У.Пазняк. “Падарожжа”. |
Пра што гэтыя карціны? Гэта па-свойму асэнсаваныя інтэрпрэтацыі хрысціянскіх міфаў, якія цесна пераплецены з беларускімі вобразамі традыцыйнай батлейкі. Але, сплаўляючы ўсё гэта ў адзіную пластычную сістэму, аўтар выступае не столькі як інтэрпрэтатар легенд і міфаў, колькі як стваральнік-міфатворца своеасаблівага астраўка айчыннай культуры.
Уся экспазіцыя — гэта надзвычай цёмная серыя, ключом да якой з’яўляецца трыпціх “Батлейка” з выкарыстаннем кананічнай кампазіцыйнай схемы трохстворкавай шырмы народнага тэатра. Цэнтральны сюжэт — Божае Нараджэнне і пакланенне валхвоў, правая створка — раніца, левая — вечар.
Але вядомыя біблейскія сюжэты з’яўляюцца толькі формай твора. Вобразны шэраг тут больш глыбокі.
Ідэя вечнага падарожжа, цьмянае, няўлоўнае адчуванне бязмежнасці жыццёвага шляху, няспыннага імкнення да духоўнай дасканаласці ўвасабляюцца ў вобразе-сімвале дарогі як пазнання самога сябе — у зліцці зямнога і пракаветнага. Горад-вандроўнік, ледзьве заўважныя цені людзей, сімвалы-знакі, нібы маякі ў акіяне, архангел Гаўрыіл, заступнік вандроўнікаў,— цэлы ланцужок настрояў, станаў, прывідаў стварае адчуванне несупыннай прасторы-кірунку.
Яго карціны — нібы фрагменты нейкай напаўзабытай прытчы, але дзякуючы манументальнаму характару стылю нават у самых простых сюжэтах крохкасць вобразаў не страчвае значнасці.
Нягледзячы на скупую, стрыманую колеравую палітру, якая задае нейкі настальгічны настрой, у Пазняка вельмі багаты танальны жывапіс: вобразы то выплываюць з няяснага марыва, то крышталізуюцца і робяцца зусім матэрыяльнымі…
Наталля ПАЎЛЕНКА,
мастацтвазнаўца Гродна