Тэкст — “складаны механізм”. І гэта не толькі вуснае або пісьмовае паведамленне. Згадаю Юрыя Лотмана, які замест формулы “спажывец дэшыфруе тэкст” прапануе больш дакладную — “спажывец мае зносіны з тэкстам”. Як падаецца, апошняя фармуліроўка падыходзіць (нават у прамым значэнні) для праекту “Іншыя гісторыі”. Чаму? Наведвальнік можа наўпрост мець зносіны з работамі студэнтаў: мацаць кнігі hand-made, зробленыя з розных матэрыялаў — папера, бавоўна… Мне заўсёды падабаюцца работы маладых аўтараў смеласцю і непрадказальнасцю — з гадамі, на маю думку, кіпучая энергія творцы, патрэба выказацца паступова страчваюць сваю вастрыню.
З беларускага боку экспануецца, у асноўным, жывапіс, а таксама інсталяцыі, відэа. Адразу хочацца адзначыць Фёдара Шурмялёва, вядомага па выставах “Сэлфі” і “Таленты Беларусі”. Зараз прадстаўлены твор “Шлях”, які ён зрабіў за 10 дзён падчас удзелу ў мерапрыемстве, што праходзіла ў Дрэздэне (дадам, некаторыя студэнцкія работы супалі, скажам так, “па гучанні” з тэмай “Іншых гісторый”). На карціне — дрэва з літар, з якіх можна скласці любую гісторыю — гульня з алфавітам. Як на мой погляд, твор добра ўпісваецца ў кантэкст выставы.
На адкрыцці сустрэла аднаго з куратараў праекту — студэнтку Акадэміі мастацтваў Алену Русакевіч. Яшчэ ў пачатку нашай размовы яна падкрэсліла, што куратар тут для таго, каб растлумачыць наведвальніку аўтарскую задуму. Таму яна вырашыла расказаць мне пра твор “0,5g”, які можна лічыць прыкладам сумеснай работы мастака і куратара. Вобразы прысніліся куратару-кансультанту Кацярыне Кенігсберг, і яна прапанавала мастаку Кацярыне Крыштопік зрабіць твор — матэрыялізаваць вобраз кнігі ў клетцы. Пад гісторыяй беларускія студэнты мелі на ўвазе дапоўнены візуальнай інфармацыяй тэкст, канцэпцыю спектакля (увасоблены вобраз — тэкст), карціны, лісты да Музы (вершы, запісы пра натхненне, творчасць…).
Што прапануюць студэнты Вільнюскай мастацкай акадэміі? Адзначу, што ў праекце іх значна больш (19 літоўскіх студэнтаў і 7 беларускіх). Іх кнігі (можна нават сказаць “арт-аб’екты”) варта разглядаць па трох прынцыпах: як аб’ект, эскіз і аўтарскі твор. З апошняга хочацца адзначыць дзіцячую кнігу з ілюстрацыямі Ліны Ітагакі і “Расклад” Вілтэ Жумбакітэ. Кнігі-эскізы прадстаўляюць дзённікі аўтараў, у якіх — малюнкі (у асноўным — накіды гарадскіх пейзажаў, людзі, паўсядзённасць, штосьці падобнае на коміксы…), каментарыі да іх і нейкія тэксты.
— Эскізныя кнігі — плынь думак. Усё, што балюча, смешна, цікава, мастак фіксуе. Зараз мяне хвалюе пытанне: “Ці будзе чалавеку, не звязанаму з мастацтвам, зразумела тое, што мы прадставілі?” Лічу, менавіта з такіх кніг “вырастаюць” тэмы, праблемы, якія хочацца вырашаць, звярнуўшыся ўжо да іншага фармату, — распавяла студэнтка Вільнюскай акадэміі Юлія Панова.
Прадстаўленыя на выставе работы студэнтаў ВМА не з’яўляюцца ілюстрацыямі на класічныя або сучасныя творы літаратуры. Студэнты бяруць тэксты з паўсядзённасці: фіксуюць тое, што бачаць і адчуваюць. Гэты матэрыял любы зразумее, бо ён шчыры.