Руслан

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Мастак і літаратар Адам Глобус піша пра мастака Руслана Вашкевіча, які зусім нядаўна адзначыўся маштабным праектам “Канал “Культура” ў сталічнай галерэі “Дом карцін”.

/i/content/pi/cult/589/13093/14-1.jpg

Руслан Вашкевіч рыхтуе свой праект "Культпралёт" у Віцебскай Арт-прасторы. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Блытаніна

У жыцці шмат запамінальных выпадковасцяў. Аднойчы падобная выпадковасць здарылася ў мяне з Шаранговічам. Бег я ў майстэрню да Вашкевіча, а забег да Шаранговіча. Майстэрні Косці Шаранговіча і Руслана Вашкевіча былі ў суседніх двухпавярховых і вельмі падобных жоўтых дамках. Я бег, думаў пра нешта сваё і патрапіў у адчыненую наросхрыст майстэрню Шаранговіча. Косця быў у споднім і падмятаў падлогу. Я ледзь не спытаў, чаму гэта Шаранговіч мяце падлогу ў Вашкевіча. Не спытаў, сумеўся і прызнаўся, што паблытаў дамкі. Кастусь прапанаваў выпіць моцнай гарбаткі. Я адмовіўся і пайшоў у майстэрню да Руслана. Даўно тое здарылася, а Косця з венікам пасярод майстэрні, асветленай цёплым вечаровым сонцам, помніцца добра, помніцца да драбніц, да пылінак, што плывуць і плывуць у слупах святла.

Запрашэнне

Хадзіў з Вовам маляваць Мінск. Шукалі пазнавальныя архітэктурныя сілуэты. Сустрэлі мастака, які запрасіў нас у сваю майстэрню на каву. Я паабяцаў, што абавязкова зайду пасля вяртання з Барселоны. Прывязу невялічкі падарунак і заскочу. За вячэрай я папрасіў Вову расказаць пра нашу сустрэчу з мастаком і пра запрашэнне на каву. Унук сказаў, што нас запрасіў мастак Ваньковіч. Калі я засмяяўся, Вова паспрабаваў выправіць памылку і сказаў, што мы атрымалі запрашэнне ад Пашкевіча. Толькі трэцяя спроба атрымалася ўдалай, і ўсе даведаліся пра запрашэнне ад мастака Руслана Вашкевіча.

Сыс

Мастак Вашкевіч расказаў, як аднаго разу прапіў з паэтам Анатолем Сысам цэлы тыдзень. У самым пачатку таго п’янога тыдня ён падарыў Анатолю сваю карціну “Каўчэг”. Працверазеўшы, Вашкевіч пайшоў да Сыса забіраць карціну. Думаў, Анатоль абурыцца і будзе перажываць з-за страты “Каўчэга”. Толя не заперажываў, наадварот: ён падзякаваў Руслану, што тыдзень пражыў побач з выдатнай карцінай. Каб не трапіць у падобныя варункі, я ніколі не браў у захмялелага Вашкевіча карціны. Ён іх дарыў, а я не браў, бо ведаў — працверазее, прыйдзе забіраць, і будзе няёмка абодвум. Праз тую няўтульную няёмкасць нам захочацца зноў панапівацца… І ўсё пойдзе па другому, а то і па трэцяму колу.

Легендарнасць

Мастак Вашкевіч — асоба легендарная. Ён яшчэ толькі пачынае рабіць новы праект, а пра яго ўжо гавораць, яго абмяркоўваюць і нават крытыкуюць. Напрыклад… Ходзяць чуткі, што Руслану прапанавалі зрабіць грандыёзную выставу ў Санкт-Пецярбургу. Сам Рускі музей прапанаваў! Каб зрабіць выставу ў Рускім, Руслану патрэбна трыста тысяч даляраў. У Вашкевіча такіх сродкаў пакуль што няма, таму пецярбургскія аматары сучаснага мастацтва вымушаны чакаць… У гісторыі з Рускім музеем мяне зацікавіла не праўдзівасць фактаў, а легендарнасць мастака. Пра каго іншага такога і не расказваюць, бо што расказваць, калі ў расказанае нельга паверыць. У зорку Руслана Вашкевіча шмат хто верыць, таму чуткі пра яго і бягуць паперадзе падзей.

Сюррэалізм

Займацца сюррэалізмам даволі проста. Бярэш дзве рэальныя рэчы і складаеш з іх рэч фантастычную. Бярэш галаву рыбіны, прыкладаеш да жаночага безгаловага ды бязрукага цела і атрымліваеш новы від русалкі. Кентаўры, русалкі, цмокі — вобразы ўзорнага сюррэалізму, вобразы новай рэальнасці. Каб быць паспяховым у гэтым кірунку, трэба валодаць пераканаўчым малюнкам. Пажадана, каб глядач не толькі пазнаў намаляваныя элементы, але і паверыў у натуральнасць новай канструкцыі, складзенай з гэтых элементаў. Самы лёгкі шлях у сюррэалізм — ляпіць фотакалажы. Але ў фотакалажах ён выглядае другасна і танна. Іншая справа — жывапіс, выкананы алейнымі фарбамі на льняным палатне, такі сюррэалізм усё яшчэ самы пераканаўчы. У Беларусі, як і ва ўсім свеце, заўсёды хапала сюррэалістаў і сюррэалістычных твораў мастацтва. Савіцкі і Селяшчук, Войчанка і Цэслер шмат сваіх прац зрабілі ў гэтым стылі. Ёсць сярод іх вельмі ўдалыя творы, але найлепш тутэйшы сюррэалізм выявіўся ў творчасці Руслана Вашкевіча, бо для Савіцкага і Селяшчука ён не быў асновай іх творчасці, а для Цэслера і Войчанкі карціна заўсёды саступала першынство актуальнаму плакату.

Маляванне

Мастакі падзяляюцца на два лагеры: фарбавальшчыкі і малявальшчыкі. Для фарбавальшчыкаў найгалоўнейшым у выяве з’яўляецца колер, для малявальшчыкаў — графічнасць формы. У фарбавальшчыкаў формы і абрысы вельмі прыблізныя і не вельмі дакладныя, у малявальшчыкаў колеры спрошчаныя і фарбы не перамяшаныя. Руслан Вашкевіч па прыродзе сваёй — узорны малявальшчык. Колеры на ягоных палотнах пакліканы толькі абагульніць малюнак. Часам Руслан спасылаецца на беларускае наваколле, маўляў, яно ў нас шэрае, яно ў нас малаколернае і нават манахромнае. Рацыя ў гэткіх словах Вашкевіча, безумоўна, ёсць. Але сутнасць не ў гэтым, бо можна нарадзіцца і ў сонечнай Іспаніі, як Пікаса, і застацца ўзорным малявальшчыкам, нават калі большую частку жыцця прапрацаваць у шматколернай Францыі, зноў жа як Пабла Пікаса.

Цяжкія пытанні

Руслан прыходзіў да мяне з цяжкімі пытаннямі. Можа, ён і да іншых хадзіў з такімі ж пытаннямі. Можа, некаму падобныя пытанні і цяжкімі не падаюцца. Атрымаў пытанне, адказаў абы-як і жывеш сабе далей. У мяне так лёгка не атрымліваецца. Аднаго разу Руслан абняў мяне па-сяброўску, нават па-інтэрнацку, і спытаў: “Праўда, што ў свеце мастацтва кіруюць геі?” Пытанне загнала мяне ў кут, бо я ніколі не задумваўся над тым, што ў мастацтве нехта можа па-сапраўднаму кіраваць. Хіба нехта кіраваў Ван Гогам? Кіравалі і кіруюць продажамі ягоных твораў. Ці шмат сярод гандляроў мастацтвам геяў? Ці дамінуюць яны ў галерэях? Мабыць, не... Так я Руслану і сказаў. Можна быць і шэрым, і брунатным, і вохрыстым... Другое пытанне было яшчэ цяжэйшае за першае. Мы шмат выпілі. Наша размова з Русланам выглядала гранічна шчырай і ён спытаў: “Ці магу я ўсім чыста ахвяраваць дзеля мастацтва? Ці магу я ахвяраваць часам, грашыма, жанчынамі, дзецьмі?” На гэтае пытанне я паспрабаваў адказаць пытаннем: “Ці пагражалі Руслану забойствам ягоных дзяцей?” — “Не пагражалі!” — сказаў Руслан. Чалавек не ведае, як будзе сябе паводзіць у падобным стане. Сам я на такую пагрозу адказаў падобнай пагрозай. Але ахвяраваць дзецьмі дзеля мастацтва я не стаў бы. Для мяне мастацтва — форма паводзінаў, якая не вымагае крывавых ахвярапрынашэнняў. Яна вымагае працавітасці, шчырасці, разумнасці, пэўнай эратычнасці і нават пэўнай рэлігійнасці, але страшных ахвяраў не вымагае. Руслан са мной катэгарычна не пагадзіўся. Ён вырашыў ісці ў мастацтва праз ахвяры.

Паспяховасць

Паспяховасць у Руслане Вашкевічы была заўжды. Колькі яго памятаю, ён заўсёды быў упэўнены ў выключнасці сваіх праектаў, і не беспадстаўна, што важна. Цікава яшчэ і тое, што ў Руслане той паспяховасці больш чым патрэбна аднаму мастаку. Ён сваю паспяховасць спрабуе раздаваць. Збірае вакол сябе творцаў і робіць групавыя выставы. Праўда, на тых выставах Руслан застаецца верхаводам. Ён любіць выступаць салістам з вялікім хорам. Нічога кепскага ў такіх выступах няма. Можна сказаць, што выступы Руслана заўжды ўдалыя. Праўда, ён не ўлічвае, што падзяліцца творчым поспехам немагчыма. Добра дзяліцца спрытам і паспяховасцю халтуршчыка. Усе зарабілі, і праз добры заробак сталі шчаслівыя. З творчасцю інакш... Усе зрабілі, усе зрабілі добра і нават выдатна, але ўсе так і засталіся на сваіх узроўнях паспяховасці. У кожнага, як у народзе кажуць, — свая столь. У Руслана яна высокая, бо ён мае поспех.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар