Над-рэалізм “выбітага зуба…”

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Мастацкая выстава “Пяро з выбітым зубам…” доўжыцца з часу святкавання Міжнароднага дня музеяў і з’явілася прэамбулай да акцыі з нагоды “Ночы музеяў” пад назвай “Бюро сюррэалістычных паслуг”. Кампануючы жывапісныя палотны, графічныя творы, скульптуру, умоўныя пластычныя кампазіцыі, аўтары экспазіцыі ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі пастараліся дасягнуць яе канцэптуальнай скіраванасці да ўспрыняцця свету на ўзроўні падсвядомага, да эстэтыкі сюррэалізму — аднаго з самых значных і даўгавечных мастацкіх кірункаў еўрапейскага авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя, які, узнікшы ў Францыі напачатку 1920-х і, паступова зліваючыся з масавай культурай, стаў неад’емнай часткай постмадэрнізму.

/i/content/pi/cult/589/13087/8-1.jpgВобразы “Пяра з выбітым зубам” з верша англійскага паэта-сюррэаліста Хью Сайкса Дэвіса скіраваны ў сваім шырокім разуменні да свабодных асацыяцый і ўнутрана суадносяцца з вобразамі твораў на выставе. Аўтары, імкнучыся паглыбіцца ў філасофскія таямніцы быцця, усё ж успрымаюць больш знешнія праявы эстэтычнай свабоды ад маральнага прымусу, сцвярджаючы, што гармонія і розум — гэта падман. Таму ў Сяргея Сялецкага алагічна вырастаюць кветкі з яблыкаў, у Анатоля Скамарошчанкі стары буфет ціха згадвае іпастасі свайго лёсу, у Івана Русачака моцныя рукі падтрымліваюць у паветры старажытны карабель. Атмасфера непрадказальнасці пранізвае цыкл работ Уладзіміра Голуба, дзе фантомы жаночых мараў плаўна перацякаюць у хаатычнасць канструяванай прасторы, а вар’яцтва ўмоўна-раслінных людзей таго ж Сяргея Сялецкага як бы трансфармуецца ў абсурднасць сціснутага наваколля. Красамоўнае танга выконваецца касметычнымі флаконамі разам з аўтарам сюжэта Аляксандрам Балдаковым. Прарочыя сны таемнай асобы, схаванай Сяргеем Асапрылкам пад белы саван, узмацняюцца мроямі імператара, якія адпускаюцца на волю Сяргеем Грыневічам і падхопліваюцца разважлівай загадкавасцю перажыванняў Жанны Чыстай. Узлятаючы ў вышыню з сонечнасцю дня Пятра Янушкевіча, спантанныя думкі вянчаюцца каронай дзённага свяціла Валянціны Шобы. Зменлівыя ў сваіх настроях і паводзінах цацачныя фігуркі Вікторыі Ільіной ладзяць асабісты спектакль на падаконніку сусвету.

Творцы прадстаўляюць гледачу свой погляд на арганічныя суадносіны рэальнасці і ілюзій, розуму і парадоксаў у існаванні чалавека. Палатно Валерыя Мартынчука “Масей”, якое асацыюецца з вядомым творам Зігмунда Фрэйда, партрэт Сальвадора Далі работы Аляксандра Бабянкова прымушаюць гледача апеляваць да ўстойлівых сусветных архетыпаў і асобаў. Містыфікацыйная вобразнасць Юрыя Якавенкі сімвалічна ўзыходзіць да магнетызму сярэднявечча, запрашаючы гледача ўвайсці ў краіну ілюзій. Па перыметры знешняга свету вандруюць вычварныя па сваіх пластычных канфігурацыях постаці, віртуозна зробленыя з металу Юрыем Мацко, з керамікі і металу — Валерыем Мартынчуком, з дрэва — Уладзімірам Панцялеевым. “Малекулярныя сувязі” з шамоту Яўгена Адзіночанкі асацыятыўна ўзнаўляюць унутраныя стасункі сучаснага мастацтва са стылістычнымі дасягненнямі еўрапейскай эстэтыкі.

У аснове канцэпцыі ляжыць ідэя сцвярджэння неабмежаваных духоўных магчымасцей чалавека ў неабсяжнай жыццёвай прасторы.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна