Абменныя гастролі: па якім курсе?

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Брэст: варыяцыі на тэму бацькоў і дзяцей
У рамках абменных гастроляў з Тэатрам юнага гледача Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прывёз у Мінск дзве камедыі пра адвечны канфлікт бацькоў і дзяцей і два дзіцячыя спектаклі пра пазнавальных літаратурных персанажаў. Пра тое, як класічныя тэмы і новыя формы прыцягвалі гледачоў у залу, разважаюць рэдактар аддзела “К” Надзея БУНЦЭВІЧ і аглядальнік рэдакцыі Настасся ПАНКРАТАВА.

/i/content/pi/cult/589/13089/8-3.jpgН.П.: — Гастролі распачынаў спектакль Цімафея Ільеўскага “Маладая сям’я здыме кватэру”. Мне падаецца, абраўшы сямейна-бытавую п’есу Міхаіла Рошчына, брэсцкі рэжысёр на 100 % патрапіў у сугучча з публікай. Людзям часта не хапае простай і нязмушанай размовы пра звыклыя рэчы, прычым у такім фармаце, калі над пралікамі іранізуюць, але за тыя памылкі не дакараюць і не асуджаюць. Цімафей Ільеўскі прапануе аўдыторыі паразважаць пра актуальны ва ўсе часы канфлікт бацькоў і дзяцей. Пасля вяселля ўсім трэба прывыкаць да існавання ў новых умовах: маладым вучыцца самастойна рабіць выбар, разумеючы наступствы кожнага кроку, бацькам — адпусціць пасталелых сыноў і дачок, дазволіць ім нават рабіць свае памылкі. І усім — да такой высновы прыходзіць галоўная гераіня Алена — вучыцца любіць і праз гэта ўзнімацца.

Н.Б.: — Рэжысёр прызнаўся, што вельмі доўга шукаў добрую сучасную п’есу на гэту тэму, але так і не знайшоў. У выніку звярнуўся да савецкай класікі, убачыўшы ў ёй сучасным не толькі змест, але і форму. І зрабіў папраўдзе філігранную працу з літаратурным тэкстам: калі не ведаць арыгінал, дык складзецца ўражанне, што яго ўвогуле не рэдагавалі.

Н.П.: — Рошчын распачынаў сваю п’есу з кароткага апісання: “Сучасная аднапакаёвая кватэра. Шмат фатаграфій”. Мяркуючы па ўбачаным, Цімафей Ільеўскі разам з мастаком Аляксандрам Балдаковым адштурхнуліся менавіта ад гэтых радкоў, калі стваралі сцэнічную прастору: аздабленне складаецца з прамавугольных экранаў розных памераў, на якія ўвесь час транслююцца фотаздымкі з умоўнага сямейнага альбома. Тут “справаздачы” з вяселляў (часам нават занадта стракатыя, што сваёй яркасцю адцягваюць увагу ад мізансцэн), стыльныя чорна-белыя фотапалотны, выявы дзяцей і закаханых, а таксама сэлфі, што робяць персанажы цягам усяго дзеяння.

Заяўленае пастаноўшчыкам азначэнне жанру “фотакамедыя кахання” вырашаецца вельмі проста: праз дзве камеры, размешчаныя на авансцэне, якія становяцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі пастаноўкі. Праз відэатрансляцыю, што адразу вядзецца на экраны (з іх канструююць кожнае новае жыллё галоўных герояў), з маладымі размаўляюць іх родзічы і блізкія, праз відэатэлефанаванне галоўныя героі Алёша (Міхаіл Ільіч) і Алена (Таццяна Строк) імкнуцца данесці адзін да аднаго свае думкі, а то і проста разабрацца ў сабе. Сэлфі і відэаперамовы амаль фізічна сціскаюць кола вакол маладой сям’і, разрываючы герояў паміж абавязкам перад усімі (бацькамі, інстытутам, начальнікам на рабоце) і адказнасцю за сваю другую палову. Сцэнічная геаметрыя задае рытм дзеянню, як і закладзеная яшчэ ў п’есе хуткая змена часавых і геаграфічных кропак.

Н.Б.: — Відэакамеры ў сучасным тэатры выкарыстоўваюцца і куды больш “крута”, выклікаючы дыскусіі пра тое, ці варта замяняць тэатральныя прыёмы кінамастацтвам. Брэсцкі тэатр робіць тут хіба першы крок у бок тых жа польскіх эксперыментаў, прычым робіць яго вельмі “па-беларуску”, шукаючы “апраўданне” выкарыстанаму прыёму ў самой п’есе: героі займаюцца фотаграфаваннем.

Н.П.: — П’еса сярэдзіны 1970-х набліжана да сучаснасці і праз музычнае аздабленне Аляксандра Панасюка: драма адной сям’і разгортваецца пад хіты апошніх дзесяцігоддзяў. Спектакль заканчваецца хэпі-эндам, але выбраная для паклонаў кампазіцыя рок-гурта “Наўцілус-Пампіліус” не дае забыць, што колы кахання могуць любога расплюшчыць у блін.

Н.Б.: — Ну, сам гэты гурт сыходзіць каранямі таксама дзесьці ў канец 1970-х, хаця вядомым стаў толькі праз дзесяцігоддзе. Ды ўсё ж музыка, на мой погляд, дае больш шырокія асацыятыўныя шэрагі, бо выкарыстаны фрагменты і акадэмічных твораў — класічных і сучасных. Але ўся тая полістылістыка не пакідае ўражання эклектычнага “вінегрэта”, цытаты вельмі натуральна пераходзяць адна ў адну, нават на “стыках”, і працуюць на стварэнне адпаведнага эмацыйнага строю, выводзячы гісторыю на ўзровень вечных міфалагізаваных тэм: невыпадкова раптам гучыць мелодыя Глюка з оперы “Арфей і Эўрыдыка”.

Н.П.: — Расповед пра барацьбу за сваё асабістае шчасце працягнуўся ў спектаклі для дзяцей “Папялушка”. Рэжысёр-пастаноўшчык Дзяніс Фёдараў прапанаваў свой погляд на класічную казку Шарля Перо.

Н.Б.: — І пачаў з таго, што звярнуўся да нядаўняй п’есы рускамоўнага драматурга Таццяны Баевай з Казахстана, зрабіўшы сваю рэдакцыю тэкста.

Н.П.: — Ён вырашыў на першы план вывесці новых герояў. Удалым эксперыментам сталася бясслоўная роля каралеўскага ката Труфеля ў выкананні Багдана Хоміка.

Н.Б.: — Так, паводле п’есы кот — усяго толькі цацка, якую носяць героі. А тут ён “ажыў”, хаця штосьці іншае — скарацілася, а то і ўвогуле знікла. Самы запамінальны ход ва ўсім спектаклі — вялізны каціны хвост, які неаднаразова выкарыстоўваецца замест скакалкі.

Н.П.: — Такія персанажы-фрыкі актыўна выкарыстоўваюцца ў сусветнай поўнаметражнай анімацыі. Назіраючы за ўсім дзеяннем, герой, які перыядычна трапляе ў смешныя сітуацыі, на падмостках таксама выглядае цалкам арганічна. А вось увод у казку манернага Барбера (Вячаслаў Цыцкоўскі), правобразам якога відавочна стаў скандальны стыліст Сяргей Звераў, падаўся мне даволі спрэчным рашэннем.

Н.Б.: — Цырульнік-стыліст-візажыст ёсць і ў Баевай, але навошта было рабіць яго з намёкам на нетрадыцыйнасць — дзеля моды? З-за гэтага дзіўнавата выглядаюць і Кароль, і Прынц.

Н.П.: — Відавочна, Дзяніс Фёдараў рабіў стаўку на стварэнне шоу, і яно, бясспрэчна, удалося. Навідавоку ўсе чыннікі камерцыйна паспяховай пастаноўкі: маляўнічыя касцюмы, выкарыстанне спецэфектаў, тэкст, перасыпаны сучасным гумарам, шмат песень. Мастаку Таццяне Карвяковай удалося ўразіць дзяцей і іх бацькоў шыкоўнымі дэкарацыямі: аб’ёмным камінам з амаль сапраўдным агнём, казачнай карэтай з моднай падсветкай, што выязджала на сцэну на паваротным коле, каралеўскімі жырандолямі. Пастаноўшчыкам было прыдумана шмат цікавостак. Так, Хросная Фея (Таццяна Юрык) прылятала да Папялушкі на арэлях, кот шукаў мышэй у глядзельнай зале, служанку Жаржэту ў адной з мізансцэн ператварылі ў мыш, якая насілася па сцэне, быццам машынка з пультам кіравання.

Але за знешнімі эфектамі гублялася кранальнасць галоўнага вобразу казкі. Тэма дабрыні, міласэрнасці, абавязковага здзяйснення запаветнай мары прыглушылася пад напорам стракатасці і палкасці астатніх герояў. Можа таму самым запамінальным персанажам для мяне сталася Мачаха. Цудоўная характарная актрыса Яніна Малінчык (яе моцная ігра не пакінула нікога абыякавым яшчэ ў папярэднім спектаклі па Рошчыну) надала шалапутнай Мачысе яркія фарбы, зрабіўшы вобраз не столькі адмоўным, колькі эксцэнтрычным і забаўным.

Н.Б.: — Дык я ў ролі “злога” крытыка? Ці проста глядзела той жа склад, але ў другі дзень, і таму ўсё іначай? Бо для мяне “Папялушка” атрымалася адбіткам “мыльных” расійскіх серыялаў з незразумелымі, пазбаўленымі логікі паводзінамі галоўнай гераіні. Пры настолькі жудасна парадыйных, проста-такі агрэсіўных мачысе і сёстрах, распараджэнні якіх пазбаўлены сэнсу, Папялушка паўстае… пазбаўленай не толькі характару, але і ўнутранага адчування чалавечай годнасці. Бо адна справа, калі яна баіцца ім пярэчыць, каб не нашкодзіць бацьку, каб не выгналі з дому і да таго падобнага, іншая — калі “проста так”. Складаецца ўражанне, нібы артысты не ведаюць, што ім рабіць, і кожны паасобку шукае штосьці для свайго персанажа, не ўлічваючы агульны кантэкст. Сцэнічныя строі — хіба з прэтэнзіяй на “шык-бляск”, але таксама “ніякаватыя”, пазбаўленыя сапраўднага палёту фантазіі. Таму галоўнай дзейнай асобай становіцца… сцэнаграфія. І нават не згаданая карэта, а рознакалярова-ўзорыстыя шырмы, што падобныя да вітражоў у касцёлах і па сваіх абрысах нагадваюць свечкі. У адным гэтым — сапраўдны сэнс казкі Шарля Перо, у арыгінале прызначанай для дарослых: любіце хросных, якія заменяць вам бацькоў і стануць “добрымі феямі”. А ўсё астатняе — ні пра што.

Тое ж уласцівае і спектаклю “Малыш і Карлсан”, які пастаўлены Валянцінай Янавец. Зноў “руліць” сцэнограф Таццяна Карвякова са сваім удала знойдзеным творчым почыркам: “акварэльныя” фарбы абрысаў дамоў, скіраванне глядацкага позірку знізу ўверх, а не наадварот, функцыянальнасць кожнай дробязі. Можа, “пераказ сюжэта” быў наўмыснай “фішкай”, але Малыш і Карлсан быццам змяняюцца месцамі: першы — “маленькі стары”, другі — “вялікае дзіця”. Ніякай філасафічнасці, тэмы скразной адзіноты. Фрэкен Бок — зусім не “домамучыцелька”, а модная, яшчэ даволі маладая (і, дарэчы, добрая па сваёй сутнасці) прыгажуня, у якой бываюць хіба незразумелыя “прыступы злосці”. Нягледзячы на моманты інтэрактыву і некаторыя акцёрскія выкрунтасы (зноў уражанне, што артысты прадастаўлены самім сабе), спектакль хіба выконвае функцыю летніх выязных паказаў (гэтак жа, як і “Папялушка” пасуе для навагодніх ранішнікаў). І ў чарговы раз пацвярджаецца даўно вядомая ісціна: добры дзіцячы спектакль — справа найскладаная, куды цяжэйшая за ўсе дарослыя.

Зусім іншы ўзровень — “Гульня кахання і выпадку” ў пастаноўцы генеральнага дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Козака. Звярнуўшыся да камедыі французскага драматурга і празаіка ХVIII стагоддзя П’ера дэ Марыво, з пастаноўкі якой і пачынаўся брэсцкі тэатр 70 гадоў таму, ён прапанаваў такі запатрабаваны сёння сінтэз мастацтваў. Дзеянне ўвесь час “мадулюе” да розных музычных жанраў: ад рэпа і эстраднай “папсы” да оперы, балета, меладрамы (у яе першасным сэнсе — як драматычнага дзеяння, размоўных маналогаў-дыялогаў на фоне музыкі). Гэты ўдалы ход, які надае спектаклю адметнасць, запісамі музычных нумароў не паляпшаецца: спевы пад “плюс” (а такія запісы тэатр выкарыстоўвае і ў іншых сваіх спектаклях) ствараюць рэзкі гукавы дысбаланс, парушаюць фонасферу. Дый артысты не ўмеюць “падстройваць” тэмбр свайго голасу пры пераходзе да “запісаных спеваў”, як гэта робіцца, да прыкладу, у тэлеверсіях аперэт, дзе граюць — адны, спяваюць — іншыя.

Н.П.: — Падводзячы вынікі, яшчэ раз павіншуем брэстчан з добрым “абменным курсам”.

Н.Б.: — Чатыры прывезеныя спектаклі склалі адзіную тэматычную лінію, надзвычай актуальную для такой пляцоўкі, як сцэна ТЮГа: бацькі і дзеці, паразуменне паміж імі. Пры ўсёй рознасці спектакляў, гастролі прадэманстравалі і такія асаблівасці тэатра, як добрая сцэнаграфія, але часам дзіўнаватыя сцэнічныя строі; імкненне да сучасных прыёмаў, але часам адсутнасць неабходнай матэрыяльнай базы, каб напоўніцу іх рэалізаваць; неабходнасць вытрымліваць мастацкі густ, не сыходзячы да пародыі на яго. Варта і надалей працаваць над маўленнем і пасылам голасу, каб не было бубнення сабе пад нос ці пераходу на крык, залішняга знешняга пафасу замест унутранай энергетыкі і эмацыйна-сэнсавай напоўненасці. Нарэшце, пошукаў (а ў палове выпадкаў — і рэальных знаходак) цікавых рэжысёрскіх “ключыкаў” да абранага драматургічнага матэрыялу. Відавочна, што тэатр развіваецца (у тым ліку, пад уплывам прыдуманага і ўжо колькі гадоў запар арганізаванага ім Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”) — і развіваецца ў актуальным еўрапейскім кірунку, нават звяртаючыся да “нефестывальных” спектакляў, разлічаных на самую шырокую публіку.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"