Дэлегатам (упершыню) на V Усебеларускі народны сход абраны начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкамаАляксандр ВЯРСОЦКІ. Гэта чалавек, які вынікова працуе над тым, каб клубы, бібліятэкі і музеі вобласці працавалі на перспектыву, каб Гродзеншчына ўспрымалася краем замкаў.
— Якім, на ваш погляд, павінен быць Усебеларускі народны сход?
— Дзелавітым ды канструктыўным. Справаздачная частка — абавязковая. Неабходна прааналізаваць, што мы здолелі зрабіць, а што — не. І тут галоўнае разабрацца, чаму не выкананы пэўныя абавязацельствы, прынятыя на папярэднім народным сходзе. Толькі грунтоўны аналіз дазволіць акрэсліць рэальныя перспектывы дзейнасці на бліжэйшыя пяць гадоў. Я для сябе, да прыкладу, перспектывы далейшага развіцця культуры Гродзеншчыны бачу дакладна.
— Давайце пра тое, што зроблена ў вобласці за гэты час, а якія з задум рэалізаваць не ўдалося.
— Мінулая пяцігодка для Гродзеншчыны была досыць прадуктыўная. Завяршылі рэканструкцыю тэатра лялек. Да ладу давялі сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Смаргонскім раёне, узнавілі палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, пабудавалі музей у Бераставіцы, стварылі музейныя экспазіцыі ў Іўі, Лідзе, Смаргоні, Ашмянах… У перспектыве застаецца завяршэнне работ у Лідскім замку і ў Старым Гродзенскім. І першы і другі даўно з’яўляюцца для краіны брэндавымі… Гэта менавіта тыя пытанні, якія я хацеў бы ўзняць на Усебеларускім народным сходзе.