Сам сабе… канкурэнт

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

У студэнцтве мне не раз даводзілася падрабляць на навагодніх ранішніках у дзіцячым садку ў якасці Дзеда Мароза. Што ні кажы, а гэта быў істотны дадатак да стыпендыі. Такую навагоднюю падпрацоўку многія мае сябры пакідалі за сабой нават і пасля заканчэння ўніверсітэта, апранаючыся ў строі Снягурак і Ведзьмакоў падчас калядных дзён, хоць працавалі ўжо ў школах, у газетах, у музеях. І вось зусім нядаўна пра такія ж падпрацоўкі артыстаў распавёў у інтэрв’ю “Вячэрняму Мінску” дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч. Ён пажаліўся на тое, што ягоным супрацоўнікам з-за нізкіх заробкаў у 4 мільёны “з хвастом” даводзіцца займацца самай рознай працай.

/i/content/pi/cult/589/13081/4-22.jpg— Чалавек творчы працуе 24 гадзіны ў суткі, — адзначыў у тым інтэрв’ю спадар Пятровіч. — Яму трэба пракарміць сябе і сваю сям’ю. Калі яго зарплата складае два мільёны з невялікім, тры ці нават чатыры мільёны рублёў, што ён будзе рабіць? Ён будзе шукаць, як зарабіць грошы. Таму сёння артысты многіх тэатраў шукаюць другую працу, падпрацоўку. Хтосьці працуе педагогам у навучальных установах культуры і мастацтва, хтосьці вядзе прыватныя ўрокі, хтосьці спявае ў царкоўным хоры. А хтосьці раскладвае тавары па паліцах у краме, кладзе плітку, выконвае рамонтныя работы…

Мяркую, згаданая праблема прысутнічае не толькі ў сталіцы, бо, як ужо неаднаразова згадваў, заробкі ў сферы культуры сёння адны з самых нізкіх па краіне. Гэтым разам напішу пра тое, якім чынам зарабляюць супрацоўнікі ўстаноў культуры ў блізкіх да яе кірунках. Напрыклад, у дырэктара Дома культуры ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Міхаіла Шыкунца, з якім я даўно знаёмы, ужо колькі гадоў ёсць пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка. Ён аказвае культурныя паслугі насельніцтву на карпаратывах і вяселлях, маецца нават свой асабісты камплект гукаўзмацняльнай апаратуры, які часам даводзіцца выкарыстоўваць і для правядзення агульнагарадскіх дзяржаўных мерапрыемстваў. І, натуральна, названая падпрацоўка папаўняе сямейны бюджэт.

Тое самае магу сказаць пра яшчэ аднаго свайго даўняга знаёмца — дырэктара сельскага Дома культуры Аляксандра Бабіна з вёскі Плябанаўцы на Ваўкавышчыне. Ён здаўна афіцыйна падпрацоўваў вядучым на вяселлях, а цяпер заняўся іншым кірункам дзейнасці: фатаграфіяй.

— Праз невысокі заробак многім супрацоўнікам сферы культуры больш выгадна ўзяць дзень адпачынку без захавання зарплаты і адпрацаваць у гэты дзень на карпаратыве ці вяселлі, — кажа Аляксандр Бабін. — Натуральна, аўтэнтычныя калектывы таксама падпрацоўваюць такім чынам на нейкіх святах, папаўняючы скарбонку платных паслуг, але тое зазвычай разавыя выступленні. А вось індывідуальнага прадпрымальніка і, натуральна, прафесіянала запрашаюць пастаянна.

Загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Васіль Дранько-Майсюк падпрацоўвае і Зюзяй, і Дзедам Марозам падчас калядных святаў.

— Так, я падпрацоўваю на Новы год, але магу ладзіць розныя мерапрыемствы, — сказаў “К” Васіль Дранько-Майсюк. — Займаюся гэтым даўно, і атрымліваю ад падпрацоўкі задавальненне. У гэтай справе шмат залежыць ад таго, ці падабаецца табе працаваць з дзецьмі, ці хочацца несці ім радасць і вяселле. Мне, натуральна, хочацца, ды і падпрацоўка — гэта, вядома ж, заўсёды добра…

Так што, бывае, дадатковая праца ў сферы культуры — не толькі сумны абавязак у часы нізкіх заробкаў культработнікаў, але таксама і радасць. Усё залежыць ад таго, як да гэтага ставіцца. Скажам, я з задавальненнем згадваю свой досвед Дзеда Мароза, хаця даўно гэтым не займаюся. Мяркую, гэткія ж добрыя ўспаміны ва ўсіх, хто ў свой час “шчыраваў” на каляднай ці навагодняй ніве.

І яшчэ. Як адзначыў ужо згаданы Аляксандр Бабін, сёння многія прыватныя арганізацыі ды прадпрымальнікі гатовы перахапіць у культработнікаў арганізацыю забаўляльных праграм.

— У прыватнікаў, аніматараў, ёсць і найноўшая гукаўзмацняльная ды светлавая апаратура, і свежыя праграмы, — кажа Аляксандр Бабін. — Да таго ж, яны гатовы выехаць у любую кропку краіны ў любы час. Думаю, канкурэнцыя ў гэтым кірунку будзе толькі ўзрастаць.

Галоўнае пытанне, мабыць, у тым, ці змогуць адпавядаць новым умовам супрацоўнікі дзяржаўных устаноў культуры? Ці змогуць яны быць такімі ж прывабнымі на сваёй “дзялянцы”, як іхнія калегі з прыватнага сектара? Сфера культуры, на жаль ці на шчасце, сёння існуе ў рынкавых умовах, і калі пакупніку — гледачу, слухачу, наведвальніку — не спадабаецца тая ці іншая імпрэза, ён на яе наступным разам проста не пойдзе, а паедзе на прыватны фальклорны фэст, завітае на рок-н-рольны канцэрт ці запросіць Дзеда Мароза дахаты. Змаганне за месца пад сонцам у сферы культуры даўно ўжо пачалося, у тым ліку — і з-за нізкіх заробкаў у сферы культуры. Хто ж пераможа?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"