Партрэты славутых у прасторы палаца

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Вядомыя беларускія мастакі Віктар Альшэўскі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Уладзімір Зінкевіч і Уладзімір Савіч у межах комплекснага мастацкага рашэння залы ўрачыстых пасяджэнняў установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” стварылі 15 жывапісных парадных партрэтаў знакамітых гістарычных асоб, чые лёсы так ці іначай былі звязаны з Гомельшчынай.

 /i/content/pi/cult/158/1310/Partrety1.jpg /i/content/pi/cult/158/1310/Partrety2.jpg /i/content/pi/cult/158/1310/Partrety3.jpg

В.Альшэўскі. Партрэт Георгія Ніскага.

У.Савіч. Партрэт Ірыны Паскевіч.

 Партрэт К.Ракасоўскага

Творчай мэтай мастакоў было ў архітэктурна-гістарычнай прасторы вядомага помніка дойлідства прадставіць знакавыя вобразы, якія б сімвалізавалі магутны дух нашага народа, паказаць айчынным і замежным наведвальнікам, якую высакародную духоўную і гістарычную спадчыну мы, беларусы, маем.

Хто ж яны, героі палотнаў нашых творцаў? Савецкія дзяржаўныя і партыйныя дзеячы А.А. Грамыка і К.Т. Мазураў; народны мастак Расіі, акадэмік Г.Р. Ніскі; народны мастак СССР, акадэмік Я.Я. Майсеенка; беларускі балетмайстар, народны артыст Беларусі А.А. Рыбальчанка (аўтар — В.Альшэўскі); савецкі авіяканструктар, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі П.В. Сухой; вучоны, акадэмік, рэктар Гомельскага універсітэта У.А. Белы; выдатны палкаводзец, маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, які вызваляў Гомель у 1944 годзе; генерал-маёр авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза П.Я. Галавачоў; колішні прэзідэнт Акадэміі навук БССР М.І. Барысенка (аўтар — У.Зінкевіч); харэограф, гісторык, краязнаўца, пісьменнік, з 1820 г.— рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, саборны протаіерэй І.І. Грыгаровіч; выдатная асветніца І.І. Паскевіч, дачка генерал-фельдмаршала І.Ф. Паскевіча, якому належаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя Гомельскі палац; знакаміты псіхолаг Л.С. Выгоцкі; народныя пісьменнікі БССР А.Я. Макаёнак і І.П. Мележ (аўтар — У.Савіч).

Аўтарскі калектыў дакладна асэнсаваў задачу арганічна ўпісаць у архітэктурны ансамбль канца XVIII — ХІХ ст. творы менавіта партрэтнага жанру, дасягнуўшы пры гэтым высокага мастацкага ўзроўню.

Вялікія памеры (224 х 92 см) твораў, павага да унікальнай архітэктурнай прасторы, манументальнасць вобразаў, дакладнасць сімвалічных дэталей, пашырэнне межаў традыцыйных уяўленняў пра партрэт як жанр — усё гэта характарызуе здольнасць творчай групы да маштабнага асэнсавання важнасці работы.

Кожны партрэт уяўляе сабой аднафігурную кампазіцыю ў поўны рост. Фармальнымі прынцыпамі, што яднаюць работы, з’яўляюцца аднафарматнасць і каларыстычна-танальная гама твораў, высокая рэалістычная ступень прапрацоўкі партрэтных рыс, дэталей касцюма, атрыбутаў і аксесуараў, асяроддзя персанажаў. Аўтары скрупулёзна мадэлююць аб’ёмы фігур, і разам з тым партрэты яскрава выяўляюць рысы непаўторнай манеры кожнага з мастакоў.

Партрэты, дзякуючы высокім мастацкім якасцям, узбагацілі інтэр’еры музейнага асяроддзя, падкрэслілі яго стылёвыя асаблівасці. Эстэтычная, асветніцкая і выхаваўчая каштоўнасць твораў вельмі дапамагае справе пашырэння ведаў пра гісторыю Беларусі, народа нашай зямлі і выхавання высокіх грамадзянскіх якасцей у моладзі.

У памяшканні, дзе знаходзяцца творы, рэгулярна адбываюцца экскурсіі, у тым ліку і для замежных дэлегацый, праводзяцца прадстаўнічыя рэспубліканскія, рэгіянальныя і міжнародныя мерапрыемствы.

Партрэтная серыя з 15 палотнаў, якая з’яўляецца дасягненнем сучаснай нацыянальнай мастацкай школы, вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2008 года ў галіне выяўленчага мастацтва ўстановай адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” і прадстаўлена Міністэрствам культуры ў Камітэт па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь.

Барыс КРЭПАК