Праблемы? Варыянты?

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Прыстасаванне індустрыяльных пабудоваў мінулых стагоддзяў і дзесяцігоддзяў да сучасных патрэбаў — такому пытанню быў прысвечаны “круглы стол” з удзелам архітэктараў і жыхароў сталіцы, зладжаны грамадскай арганізацыяй “Экаград” .

Кірунак дойлідства, звязаны з індустрыяльнай архітэктурай, паўсюдна актыўна развіваецца. У шмат якіх краінах свету ў сталіцах і буйных гарадах з’явіліся і з’яўляюцца раёны на месцы былых прадпрыемстваў. Гэта тэрыторыі — добраўпарадкаваныя, з камфортнай, сучаснай інфраструктурай, з цікавымі музеямі, кавярнямі, спартыўнымі заламі, адрэстаўраванымі гістарычнымі будынкамі.

З канцэпцыяй такіх раёнаў — створаных і тых, што ствараюцца, пазнаёміў гасцей “круглага стала” даследчык Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў “Саsе Беларусь” Дзмітрый Бабіцкі. Ён прывёў прыклады ўдалых праектаў, якія ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах садзейнічаюць развіццю гарадоў і краінаў, станаўленню іх сучаснага іміджу. Цікава працуюць, у прыватнасці, нашы суседзі ў Польшчы. У Варшаве на месцы былога прадпрыемства ХIХ стагоддзя, падобнага да мінскага “Крышталю”, з’явіўся сучасны раён, дзе пабудаваныя камфортныя дамы, шматлікія культурніцкія пляцоўкі. У выніку польскія горадабудаўнікі вырашылі шмат праблемаў, адна з якіх — удалае размеркаванне і выкарыстанне гарадской зямлі.

Дадзеная праблематыка асабліва актуальная для Мінска. Наша сталіца згодна статыстыкі — адзін з самых шчыльна забудаваных гарадоў у Еўропе. І менавіта такі сучасны падыход, як прыстасаванне шматлікіх прамысловых зон пад патрэбы вялікіх мегаполісаў, здолее вырашаць, на думку Дзмітрыя Бабіцкага, мноства наспелых горадабудаўнічых пытанняў.

Прамысловая спадчына Мінска — праблема альбо новыя магчымасці? Такім пытаннем задаўся архітэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута горадабудаўніцтва Дзмітрый Бібікаў. Распавёўшы пра вопыт забудовы на месцы старой прамысловай тэрыторыі ў іспанскім горадзе Більбао з удзелам сусветнавядомага архітэктара Нормана Фостара сучаснай крэатыўнай зоны з рэстаранам у былым цэху, адметных музеяў найсучаснай інфраструктуры, якая стварыла новы імідж горада, зрабіла яго вядомым у свеце, даследчык падкрэсліў, што дадзены падыход — найбольш аптымальны і перспектыўны. Такіх прыкладаў у свеце шмат. Гэта і Калвер-Сіці ў раёне Лос-Анджэлеса, і сучасна асэнсаваныя тэрыторыі Рурскага басейну ў Германіі. Беларускія архітэктары таксама спрабуюць працаваць у дадзеным кірунку. Цікавымі з’яўляюцца, на думку Дзмітрыя Бібікава, архітэктурныя пошукі, годныя ўвагі і падтрымкі, у раёне вуліцы Кастрычніцкай у Мінску — на месцы збудаванняў ХIХ стагоддзя, помнікаў прамысловай архітэктуры.

Наталія АЛЕСЯЕЎСКАЯ