Марачок, Цярэшка, стары трубач…

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

З Бабруйска ў Гродна: лёс артыста, які дакранаўся душой
“Я — одессит, я из Одессы, здрасьте”, — прыкладна так прадставіўся Яша Кімберг, вяртаючыся з фронту ў бабруйскі тэатр. Пра гэтага акцёра і педагога, майго настаўніка, і павяду сваю гаворку.

/i/content/pi/cult/589/13095/15-1.jpg

Улюбёнец у бушлаце

Вось як узгадвае гэты знамянальны момант у жыцці артыста Святлана Міхарская-Кавязіна: “Памятаю, мне было 8 гадоў у 1945-м, калі прыйшоў на сцэну бабруйскага тэатра Якаў Мікалаевіч Кімберг. У той час мы з сястрой жылі ў тэатры, і мне запомніўся бравы марачок у бушлаце. Ён увесь час жартаваў, быў лёгкі на ўздым, вельмі адкрыты. Мой тата Мікалай Кавязін, у той час — галоўны рэжысёр у Бабруйску, паставіў спектакль “Праўда добра, а шчасце лепш”, у якім працаваў Якаў Мікалаевіч. Пасля гэтага спектакля ён стаў папіным улюбёным артыстам, а ў 1947 годзе мы пераехалі ў Гродна і тата забраў Кімберга ў новы тэатр”.

Абаяльны, як сонейка

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Мікалаева шэсць гадоў прапрацавала з Кімбергам на сцэне Гродзенскага аблдрамтэатра і з гонарам кажа пра тое, што гэта быў бліскучы артыст. “Я прыехала ў Гродна ў 1966-м годзе, а ў 1967-м Якаву Мікалаевічу Кімбергу далі званне народнага. Я бачыла яго ў спектаклі “Раскінулася мора шырока”. Гэта такая лёгкасць, рухомасць, надзвычайны голас, слых, гэта такое абаянне і дабрыня. Да акцёраў, сваіх калег у яго ніколі не было злавання — ні ў твары, ні ў вачах.  Вы ж былі яго вучнем, таму павінны гэта памятаць!.. Мой муж Мікалай Апіёк прыехаў у Гродна на 2 гады раней за мяне мастаком-пастаноўшчыкам у тэатр (сем гадоў ён прапрацаваў там, а потым пайшоў у жывапіс). А характар — светлы, цудоўны. Карацей, абаяльны чалавек і выдатны акцёр! Мы ж у адным доме з ім жылі на вуліцы Крупскай — там, дзе гастраном побач з гатэлем “Нёман”. Ідзём на рэпетыцыю, а ён: “Томачка, як справы? Як Наташанька?” (Гэта мая дачка, яна зараз скульптар у Маскве). Вось і згадваеш яго як яснае сонейка. І да маладых ён ставіўся цудоўна…

— Уладзімір Мішчанчук згадвае, як сам іграў Валодзьку ў спектаклі “Трыбунал” паводле п’есы Андрэя Макаёнка, а Якаў Мікалаевіч — Цярэшку…

— Я таксама грала ў гэтым спектаклі Надзею, нявестку… Кімберг быў разнапланавы артыст, як купалаўцы Платонаў і Глебаў… Ён Леніна іграў, Карла Маркса і ў той жа час “Раскінулася мора шырока”… І так спяваў і плясаў… Такі чароўны, лёгкі, рухомы, цудоўны: і драматычны акцёр добры, і камедыйны…

— Падчас вайны ён быў мараком і распавядаў мне, як у 1945-м прыйшоў на сцэну бабруйскага тэатра і танчыў чачотку. Гэта ж трэба, каб прайшло 30 гадоў, і ў 1975-м ён мне пра гэта казаў у Гродзенскім культасветвучылішчы, а яшчэ праз трыццаць, у 2005-м, я сам, яго вучань, прыязджаю ў Бабруйск на месца Настаўніка, стаўлю “Бездань” на той сцэне, дзе ён чачотку танчыў!

— Так, гэта ўсё цудоўна. Я сама мінчанка, а прыехала ў Гродна маладой актрысай у 1966-м і адпрацавала тут 6 гадоў, атрымала званне заслужанай артысткі БССР. Толькі ўбачыўшы мяне, Кімберг сказаў: “Я зразумеў, каго гэты прыгажун (пра майго мужа тыя словы) чакаў — сваю прыгажуню, выбранніцу! Тамарка, ты ж цуд!” А які быў выдатны галоўны рэжысёр Аляксандр Струнін! Як ён давяраў маладым! Лічы, у побытавым плане быў бацькам для нас. Шмат добрых парад па жыцці даваў. Мой муж мастак з ім раіўся, і ён сапраўды шмат падказваў. Адкрытым быў, наросхрыст. Адным словам, адэсіт!

— Я памятаю вашу ролю Раксаны ў спектаклі Струніна “Сірано дэ Бержарак”…

— А ён жа даў мне сыграць Кацярыну ў “Навальніцы” Астроўскага! Мне тады было гадоў 26. І ўсе яму казалі: “Яна маладая, можа не выцягнуць!” А Кімберг (ён іграў ролю Дзікога), калі пачуў, як я чытаю маналог Кацярыны, падтрымаў, зазначыўшы Струніну: “Яна выцягне!” За гэта вельмі яму ўдзячная! І вось, у гэтым годзе — паўстагоддзя на сцэне (з 1972-га Тамара Іванаўна служыць на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску). І Валодзя Мішчанчук таксама добра пайшоў пасля Гродна, ён там таксама атрымаў званне. Як і Кімберг, ён быў маім партнёрам у “Акіяне”, а таксама ў “Бездані”.

Атмасфера Кімберга

А я зноў згадваю ўрокі Кімберга, народнага артыста Беларусі, у Гродзенскім культасветвучылішчы ў 1975-м. І ягоныя словы: “Сярожа! Будзь асцярожны ў рабоце з акцёрамі! З імі заўсёды патрэбныя пуга і пернік! А калі страціш ініцыятыву, дык загрызуць! Акцёры як дзеці, але гэта — сукіны дзеці!”

На апошнім Фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, калі мы ехалі ў аўтобусе на радзіму Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, я размаўляў з яшчэ адным сваім настаўнікам па тэатры, дэканам тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімірам Мішчанчуком, які быў Кімбергу сынам не толькі ў п’есе “Трыбунал”, але і, лічы, па жыцці: “Памятаю, як нам на вяселле з Людмілай Пятроўнай (Кучарэнка) Якаў Мікалаевіч і яго жонка Ганна Купрыянаўна Панкрат падарылі абажур і радыёпрыёмнік. Яны ж былі вельмі гасціннымі. А Ганна Купрыянаўна пякла піражкі, частавала імі нас, маладых артыстаў, падкормлівала. І клопат Кімберга пра іншых мяне заўсёды ўражваў. Ён ствараў на рэпетыцыі цудоўную атмасферу, сам быў увесь час падрыхтаваны да работы, спагадлівы і добразычлівы”.

Я слухаю майстра і думаю, што, мабыць, у Гродне нехта і не памятае Кімберга, але тыя, да каго дакраналася яго душа, для каго білася яго сэрца, не забыліся на яго.

Адзіны вобраз у кіно

З сумам думаю пра тое, што герой майго аповеду зняўся ўсяго ў адной мастацкай стужцы на мінскім “Тэлефільме”. Называецца яна “Трубач ваеннага аркестра”. Тэлефаную рэжысёру-пастаноўшчыку Уладзіміру Міхарскаму. (Дзякуй Віктару Васільеву, які нас скантактаваў).

— Я, канешне, паспрабаваў некалькі акцёраў, — зазначае мой візаві. — Але Кімберг — чалавек абавязковы і адказны. Гэта роля без адзінага слова, і тое накладвала адбітак на ўвасабленне ім характару, на разуменне акцёрам прафесіі старога трубача, які з цяжкасцю развітваецца са справай усяго жыцця, але застаецца пры гэтым “у форме”. Працаваў Кімберг паслухмяна, але і свае прапановы рабіў. Ён не быў чалавекам, які адразу слепа ўсё выконваў, не, хутчэй абдумваў і выдаваў сваё рашэнне. Здымалі мы на колішняй Нямізе, а выгарадку кватэры трубача-Кімберга выбудоўвалі ў двары кінакомплексу на старой студыі. Мастаком быў Канецкі, і запомнілася, што Якаў Мікалаевіч заўсёды вельмі паважліва ставіўся да прадстаўнікоў гэтай прафесіі, размаўляў з імі, прапанаваў нават свой рэквізіт. Аператарам працаваў Уладзімір Пранько. Ведаеце, Якаў Мікалаевіч вельмі нагадваў мне майго бацьку: выпраўкай, целаскладам. І вось падчас здымак яго не стала…

— У мяне была падобная гісторыя: у 1997 годзе заканчваў у Мінску здымкі тэлепраграмы “Усе мы родам з дзяцінства”, а ў Гродне памерла маці. Але скончыў працу, і толькі потым паехаў на пахаванне...

— Дык вы з Гродна? Я некалі працаваў артыстам у тамтэйшым тэатры і бачыў Кімберга ў ролі Шмагі. А мой цесць Мікалай Кавязін быў блізкім сябрам Якава Мікалаевіча, цешча жыла ў доме на Крупскай, што выходзіць і на Савецкую плошчу.

— Гэта дом майго дзяцінства!.. Падаецца, Якаў Мікалаевіч капрызлівым акцёрам ніколі не быў. Але магу ўявіць, наколькі цяжка гралася роля менавіта бясслоўная, якія думкі, пачуцці, перажыванні апаноўвалі…

— Я вельмі добра ведаў Кімберга па Гродне, таму і запрасіў яго на гэтую ролю. Мяркую, не памыліўся…

— Вы адзіны захавалі вобраз Якава Кімберга на кінастужцы — нізкі вам за гэта паклон!

Апошнія кадры фільма. Адзінокая труба гучыць над Нямігай, але тут яе падхоплівае ваенны аркестр — унукі старога трубача. Так і вашы вучні падхапілі ваш сцяг служэння мастацтву, Якаў Мікалаевіч…

Сяргей КАРБОЎСКІ, рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

На фота: Якаў Кімберг / Фота з архіваў Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра