Самы прыгожы храм у свеце

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Геаграфічнае месцазнаходжанне гэтага храма дарэмна шукаць у энцыклапедыях. Любы знаўца архітэктуры, пачуўшы такое пытанне, хіба разгублена пацісне плячыма. Затое адказ на яго ведае жыхарка вёскі Смаляніца Паліна Іванаўна

/i/content/pi/cult/109/131/st15_1.jpg—Наша царква — самая лепшая, нідзе ў свеце такой прыгожай няма! — упэўнена сцвярджае яна сваёй сакавітай мясцовай гаворкай.
—Гэта я праўду кажу! Мне давялося там-сям пабываць, і нідзе я гэткага хараства не бачыла. Зазірнуўшы на турыстычны Інтэрнет-партал “Глобус Беларусі”, можна ўбачыць, як выглядала зруйнаваная ў часы бязбожжа цэркаўка яшчэ летам 2005 года. Парэпаныя сцены без даху, усё навокал ладна зарасло... Цяжка паверыць у тое, што ўбачаны намі храм — атынкаваны і з выгляду як навюткі, — зусім нядаўна выклікаў адно журбу. Праязджаючы міма, мы заспелі ўражальную карціну — бабулі са Смаляніцы хвацка разгружалі самазвал з цэглай. Робячы гэта самахоць — каб па меры сіл спрычыніцца да аднаўлення храма сваімі рукамі.
—Вельмі, вельмі нам гэтай царквы не хапала, — эмацыйна прамаўляе Паліна Іванаўна, на пару імгненняў адклаўшы сваю справу. —Бо ведаце, як у народзе кажуць: без Бога ні да парога. Ад усяго сэрца хачу сказаць дзякуй Пятру Пятровічу за тое, што ён разумее патрэбы нашых душ. І многія яму лета!

Жыхары Смаляніцы звязваюць аднаўленне царквы з ініцыятывай Пятра Пракаповіча. Дырэктар Нацыянальнага банка Беларусі родам з Пружаншчыны. Жыццём сваёй малой радзімы ён цікавіцца і цяпер, па меры магчымасці спрыяючы вырашэнню важных для жыхароў краю праблем. Таму словы падзякі на адрас галоўнага банкіра Беларусі можна часта пачуць падчас вандровак па раёне.

...Напэўна, знаўцы архітэктуры не пагодзяцца з тым, што гэтая цэркаўка — найпрыгажэйшая ў свеце. Але ж, па вялікім рахунку, Паліна Іванаўна мае рацыю. Бо самы прыгожы храм у кожнага свой. Гэта тое месца, дзе чалавек звяртаецца да Бога, злучаецца з Ім у Святых Таінствах. Непадалёк адсюль, у вёсцы Лыскава, стаіць закінуты баракальны касцёл ХVIII стагоддзя. Сіл у тамтэйшай каталіцкай грамады пакуль бракуе на тое, каб яго аднавіць. Але хочацца верыць, што прыйдзе час, і мясцовыя вернікі таксама займеюць свой самы прыгожы храм.