Бібліятэкі, гранты, вопыт

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Днямі мне давялося пабываць на III Міжнароднай канферэнцыі “Навуковыя гранты і праекты — ад падачы заяўкі да фінансавання”, што ладзілася ў Аполе (Польшча). Апошнім часам гэта тэма мяне вельмі цікавіць. Я канчаткова пераканалася: усё, што можна было зрабіць для развіцця бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта за сродкі, якія выдзяляюцца навучальнай установай, мы ўжо зрабілі.

/i/content/pi/cult/590/13102/6-1.jpgСтратэгія міжнароднага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза ў сферы навукі і інавацый прадугледжвае магчымасць фінансавання ўдзелу трэціх краін, да якіх адносіцца і Беларусь, у рамачных праграмах ЕС. Беларускія ВНУ маюць вопыт удзелу ў падобных праграмах, накіраваных на адукацыю, прафесійнае навучанне, моладзь і спорт. Аднак ні адна з гэтых праграм не ставіла мэты мадэрнізацыі бібліятэк ВНУ.

Трэба адзначыць, што пытанні бібліятэчнага фандрайзінгу на сёння для бібліятэк ВНУ краіны, на жаль, не з’яўляюцца прыярытэтным кірункам. Перш за ўсё таму, што праца над праектамі патрабуе спецыяльных уменняў і навыкаў, ведання замежных моў, валодання тэхналогіямі маркетынгу і рэкламы, жадання ўзняць бібліятэчнае абслугоўванне на больш высокі ўзровень.

У звязку з гэтым я правяла невялікае апытанне кіраўнікоў бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. У анкетаванні прынялі ўдзел 29 чалавек. Сярод іх 12 кіраўнікоў бібліятэк сталічных ВНУ і 17 кіраўнікоў бібліятэк рэгіянальных ВНУ. Я хацела даведацца аб распрацоўцы бібліятэчных праектаў, накіраваных на атрыманне грантаў, пра работу, накіраваную на самастойны пошук знешняга фінансавання. Дык вось, вынікі сведчаць, што кіраўнікі бібліятэк зацікаўлены ў атрыманні грантаў на ажыццяўленне сваіх магчымых праектаў. Аднак ні праектаў, ні вопыту па іх напісанні для атрымання гранта большасць (75,9%) рэспандэнтаў не маюць.

Трэба сказаць, што першымі на шлях пошуку і выкарыстання дадатковых сродкаў фінансавання сталі бібліятэкі вядучых ВНУ краіны. Так, удзельнікамі праекта “Сэрвісы па падтрымцы бібліятэчнай сеткі: мадэрнізацыя бібліятэк Арменіі, Малдовы і Беларусі шляхам развіцця бібліятэчных кадраў і рэфармавання бібліятэк” па праграме “Erasmus+” сталі чатыры ўніверсітэты з Беларусі, а Нацыянальная бібліятэка краіны з’яўляецца асацыяваным партнёрам. Донарам праекта з’яўляецца Еўрапейскі саюз. Працягласць праекта 36 месяцаў, аб’ём фінансавання — прыкладна 800 тысяч еўра. Гэта выдатны прыклад для бібліятэк усіх універсітэтаў краіны.

Гэтай інфармацыяй я падзялілася з удзельнікамі канферэнцыі ў Аполе — прадстаўнікамі ўніверсітэтаў Польшчы, Германіі, Грэцыі, ЗША. Упэўненая, што трэба ўдзельнічаць у падачы заявак на гранты і праграмы, нават калі першая і другая заяўкі не атрымалі фінансавання. Справа ў тым, што праца з грантадаўцамі дасць магчымасць набыць вопыт і ўпэўненасць, паспрыяе далейшым поспехам...

Мяркую, цалкам рэальным для бібліятэк краіны на сёння з’яўляецца ўдзел у праекце “MOST”. Гэта праект па пашырэнні прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС. Дзякуючы паспяховай рэалізацыі праектаў з’явяцца новыя падыходы да кіравання, планавання і забеспячэння якасці работы бібліятэк, умацуецца міжнароднае супрацоўніцтва бібліятэк ВНУ. Вельмі хочацца, каб праекты завяршаліся не толькі выданнем выніковых матэрыялаў, але і ўкараненнем у работу, скажам, сродкаў аўтаматызацыі на аснове RFID-тэхналогій, што сёння не можа сабе дазволіць кожная бібліятэка краіны.

І апошняе. Дзякуючы канферэнцыі, я зразумела, што ведання польскай мовы мне ўжо не дастаткова. Таму збіраюся вывучаць мову англійскую і заклікаю да гэтага сваіх калег. Асабліва тых, якія збіраюцца паспрабаваць свае сілы ў атрыманні замежных грантаў.

Лілія ГАРБУНОВА, дырэктар бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта