Па дзядзінцы нашай гісторыі. Пад знакам Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

У гэтым нумары “К” больш разгорнута распавядае пра нашы палацы, сядзібы, храмы, гарадзішчы — тыя помнікі гісторыі і культуры, што пад дзяржаўным клопатам атрымліваюць новае жыццё, і тыя, якім патрэбна “хуткая дапамога” і добрыя гаспадарлівыя рукі, а таксама пра бясследна зніклыя... Адна з адметнасцей спадчыны Беларусі — драўлянае народнае дойлідства. Унікальныя яго ўзоры сабраны ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца паблізу старажытнага мінскага гарадзішча...

Каб здзяйсняліся праекты скансена

— У нас 25 будынкаў на экспазіцыі, — кажа дырэктар музея народнай архітэктуры і побыту Святлана ЛАКОТКА. — У стадыі незавершанай рэстаўрацыі знаходзяцца 7 аб’ектаў. А перавезеная з вёскі Даўбучкі мячэць і чыгуначная станцыя Уша пачатку ХІХ ст. шмат гадоў у складзіраваным стане, на іх аднаўленне патрэбны інвестыцыі.

У 2007 г. музей завяршыў распрацоўку праекта рэстаўрацыі двух каштоўных помнікаў — Праабражэнскай царквы 1707 г. з вёскі Барань Аршанскага раёна і млына з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна.

 /i/content/pi/cult/158/1308/Mlyn.jpg

Яны былі прывезены яшчэ ў 1990-я гг., і тады іх рэстаўрацыя засталася незавершанай. Цяпер гэтыя будынкі ў аварыйным стане.

Праект прадугледжвае пракладку пад’язных шляхоў да абодвух помнікаў, унутрымузейных дарог па экспазіцыйным сектары “Падняпроўе”, дзе знаходзяцца гэтыя помнікі, сістэм энергазабеспячэння, супрацьпажарнай сігналізацыі і пажарагашэння. На яго ажыццяўленне патрэбна каля 2 мільярдаў беларускіх рублёў.

— Вельмі складана цяпер знайсці спецыялістаў, якія валодаюць старадаўнімі цяслярскімі інструментамі і тэхналогіямі, — кажа пра яшчэ адну праблему Святлана Аляксандраўна. — У музейнай рэстаўрацыйна-будаўнічай службе зараз 4 работнікі пры штатным раскладзе — 6. Выпускнікоў 24-га Мінскага СПТВ будаўнікоў, якіх мы запрашалі на працу, не вабіць нізкая зарплата. Хацелася б, каб пры “Аб’яднанай дырэкцыі будуючыхся аб’ектаў” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было створана падраздзяленне, якое б спецыялізавалася на рэстаўрацыі драўляных будынкаў і архітэктурных элементаў. З яго дапамогай мы маглі б рэалізоўваць далейшыя праекты пашырэння экспазіцыі музея.

Актуальная праблема — рамонт стрэх. Недапушчальна, каб яны працякалі, бо вільгаць плодзіць згубныя для дрэва грыбкі і мікраарганізмы. Летась перакрылі гумно з вёскі Кемянцы Браслаўскага раёна і два хлявы — з вёсак Заброддзе Стаўбцоўскага раёна і Агароднікі Слуцкага раёна. Сёлета на бягучы рамонт музею выдаткавана 160 мільёнаў рублёў, хаця патрэбна сума нашмат большая.

Канешне, супрацоўнікі скансена зацікаўлены зарабляць па максімуме платнымі паслугамі, але любых рэальна магчымых прыбыткаў будзе недастаткова для яго надзённыхпатрэб. З мэтай павелічэння пазабюджэтных даходаў музей распрацоўвае і прапануе наведвальнікам шматлікія тэматычныя святы і мерапрыемствы, гульні і забавы, напрыклад, катанне на брычцы. Ужо тры гады вялікім попытам карыстаецца абрад “Беларускае вяселле”, які летась быў праведзены для 47 пар маладажонаў. Добрую славу займелі сезонныя святы, на якія запрашаецца шырокая публіка. 9 красавіка на выстаўцы “Адпачынак-2008”, арганізаванай Міністэрствам спорту і турызму для турыстычных фірм, музей з поспехам прэзентаваў новую праграму “Камаедзіца”, прысвечаную пчалярству і татэмнай жывёліне старажытных беларусаў — мядзведзю. На выхадныя і святы сюды прыязджаюць народныя майстры са сваімі вырабамі, наладжана праца карчмы, дзе можна пачаставацца традыцыйнымі беларускімі стравамі. Ды прыток наведвальнікаў у музей пад адкрытым небам наўпрост залежыць і ад сезона, і ад надвор’я.

Бясснежнай гразкай зімой рэдкія госці завітвалі сюды, вось калі б снег ды сонца — іншая справа...

Тым не менш, Святлана Лакотка і яе калектыў бачаць будучыню музея ў яго развіцці, у рэалізацыі новых праектаў. Адзін з іх павінен хутка здзейсніцца. У Паўночным завулку Мінска, у былым Лютэранскім прадмесці музею належаць дамы №№ 22 і 26, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Нядаўна праведзена тэхнічнае абследаванне дома № 22, а для дома № 26 распрацоўваецца праект рэканструкцыі, каб адкрыць у ім сталічны філіял Музея народнай архітэктуры і побыту.

Святлана ІШЧАНКА
На здымку: старажытны млын —
з экспазіцыі
музея народнай архітэктуры і побыту.

Фота Юрыя ІВАНОВА