Для каго “…Букет”?

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

У сталічным Лошыцкім парку адбыўся чарговы Рэспубліканскі фестываль “Вясновы букет”.

/i/content/pi/cult/589/13072/7-1.jpg300 майстроў у Лошыцы

У сталічным Лошыцкім парку было адчуванне, што вобласці прадстаўлены няроўна: шмат майстроў з Гомельшчыны, Віцебшчыны, трохі менш — з Брэстчыны. Міншчына, Магілёўшчына і Гродзеншчына, падалося, дэлегавалі менш майстроў.

Некаторыя раёны прывезлі выставы этнаграфічных рэчаў, некаторыя выставілі работы метадыстаў і дзяцей з гурткоў. Гандлявалі ж далёка не ўсе. Ад майстроў, якія прыехалі менавіта з мэтай нешта прадаць, чуліся нараканні, што людзей мала, ходзяць пераважна ўдзельнікі, нічога не купляюць. Так і было: колькасць наведвальнікаў “з горада” не перавышала звычайнай колькасці тых, хто выбраўся ў суботу ў парк. Сітуацыя была такой ці не заўсёды, нават у год правядзення ў Мінску Чэмпіянату свету па хакеі. Гэта пытанне, відаць, да ўсіх арганізатараў падзеі, чаму піяр годнага мерапрыемства менавіта такі.

Мне кірмаш бачыцца месцам, дзе магчыма набыць рэчы для дома. Ці “далучыцца да традыцый не выязджаючы з Мінска”. Ці прыдбаць “вышыванку” (так у беларускіх вёсках не казалі, гэта інтэрнэт-новамова, але і яе варта скарыстаць). Мабыць, ад таго, што ў медыя стала гучаць тэма геаметрычнага арнаменту, на “Вясновым букеце”, у параўнанні з мінулымі гадамі, паболела рэчаў, зробленых па аўтэнтычных узорах.

З рамёстваў са статусам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі можна было пабачыць валожынскія паясы, віцебскія маляваныя дываны, бярозаўскую птушку-абярэг, неглюбскае ткацтва. Добра, што гэтыя элементы папулярызуюцца, майстры не сядзяць дома. Але ж хацелася б бачыць інфармацыю пра наяўнасць статусу на стэндах раёнаў. Для разгляду Радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры рыхтуюцца важкія папкі з інфармацыяй: дакументы, фота, копіі артыкулаў у СМІ. Хай бы госці “Вясновага букету” пагарталі тыя матэрыялы, ацанілі працу метадыстаў ды экспертаў.

Прадстаўніцы грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прадэманстравалі рэгіянальныя строі, зробленыя ўласнаруч у навучальных гуртках. Яскравыя строі былі на ўдзельніках з рэгіёнаў, праўда, часта стылізаваныя.

“Вясновы букет” — бадай адзіны міжнародны рамесны фестываль у Беларусі, куды прыязджаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Ён, безумоўна, патрэбны, але з умовай хоць нейкага піяру, каб не атрымлівалася мерапрыемства для ўдзельнікаў ды мінакоў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Хіба ж яна фантомная?

Букет — гэта кампазіцыя, дзе ўсё падпарадкавана пэўнаму рытму і кожная дэталь гарманічна дапаўняе адна адну. Мне бачыцца гэты вясновы фестываль народнай культуры менавіта такім — кампазіцыйна ўдалым. У Лошыцкім палацава-паркавым комплексе 28 мая супала галоўнае: прыезд лепшых носьбітаў традыцыйных рамёстваў з розных куткоў краіны, шматлікія ўзоры працы, якія смела можна аднесці да матэрыяльнай каштоўнасці, прырода ў якасці дэкарацый да дзеі і цудоўнае летняе надвор’е.

“Вясновы букет” нельга недаацэньваць, бо ён ладзіцца, у першую чаргу, для мінчан, а тутэйшая публіка, як ніякая іншая, знаходзіцца ў адрыве ад традыцый продкаў. Рэгіянальная культура бачыцца з Мінску нярэдка местачковай, нязначнай, нават фантомнай. Тым жа часам дамы рамёстваў і фальклору ў рэгіёнах поўняцца таленавітымі людзьмі, якім ёсць што паказаць і чаму навучыць.

Таму вельмі засмучае адсутнасць годнай рэкламы напярэдадні фэсту. Многія так і не даведаліся пра імпрэзу амаль у цэнтры сталіцы і не наведалі яе (а ў Сеціве можна лёгка і бясплатна прарэкламаваць усё, што заўгодна). Але тыя, хто былі, упэўнена, ацанілі маштаб і якасць фестывалю.

Хацелася б акрэсліць спрэчныя моманты. Не для таго, каб нашкодзіць іміджу “Вясновага букета”, а хутчэй наадварот, каб па магчымасці выправіць пэўныя нюансы. Гэта толькі маё меркаванне, але на фестывалі традыцыйнай культуры павінна гучаць выключна народная музыка (не важна, аўтэнтычная ці апрацаваная). Часцяком жа чулася нешта “з іншай оперы”. Хаця збольшага было прыемна слухаць і глядзець выступленні калектываў. Зноў жа сярод майстроў сустракаліся і звычайныя аматары хэнд-мэйда. Нічога супраць іх не маю, але фестываль прысвечаны зусім не завушніцам з бісеру ці фэйкавым “вышыванкам”. Ну і апошняе: мне падаецца, на такіх імпрэзах вельмі дарэчнай глядзелася б беларуская кухня, а не шашлыкі, марожанае і піва на разліў. Некалькі кропак з дранікамі, гарбатай, садавінай і гароднінай маглі б разбавіць гэты шэраг і прапанаваць людзям альтэрнатыву.

Аліна САЎЧАНКА

З ухілам у... старасветчыну?

Паездзіўшы па фэстах у розныя гарады Беларусі, магу сказаць, што і рэжысура, і структурныя складнікі святаў у агульных рысах супадаюць паўсюль.

Гэта звычайна адкрытая пляцоўка, на якой прафесійныя ці самадзейныя гурты шчыруюць дзеля добрага настрою публікі, гандаль сувенірамі, работамі народных майстроў і зручнымі побытавымі прыладамі, кавярні і кіёскі з прысмакамі, атракцыёны. І патрэбны творчы падыход, немалое майстэрства і арганізацыйны талент, каб з гэтых стандартных кампанентаў зладзіць свята з рысамі ўнікальнасці. Свята, якое запомніцца, вылучыцца з шэрагу падобных. І тут адзін з галоўных, вызначальных, чыннікаў поспеху — фон, на якім разгортваецца свята. Адна і тая ж дзея будзе ўспрымацца па-рознаму на тле дэпрэсіўнага прамысловага ландшафту і ў маляўнічым парку, з якога паўсюдны цяпер хай-тэк яшчэ не выцясніў рамантычныя прывіды старасветчыны.

Лошыцкі парк у гэтым сэнсе — проста знаходка. Сёння, калі ён добраўпарадкаваны, сядзібны комплекс адрэстаўраваны, створана інфраструктура шпацыру (пехатой і на роварах) і ўсялякія зручнасці для адпачынку, сюды прыемна патрапіць і без дай прычыны, а тым больш — дзеля нейкай адмысловай праграмы. Дадам, што хоць да парка яшчэ не дацягнулі метро, гэты раён не ўспрымаецца далёкай ускраінай: дабрацца ад чыгуначнага вакзала да Лошыцы можна за якіх-небудзь 15-20 хвілін. Ды і ўвогуле, тут улюбёнае месца адпачынку мінчан, якое па папулярнасці дасягае іншых, больш вядомых, паркаў сталіцы.

Прыехаўшы на фэст, я наведаў цудоўны парк і ўжо праз адно гэта не лічу час змарнаваным. Што да самога свята, дык ягоную рэжысуру, на маю думку, варта было б прыстасаваць да месца правядзення. Каб быў не проста кірмаш сувеніраў, падобны на іншыя, а з тэматычным ухілам у беларускую старасветчыну. Адраджаць гістарычную спадчыну і выхоўваць патрыятызм можна не толькі на звыклых саломцы і кераміцы, але і на ўзорах матэрыяльнай культуры сацыяльнай эліты — беларускай шляхты.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст