Пра два фестывалі

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

У бліжэйшы час у Беларусі адбудуцца дзве знакавыя падзеі: 4 — 5 чэрвеня ў Гродне запланавана правядзенне XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, а 10 — 11 чэрвеня ў Маладзечне ў чарговы раз пройдзе Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”.

Як паведаміў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік міністра культуры Васілій Чэрнік, на фінальныя мерапрыемствы XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродна запрошаны прадстаўнікі UNESCO. Да слова, названы фэст, як і рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што ладзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці, сёлета пройдуць пад патранатам уплывовай міжнароднай арганізацыі.

У сваю чаргу дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка зазначыла, што ў 2016 годзе ў фінальных мерапрыемствах фестывалю ў Гродна прымуць удзел прадстаўнікі 38 нацыянальнасцяў — лепшыя суполкі і калектывы, адабраныя падчас рэгіянальных тураў форуму ў розных кутках краіны.

— Упершыню на форуме будуць прадстаўлены шрыланкійцы, нігерыйцы і амерыканец, — адзначыла Вольга Антоненка. — Удзельнікі з Шры-Ланкі і Нігерыі — студэнты беларускіх ВНУ, а амерыканец — васьмігадовы хлопчык-саксафаніст, бацька якога родам з ЗША.

Усяго ж у фестывальных імпрэзах у Гродне задзейнічаюць прыкладна 800 удзельнікаў, 330 з якіх пражываюць у Мінску. Па словах Вольгі Антоненка, у рамках аднаго з фестывальных праектаў вядомыя артысты выканаюць песні на нацыянальных мовах тых краін, родам з якіх іх продкі. Напрыклад, Іскуі Абалян праспявае на армянскай.

Плануецца праца розных пляцовак, падворкаў, дзе можна будзе пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Да сёлетняга фестывалю выпушчаны спецыяльны фотаальбом — своеасаблівы летапіс традыцыйнай падзеі. Гэта выданне ўключае здымкі, зробленыя фатографамі за 20 гадоў існавання фэсту. Прэзентацыя адбудзецца 4 чэрвеня, у дзень адкрыцця імпрэзы, на пляцоўцы аднаго з мясцовых кінатэатраў.

Як паведаміла начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыянна Нікалаева, лейтматывамі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016” стануць 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР, заснавальніка і кіраўніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна і Год культуры ў Беларусі.

— Правядзенне асноўных мерапрыемстваў фестывалю запланавана на базе амфітэатра ў Маладзечне, Палаца культуры і іншых устаноў горада, — сказала прамоўца. — У прыватнасці, пройдзе нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, нязменным мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. Праграмай прадугледжаны канцэрт з удзелам выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Мулявіна, паэтычная гасцёўня з удзелам беларускіх паэтаў, паказ спектакля “Пясняр” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, гала-канцэрт закрыцця фестывалю.

Усяго плануецца правесці больш за 200 мерапрыемстваў розных напрамкаў. Сярод найбольш цікавых — тэматычная выстава, прысвечаная Уладзіміру Мулявіну, якую арганізуе яго ўдава Святлана Пенкіна. Акрамя таго, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга падрыхтаваў канцэрт камерных калектываў, дзе прагучаць як старадаўняя беларуская музыка, так і творы сучасных кампазітараў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"