзная дзяржава — маладым талентам ХХІ стагоддзя”. Разам з юнымі музыкантамі выправіўся ў Маскву і наш карэспандэнт.

Дом, дзе вучылася Цвятаева

Для любой творчасці неабходны ўмовы. Юным беларускім музыкантам у расійскай сталіцы яны былі створаны ці не найлепшыя.

Жылі мы ў старой, гістарычнай частцы Масквы — паміж Крамлём і Арбатам: 10 хвілін пешшу — і ты на Манежнай плошчы каля Аляксандраўскага саду, 10 хвілін у другі бок і побач Маскоўская кансерваторыя і Арбацкая плошча. Будынак Цэнтральнай музычнай школы Масквы, дзе ладзіліся майстар-класы і рэпетыцыі аркестра, знаходзіцца ў Малым Кіслоўскім завулку, а інтэрнат, дзе жылі дзеці і дарослыя, — у Вялікім Кіслоўскім. Паміж імі— 5 хвілін хады. Таму магчымасць не сутыкацца з суцэльнымі аўтамабільнымі “пробкамі”— невырашальнай бядой сучаснай Масквы — эканоміла шмат часу і нерваў.

Пра інтэрнат варта сказаць асобна. Гэта гістарычны будынак, былы асабняк вядомага рускага драматурга А.Сухава-Кабыліна. Пазней у гэтым жа доме знаходзілася гімназія, у якой вучылася М.Цвятаева. Калі будынак аддалі інтэрнату, тут жылі многія славутыя ў будучым музыканты Расіі і ўсяго свету. Так што вялікія цені яшчэ і цяпер блукаюць па гэтых памяшканнях. Пакоі ў інтэрнаце часам нават цесныя (стаяць па 4 і па 5 ложкаў), бо жыве тут больш за 100 дзяцей. Але высокая столь ды ў кожным пакоі — фартэпіяна для заняткаў.

 /i/content/pi/cult/158/1312/Uvercura.jpg
Па два майстар-класы і ноты цягніком

Кожны юны музыкант меў магчымасць двойчы наведаць майстар-класы і пазаймацца з педагогамі ЦМШ. Калі ўлічыць, што многія з іх з’яўляюцца адначасова і выкладчыкамі кансерваторыі, — каштоўнасць такіх урокаў значна ўзрастала. Трапіць на кансультацыі да прафесіяналаў высокага ўзроўню не проста, бо каштуюць такія заняткі немалыя грошы. Але тут усе выдаткі былі аплачаны арганізатарамі акцыі: толькі прыходзь, займайся, слухай, пытайся, запамінай!

З першага ж дня пачаліся і аркестравыя рэпетыцыі ў канцэртнай зале ЦМШ, якімі кіраваў дырыжор (адначасова — дырэктар ЦМШ) Аляксандр Якупаў. Апісваць залу не варта — трэба ўбачыць яе на свае вочы або (хаця б!) на фотаздымку.

Канцэрт сумеснага аркестра — гэта заўсёды прыгажосць гучання, якую прыемна і ўсцешна слухаць. Але сур’ёзнага мастацкага выніку немагчыма дасягнуць за тры рэпетыцыі, бо за ім мусіць стаяць немалы арганізацыйны клопат. Ноты беларускія ў Маскву, а ноты расійскія ў Мінск перасылаліся калі факсам, калі цягніком. Потым рабіліся копіі і развучваліся творы. Сур’ёзную падрыхтоўчую працу правёў з нашымі аркестрантамі яшчэ ў Мінску выкладчык і дырыжор гімназіі-каледжа Яўген Асновіч.

ЦМШ — прэстыжная навучальная ўстанова, дзе вучацца надзвычай таленавітыя дзеці. Але ж і нашы аркестранты не лыкам шытыя! Сярод іх шмат лаўрэатаў прэстыжных міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Згадаем хаця б Уладу Беражную, Сяргея Белазерцава, Івана і Настассю Карызнаў, Наталлю Сухадолаву — усе яны маюць немалы вопыт сольнага і аркестравага музіцыравання на прэстыжных канцэртных пляцоўках Беларусі і Заходняй Еўропы.

Найперш гэты досвед атрыманы ў складзе камернага аркестра пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Перліна. Паказальны і такі факт: выканаўчы ўзровень аднаго з удзельнікаў майстар-класаў Івана Карызны быў у свой час высока ацэнены маэстра Уладзімірам Співаковым, які падарыў яму віяланчэль. Вядомы дырыжор час ад часу запрашае Івана ўдзельнічаць у сваіх канцэртах.

Глінка, Чайкоўскі, Глебаў і... Гершвін

Праграма, якую рыхтаваў аркестр для трох канцэртаў, аказалася даволі моцная. Яна патрабавала немалых выканальніцкіх намаганняў. І ўрачыстая, магутна-радасная ўверцюра М.Глінкі з оперы “Руслан і Людміла” (паколькі Міхаіл Іванавіч нарадзіўся на Смаленшчыне, дык яго можна лічыць і рускім, і беларускім паводле паходжання кампазітарам). І карункава-вытанчаныя “Варыяцыі на тэму ракако для віяланчэлі з аркестрам” П.Чайкоўскага (у аўтарскай рэдакцыі), дзе саліраваў І.Карызна. І надзвычай складаная ўверцюра “1812 год” П.Чайкоўскага. І славута-класічная ІІІ частка ягонага ж Першага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам.

Адно пажаданне: калі аркестр — беларуска-расійскі, дык хацелася б, каб ягоны рэпертуар таксама фарміраваўся на парытэтнай аснове. Папярэдне ў праграме былі заяўлены два

 /i/content/pi/cult/158/1312/Uvercura2.jpg

беларускія кампазітары — Яўген Глебаў і Леў Абеліёвіч. У выніку застаўся толькі Глебаў... Беларускай музыкі хацелася б чуць на канцэртах непараўнальна больш, калі нам, да ўсяго, ёсць што паказваць. Адажыо з “Маленькага прынца” Я.Глебава зачароўвала сваёй пяшчотай, кранальнымі інтанацыямі, сапраўды касмічным подыхам.

Напрыканцы канцэртнай праграмы аркестр прадстаўляў сапраўдны шлягер, твор, блізкі маладзёжнай аўдыторыі: раскаваную “Рапсодыю ў стылі блюз” Дж.Гершвіна.

Музей, які можна паслухаць

У юных музыкантаў надараліся і вольныя гадзіны. Хтосьці з іх трапіў у Маскву ўпершыню і быў здзіўлены ўбачанымі на ўласныя вочы Крамлём і Чырвонай плошчай, хтосьці ўражаны экспазіцыяй Траццякоўкі. Некаторыя з беларускіх “майстар-класаўцаў” спяшаліся ў залы Маскоўскай кансерваторыі (а іх ажно тры — канцэрты ідуць паралельна), каб пачуць знакамітых выканаўцаў, найперш па сваёй спецыяльнасці.

Мне пашанцавала трапіць на спектакль опернага тэатра “консы”, дзе ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра дастаткова годна і ярка былі прадстаўлены ўрыўкі з “Травіяты” Дж.Вердзі і “Іаланты” П.Чайкоўскага.

 /i/content/pi/cult/158/1312/Uvercura3.jpg
 

Для беларускай дэлегацыі была наладжана экскурсія ў Дзяржаўны музей музычнай культуры імя М.Глінкі, што знаходзіцца непадалёк ад метро “Маякоўская”. Увесь агромністы другі паверх у ім займаюць музычныя інструменты розных народаў і стагоддзяў. Прычым іх можна не толькі разглядаць, але і паслухаць гучанне ў запісе (шкада, што падобнага музея не мае Мінск!). А на трэцім паверсе знаходзяцца мемарыяльныя пакоі і экспазіцыя, прысвечаныя найбуйнейшым рускім кампазітарам трох апошніх стагоддзяў.

У кніжных крамах — і велізарных, такіх, як Маскоўскі дом кнігі на Новым Арбаце, і невялічкіх, як нотны магазін ля маскоўскай “консы”, — здзівіла неверагодная колькасць дыскаў з класічнай, акадэмічнай музыкай. Усе лепшыя тэатральныя і музычныя спектаклі,славутыя радыёпастаноўкі пераведзены на DVD або на CD!

Маладзёжны на сцэне: аркестр нарадзіўся!

Як ужо адзначалася, было тры канцэрты. Пра першы, у “Зорным гарадку”, “К” пісала ў мінулым нумары. Зала Дома касманаўтаў мае складаную акустыку. Таму канцэрт можна было ўспрымаць і як самастойную акцыю, і як рэпетыцыю будучых выступленняў.

Наступны дзень аказаўся ці не самым адказным. Вечарам — канцэрт у зале ЦМШ Масквы. Зала — паўнюткая, у ёй шмат прадстаўнікоў расійскіх СМІ, супрацоўнікаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Багата было і вучняў ЦМШ, і бацькоў юных маскоўскіх музыкантаў. Канцэрт, без перабольшання, прайшоў на адным эмацыйным парыве. Не толькі зладжана і без памылак, але тэмпераментна, экспрэсіўна. Карацей, “на ўра”... Такім чынам, можна сцвярджаць: новы аркестр нарадзіўся!

Заключная частка праграмы — Малы акадэмічны тэатр Расіі, дзе ладзіўся вечар, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Тут маладзёжны аркестр паказваў больш кароткую праграму. Гімны дзвюх краін, уверцюру М.Глінкі, асобныя “Варыяцыі на тэму ракако…” , ІІІ частку Першага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам. Але ж і канцэрт быў немалы ды прадстаўнічы! Выступалі Іосіф Кабзон і Надзея Бабкіна, “Песняры” і Васіль Ланавой, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі і ансамбль “Гжэль”, Алег Сямёнаў і Аляксей Гоман. Ад будынка Малога тэатра — з канцэртнымі касцюмамі, інструментамі і... заслужанымі апладысментамі— адразу на аўтобус, па вечаровай Маскве ў бок Беларускага вакзала…

  

Матэрыялы з паездкі падрыхтавала
Таццяна МУШЫНСКАЯ,

наш спецкар.

Мінск — Масква — Мінск

Фота Уладзіслава НЯКРАСАВА

  Дырыжор Аляксандр Якупаў на чале сімфанічнага аркестра.  

Гавораць удзельнікі майстар-класаў

Дар’я МОТУЗ, скрыпачка, навучэнка ЦМШ (Масква):
— Як скрыпачка я вучылася ў Мінску, у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры БДАМ. У 2006 годзе ўдзельнічала ў майстар-класах, якія ладзіліся ў Маскве ў ЦМШ і трапіла да цяперашняй сваёй выкладчыцы — Таццяны Полазавай. Летась я зноў прыязджала ў Маскву на майстар-класы разам з групай навучэнцаў нашага каледжа, і Таццяна Анатольеўна прапанавала паступаць да яе ў клас. Падумаўшы, ацаніўшы ўсе “за” і “супраць”, паступіла.
Патрабаванні на экзаменах — сур’ёзныя. Але калі ты падрыхтаваны, калі ёсць база (а заняткі ў нашай школе, дзе я вучылася ў Наталлі Зайцавай, такі грунт даюць), калі самастойная падрыхтоўка адпаведная, такія бар’еры можна адолець. Вось таму і вучуся цяпер у Маскве на І курсе.
Спачатку адаптавацца да вучобы ў Маскве было няпроста: тут іншыя патрабаванні. Музычная атмасфера Масквы вельмі насычаная падзеямі і значна ўзбагачае будучага музыканта. Педагогі ЦМШ, магчыма, яшчэ больш патрабавальныя, чым нашы, асабліва, калі бачаць, што ты здольны… Пачынаю многія музычныя з’явы пераасэнсоўваць, іначай чуць, іначай займацца самастойна, нават іначай думаць. Паступова выпрацоўваецца новае стаўленне да гуку...

Наталля СУХАДОЛАВА,
скрыпачка, лаўрэат міжнародных конкурсаў (Мінск):

— У Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры БДАМ я займаюся з першага класа, а цяпер вучуся на ІІ курсе. Майстар-класы ў ЦМШ для мяне былі вельмі цікавымі. Іншы педагог — гэта заўсёды адрозны погляд і на музычныя творы, якія бяруцца ў работу, і на манеру выканання, і на тэхнічныя прыёмы. Хацелася б надалей таксама ўдзельнічаць у такіх майстар-класах. Бо яны развіваюць… Ды і ўвогуле, гэта вельмі патрэбная справа!