…І будзе шчасце

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Мне даводзілася чуць ад людзей творчых прафесій крыўды на сваю незапатрабаванасць грамадствам і дзяржавай. Маўляў, аддаў кавалак жыцця вучобе (мастацкая школа — каледж — акадэмія), набыў веды і навыкі, прыдбаў сякі-такі творчы досвед, а ў дадатак — усведамленне, што ўсё гэта нікому не патрэбна. Няма працы, якая адпавядала б кваліфікацыі выпускніка акадэміі — адпаведна, няма грошай, якіх варты творца… І прыходзяць роспачныя думкі пра змарнаванае жыццё.

/i/content/pi/cult/588/13061/4-28.jpgКалі чую такое, дык згадваю адну гутарку з жывапісцам Віктарам Маркаўцом. Яна адбылася, калі мастак ужо напісаў свае лепшыя карціны, прамінуў пік папулярнасці і, падобна на тое, ён перажываў пэўны творчы крызіс. На маё простае і, можа, не надта карэктнае ў дадзенай сітуацыі пытанне, якой ён бачыць сваю будучыню, Віктар адказаў: “Калі не здолею зноў прыдумаць нешта патрэбнае людзям, змяню прафесію”. І ніякіх крыўдаў на незапатрабаванасць, на тое, што глядач, маўляў, не дарос да разумення высокага мастацтва, і, маўляў, праз гэта творца мусіць бедаваць ад безграшоўя. Спадар Віктар разумеў, што творчасць — гэта заўжды рызыка; што прафесіянал, незалежна ад стаўлення да публікі, мусіць ёй падабацца. У мастака для заказчыка павінна быць прапанова, ад якой заказчык не здолее адмовіцца.

Паводле такога прынцыпу працуе група творцаў, што шчыруюць у галіне мастацкага тэкстылю, аб’яднаная арт-праектам “Сем+”. За кароткі тэрмін з моманту стварэння сябры суполкі на энтузіязме, не чакаючы падтрымкі, зладзілі некалькі выстаў. Так бы мовіць, заявілі пра сябе. Змешчаная ў Сеціве інфармацыя пра гэтыя імпрэзы трапіла на вока прадстаўнікам Міністэрства замежных спраў Беларусі, і мастакам прапанавалі супрацоўніцтва з МЗС. Супольная праца творчага аб’яднання і дзяржаўнай установы мела станоўчы вынік. Пад эгідай Міністэрства за мяжой адбылося некалькі выстаў. У адных выпадках мастакі прадстаўлялі саміх сябе, у іншых выстаўляліся ў звязцы з керамістамі.

Да прыкладу, праект “Каляровая нізка”, які зыходна рабіўся для Віцебска ў рамках чарговага міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Напачатку выстаўка экспанавалася ў горадзе на Заходняй Дзвіне, потым — у сталіцы. А ў 2014 годзе пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Сербіі, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва з Мінска і “Рускага Дома” ў Белградзе была прадстаўлена ў балканскай краіне. Праект “Натхненне”, у якім бралі ўдзел сябры “Сем+”, а таксама група керамістаў, спачатку пабачылі ў Мінску. Далей да справы спрычынілася Пасольства Беларусі ў Германіі, і выстава была прадстаўлена ў музеі-замку Грыбенаў (Грайфсвальд). Далей — Берлін, Расійскі дом навукі і культуры: выстава ў кантэксце Форума дырэктараў рускіх мастацкіх музеяў Расіі і Еўропы. Потым — берлінская галерэя “Арт-дэпо” і горад Макленбург. Згаданая вандроўка ахоплівае 2012-2013 гады.

Адзначым арт-праект “Карункавы спеў” па матывах беларускіх ручнікоў. Прэзентацыя праекта адбылася ў Мінску, у будынку Міністэрства замежных спраў. Потым у 2013 — 2014 гадах выстава вандравала па Польшчы і Германіі: галерэя Жэшува, Гурнашлёнскі музей (Бытам), Расійскі Дом (Варшава), Драматычны тэатр Нінбурга.

Далей сябры суполкі бяруць удзел у беларуска-польскай культурнай імпрэзе, якую ладзілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Акадэмія выяўленчых мастацтваў імя Уладзіслава Стржэмінскага ў Лодзі (2014 год). Гэта праект “Прыгажосць у падарунак”, а ў ягоных рамках —“круглы стол”, семінар, выстава “Настаўнікі і вучні”. Наступным годам  — выставы ў Гайнаўцы і Бялай Падлясцы (Польшча), арт-праект “70 гадоў міру” ў Берліне. У бягучым годзе — выстава ў цэнтры беларускай культуры пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Польшчы і выстава “Kolo-art”, якая ўжо экспанавалася ў Мінску і прызнана вартай для замежнага турнэ. Куратарамі праектаў нязменна выступаюць Ала Непачаловіч і Наталля Сухаверхава.

Гэтую творчую справаздачу, у аснове якой супрацоўніцтва творцаў і дзяржаўных службоўцаў, я прывёў для ілюстрацыі вядомай тэзы “Хто грукае ў дзверы, таму і адкрываюць”. Сакрат жа казаў: “Загавары, каб цябе пабачылі”. Зрабі прапанову, ад якой не здолеюць адмовіцца, і, як кажуць у народзе, “будзе табе шчасце”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"