Калі прагучаць прызнанні на Выспе кахання?

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Адзначаючы Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, “К” зноў звярнулася да тэмы аднаўлення старадаўніх сядзіб беларускай шляхты. Наш карэспандэнт выехаў на Іўеўшчыну, дзе захаваўся знакаміты палац Умястоўскіх. Мясцовыя ўлады і жыхары гэтага краю надаюць немалую ўвагу абароне муроў як ад уплыву часу, так і ад “чалавечага фактару”.

 /i/content/pi/cult/158/1304/Socium1.jpg
Дарэмна шукаць вандроўку па Іўеўскім краі сярод прапаноў беларускіх турагенцтваў: такі маршрут у спісе пакуль што не значыцца. Хаця, пабываўшы там надоечы, цяпер буду раіць сябрам пры нагодзе завітаць у гэты край, прыводзячы нават не адзін, а цэлых чатыры аргументы на карысць таго, што час яны дакладна не змарнуюць. Кожны з гэтых аргументаў можа стаць асобным вектарам развіцця турызму на Іўеўшчыне, своеасаблівым полюсам прыцягнення.Сапраўдная перліна краю мае вытанчанае гарманічнае атачэнне. І спыніўшыся ў знакамітым палацы ў Жамыслаўлі, турысты маглі б не толькі “ўжывацца ў вобраз” яго колішніх гас-

падароў магнатаў Умястоўскіх, але і спакваля знаёміцца з іншымі адметнасцямі Іўеўшчыны — балазе яны адтуль зусім непадалёк. Так, маглі б... Умоўны лад тут пакуль непазбежны. Бо сёння ў знакамітым палацы, дужа падобным да варшаўскіх Лазенак, людзям знаходзіцца небяспечна. І пытанне — ці здолее гэты край рэалізаваць свой турыстычны патэнцыял, зусім не рытарычнае. Яно настойліва патрабуе адказу менавіта сёння. Бо ўжо заўтра прычын для аптымізму на гэты конт можа значна паменець.

 
1. Маленькая Венецыя — Жамыслаўль
— Да нас шмат хто прыязджае, цікавіцца гэтым палацам, але… — кажа бібліятэкарка з Жамыслаўля Ядвіга Юхневіч. І скрушлівы тон яе голасу дазваляе лёгка дадумаць фразу.
Ейны боль цалкам зразумелы: мясцовыя жыхары не тое што не разрабавалі панскі палац, скарыстаўшыся адным са шматлікіх піруэтаў нашай шматпакутнай гісторыі, — наадварот, самі цягалі з лесу хвойныя лапкі, каб накрыць яго дах пад час бамбардзіровак Вялікай Айчыннай.
Напэўна, у тым, што сядзіба адносна добра захавалася ажно да нашага часу, ёсць унёсак і гэтых сціплых патрыётаў сваёй малой радзімы. Вядома, паўлінаў у шыкоўным некалі парку ўжо не сустрэнеш, ды і парк зусім не той, як стагоддзе таму,— хаця экзоты кшталту пенсільванскага ясеня растуць тут і пагэтуль, праўда, не такія дагледжаныя, як у гады сваёй “маладосці”. Але… усё ж ад сядзібы Умястоўскіх засталіся зусім не тыя пару каменьчыкаў плюс легенды ды ўспаміны, у якія ператварыліся многія іншыя шыкоўныя некалі палацы. І вандроўнік, патрапіўшы туды, будзе ўражаны нават і сёння.

Палац не страціў сваёй класіцыстычнай велічы. Ён па-ранейшаму дамінуе па-над наваколлем, не запхнуты ў гушчар нейкіх безаблічных бетонных “каробак”. Побач з ім у адносна добрым (ці, прынамсі, не самым горшым) стане захаваліся два флігелі, лядоўня, іншыя гаспадарчыя пабудовы… А зусім непадалёк — прыгожая запруда, утвораная хуткаплыннай ракой Гаўя, на якой у савецкія часы збудавалі ГЭС.

Раней тут была складаная сістэма каналаў — недарэмна ж краязнаўцы распавядаюць, што Аляксандр Дзюма, які нібыта наведваў гэтыя мясціны ўласнай персонай, назваў Жамыслаўль маленькай Венецыяй.

Цяпер такія эпітэты ўжо не маюць пад сабою падстаў, але ж… Новаўтвораная сажалка ўражвае сваёй маляўнічасцю асабліва тая выспачка з радком бярозак, якую тут ужо ахрысцілі Выспай кахання. Да таго ж, у чысцюткай вадзе прыемна купацца…

 /i/content/pi/cult/158/1304/Socium2.jpg

Здавалася б, згаданых вышэй фактараў мусіла б цалкам хапіць для таго, каб сядзіба ператварылася ў турыстычны аб’ект экстра-класа. Але… Лёс яе склаўся іначай. Прынамсі, пакуль што.

Пад час Першай сусветнай немцы зрабілі тут санаторый. У 1922 годзе Умястоўскія ахвяравалі сваю сядзібу Віленскаму універсітэту. А ўжо пасля вайны ў ёй размясціўся звыклы набор устаноў: кантора калгаса, бібліятэка-клуб ды яшчэ тое-сёе…

Перад фасадам з’явіўся досыць цікавы на той час (і ў тым афіцыйным атачэнні мо і да месца) узор сацрэалістычнай скульптуры — помнік героям Вялікай Айчыннай.

Бібліятэкарка Ядвіга Юхневіч пакінула будынак апошняй пару гадоў таму. Стан яго ўжо і тады нельга было ахарактарызаваць іначай, як аварыйны. І вось, цяпер у палаца засталася толькі адна “пачэсная” функцыя — у яго лёхах мясцовыя жыхары па-ранейшаму захоўваюць бульбу.

Казаць пра тое, што сіламі сельсавета або райвыканкама праблему гэтага помніка архітэктуры не вырашыць — нават залішне. І кожны, хто хаця б прыблізна ўяўляе, колькі будзе каштаваць адна толькі праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю такога аб’екта, спрачацца не стане. Тым болей, непазбежна ўзнікае пытанне адносна новага прызначэння будынка. Нашто маленькай вёсцы вялікі палац?

Таму максімум, на што былі здатныя мясцовыя ўлады, — гэта пазабіваць дошкамі яго вокны і зачыніць дзверы на добрыя замкі: не толькі дзеля таго, каб гародніну не пакралі. І— разам з усімі жыхарамі Жамыслаўля — чакаць далейшага развіцця падзей.

Зрэшты, пэўныя неадкладныя захады, пакліканыя не тое, што спрыяць адраджэнню палаца — хаця б запаволіць яго руйнаванне, — райвыканкам усё ж плануе зрабіць. Метадыст аддзела культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Уладзімір Пашкевіч трапна заўважыў, што ці не самая злабадзённая праблема для будынка няспраўнасць вадасцёкавай сістэмы. І цяпер малады спецыяліст думае, дзе б знайсці сродкі на новыя трубы, — прыкладам, праз стварэнне грамадскага фонду, на рахунак якога кожны ахвотны мог бы ўнесці пасільную лепту. І сапраўды, у гэты сонечны дзень няўзброеным вокам было відаць, як расталы снег бруіўся з даху па мурах будынка. Сентыментальны або рамантычны чалавек, без сумневу, назваў бы гэтыя струменьчыкі згубнай для палаца вадкасці слязьмі. Пэўна, ён бы не памыліўся.

Зрэшты, лёс палаца належыць вырашаць не рамантыкам, а прагматыкам. Тым болей, цікавасць апошніх да сядзібы была б цалкам заканамернай. І любыя маркетынгавыядаследаванні гэта засведчылі б— вядома, калі б яны ў нас наогул праводзіліся ў гэтай галіне. Пад жаданнем выехаць сюды ўлетку захацеў бы падпісацца не адзін мінчанін. А і без таго прыстойны лік замежных турыстаў, якія “арганізавана” адпачываюць на Беларусі — а летась іх колькасць перавысіла 50 тысяч чалавек, — яшчэ б павялічыўся.

 /i/content/pi/cult/158/1304/Socium3.jpg

Ну а я патэлефанаваў бы свайму стрыечнаму брату, капітану крымінальнага вышуку Санкт-Пецярбурга, які патрапіў у гэтую статыстычную зводку і быў з той прычыны цалкам задаволены. І параіў бы яму наступным разам прыязджаць у Жамыслаўль.

Перспектывы гэтага аб’екта відавочныя, і начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын не падзяляе песімістычныя прагнозы тых жыхароў раёна, якія лічаць, што “ну, яшчэ праз год-два там будуць толькі руіны”. А такія меркаванні я чуў сам, і ў пэўнай долі рацыі ім не адмовіш.

Без сумневу, яны ўрэчаісняцца, калі лёс сядзібы Умястоўскіх не вырашыцца ўжо ў найбліжэйшы час. І варыянт “хэпі-энду” тут, бадай, адзіны: добрыя гаспадарлівыя рукі плюс адпаведныя фінансавыя магчымасці. Без залежнасці ад формы ўласнасці.

… Між іншым, Іўеўскі край ужо мае досвед падобнай адаптацыі архітэктурных помнікаў да сучасных умоў. У старога вадзянога млына Іўя знайшоўся новы гаспадар, і таму будынак выглядае зусім не так, як большасць яго анахранічных “калег”. Замест прадрузлых сцен без даху мы бачым зграбную, папраўдзе “еўрапейскую”, камянічку, чыя новая функцыя ўжо цяпер цешыць мясцовых жыхароў, а з часам будзе радаваць і турыстаў. Хіба ж знойдзеш лепшае месца для кавярні?

…Зрэшты, гэта зусім не галоўная адметнасць.


2. Імам працаваў
у калгасе

Ісмаіл Шабановіч вітае нас на парозе сваёй сціплай драўлянай хаткі з той сардэчнасцю, за якую ўсе госці гэтак любяць жыхароў Беларусі. Гутарыць ён, дарэчы, “па-свойску”. З гонарам распавядае пра свайго ўнука, студэнта БНТУ, паказвае фота гэтага прыгажуна, зробленае пад час прыняцця вайсковай прысягі… Узгадвае, як і сам служыў у войску, на далёкай Поўначы. Урэшце, апранае жупан ды шапку-вушанку, каб павесці нас у свой храм.

Імам Іўеўскай мячэці жыве на вуліцы Савецкай. Хаця і цяпер, як “пры цары Гароху” або князе Вітаўце, усе “тутэйшыя” называюць яе не інакш, як Татарскай. Гэта адмысловы раён на карце Іўя. Татараў тут каля 800 чалавек — прыкладна 10% ад колькасці жыхароў мястэчка.Пра міжэтнічныя канфлікты жыхары Іўя ведаюць выключна з тэленавін: штодзённае жыццё ніколі не прымушала іх задумвацца на гэтую актуальную для многіх краін тэму. І гэтак ужо шэсць стагоддзяў…
Імам Шабановіч згадвае, як не так даўно ў сціплую мячэць, размешчаную на самай ускраіне мястэчка, завітала вялікая і прадстаўнічая дэлегацыя з Судана. Убачыўшы, што іх адзінаверцы праз дзесяткі пакаленняў захоўваюць сваю рэлігію і звычаі, усходнія госці былі расчулены літаральна да слёз.
Прыход мячэці не вельмі вялікі — у пятніцу там збіраецца на малітву з паўсотні чалавек. Але сваімі высілкамі і сродкамі, у літаральным сэнсе ўласнымі рукамі, вернікі падтрымліваюць храм у вельмі прыстойным стане. Збудаваны ён быў, дарэчы, яшчэ ў 80-ыя гады ХІХ стагоддзя, і з таго часу ніколі не зачыняўся! Хаця паразуменне з уладамі дасягалася не заўсёды гэтак лёгка, як цяпер, калі адносіны з райвыканкамам у мусульманскай грамады складаюцца выдатныя.
Гутарачы з імамам, дзіву даешся, наколькі лёсы двух зусім, здавалася б, далёкіх паводле свайго этнагенезу народаў беларускага і татарскага — зрасліся за вякі суіснавання. Папярэднік Ісмаіла Шабановіча, які праслужыў у Іўеўскай мячэці больш за паўстагоддзя, нават працаваў у калгасе — як просты беларускі селянін.
Ды і праблемы ў гэтых народаў адзіныя. Адной з іх падзяліўся са мною жвавы 78-гадовы імам Шабановіч: як бы гэта знянацныя вясновыя снегапады не пашкодзілі цяпліцы з рэдзькай! Мала хто ведае, што першая рэдзька, якая з’яўляецца ўвесну на мінскіх паліцах, — менавіта з гародаў іўеўскіх татар.
Насуперак стэрэатыпам пра сваю ваяўнічасць, цяпер беларускія прадстаўнікі гэтага народа спецыялізуюцца збольшага на сельскай гаспадарцы.
Цікава, як адрэагавалі б на гэты факт тыя мярзотнікі, што пару тыдняў таму абклеілі вагоны мінскага метро стыкерамі з брыдкімі словамі на адрас ісламу?
Задаць імаму пытанне пра яго стасункі з хрысціянскімі канфесіямі я, прызнацца, доўга не наважваўся. Даваліся ў знакітыя самыя стэрэатыпы: раптам яно будзе “нязручным”? Але Ісмаіл Аляксандравіч не вагаўся з адказам і прастадушна распавёў, што стасункі гэтыя самыя прыязныя — як, зрэшты, і яго адносіны да каталікоў і праваслаўных. “Мы ж усе паходзім ад Адама”, — зазначыў ён, не паглыбляючыся ў багаслоўскія тонкасці.
Сапраўды, дзе, як не ў Іўі, словы пра шматэтнічнасць і шматкультурнасць Беларусі, а таксама спрадвечную талерантнасць яе жыхароў гучаць найбольш пераканаўча! Бо гэты тэзіс мае тут і матэрыяльныя сведчанні. У мястэчку, як і стагоддзі таму, можна ўбачыць касцёл, не так даўно адбудаваную царкву, мячэць і ажно тры сінагогі. На жаль, апошнім наўрад ці наканавана зноў стаць дзейнымі: фашысты вынішчылі больш як дзве з паловай тысячы мясцовых яўрэяў, і сёння гэтая нацыя, якая некалі складала ці не большасць насельніцтва Іўя, прадстаўлена літаральна некалькімі сем’ямі. Хаця найстарэйшая і найпрыгажэйшая сінагога цяпер рэстаўруецца. Напэўна, там ізноў размесціцца спартыўная школа.
А вось у адной з яўрэйскіх даваенных камянічак — а іх у забудове цэнтра мястэчка нямала — плануецца адкрыць музей з заканамернай і красамоўнай назвай — Музей нацыянальных культур. Па словах Георгія Гагарына, гэтая адметная нават у рэспубліканскіх маштабах установа пачне стварацца ўжо ў бліжэйшы час як толькі будуць выдаткаваны належныя сродкі на рамонт і экспазіцыю.
Сродкаў небагата — праект фінансуецца выключна за кошт райбюджэту. Хаця паводле сваёй тэматыкі ён мае зусім не лакальны характар. Без сумневу, эфектыўная праца такой установы зробіць свой унёсак у спрадвечную талерантнасць беларусаў да прадстаўнікоў іншых народаў і веравызнанняў.

3. Вясковае барока ў еўрапейскім кантэксце
У цэнтры мястэчка прыемна нават проста прайсціся. Яго архітэктурнае аблічча збольшага захавалася са старых часоў і не было сапсавана бяздумнымі інавацыямі. Па-над шэрагам камянічак паранейшаму дамінуюць стромкія вежы касцёла святых Пятра і Паўла. Храм быў збудаваны яшчэ напрыканцы ХV стагоддзя, а сваё чароўнае барочнае аблічча набыў у XVIII. І менавіта адсюль можна пачынаць яшчэ адзін маршрут па Іўеўшчыне — прысвечаны каталіцкаму дойлідству.Тым болей, што кожны з касцёлаў раёна адметны і не падобны да суседніх. Дый найцікавейшыя з іх знаходзяцца паблізу ад іншых адметнасцей і арганічна з імі звязаны.
Касцёл Святога Уладзіслава ў Суботніках — яскравы ўзор неаготыкі — быў збудаваны за сродкі Умястоўскіх. Яго крыпта стала фамільнай спачывальняй заможнага графскага роду. І трапляючы туды праз мажны металічны люк у падлозе перад алтаром, здзіўляешся багаццю інтэр’ера склепа — ды, у няменшай меры, яго захаванасці: італьянскі мармур на сценах тут ледзьве не блішчыць, ад мазаік з гербамі на столі не адкалоўся ніводзін каменьчык, на чыгуновай агароджы ані пробліску іржы.
Як патлумачыць гэтыя дзівосы, тым болей, калі ўлічыць той факт, што цягам доўгіх гадоў касцёл прастаяў зачыненым? Без сумневу, нашчадкам рода Умястоўскіх, калі яны, вядома, знойдуцца, варта будзе падзячыць за захаванне крыпты мясцовым сялянам. Менавіта дзякуючы іх намаганням у савецкія часы будынак быў нібыта “закансерваваны”.
— Улады не давалі людзям маліцца ў касцёле, а людзі не давалі ўладам ператварыць яго ў які склад угнаенняў, — патлумачыў колішні “статус-кво” малады святар, што замяняў тутэйшага пробашча.
Касцёл у Ліпнішках — таксама прадстаўнік той неагатычнай хвалі, што прайшлася на пачатку ХХ стагоддзя па ўсёй Беларусі, пакінуўшы дзесяткі адметных помнікаў. Але ж выглядае ён зусім іначай. Замест крохкай узнёсласці тонкіх вежаў — мажнасць і “грунтоўнасць”. Гэты эфект быў дасягнуты не ў апошнюю чаргу дзякуючы будаўнічаму матэрыялу: храм складзены не з цэглы, а пераважна з каменя. Ды і паводле сваіх памераў ён найбольшы ў раёне, прычым будавалі гэты храм талакою самі сяляне.Згаданыя вышэй касцёлы — выдатныя ўзоры еўрапейскай архітэктуры, і хтосьці нават здзівіцца, што месцяцца яны ў невялікіх беларускіх вёсках. А тыя, каму цікавы менавіта мясцовы каларыт, могуць завітаць у Дуды. Тут ажно з часоў Рэчы Паспалітай захаваўся драўляны храм, стыль якога я наважыўся б вызначыць як “вясковае барока”. Зусім не ўкладаючы ў гэты тэрмін якісь крыўдлівы сэнс — хутчэй, наадварот. Храм цешыць перадусім сваёй самабытнасцю. Але таксама і добрым выглядам. Зрэшты, рэдка дзе сустрэнеш дзейны касцёл у благім стане…Маршрут на гэтым яшчэ не завяршаецца. Ахвотныя прадоўжыць экскурсію па каталіцкіх храмах Іўеўшчыны могуць завітаць таксама і ў Трабы ды Лаздуны (яны, прызнацца, трохі ўбаку ад “генеральнай лініі”). Але ўрэшце можна абмежавацца і Геранёнамі. Балазе тут ёсць што паглядзець і апрача касцёла Святога Мікалая, збудаванага яшчэ ў 1522 годзе.

4. Замак — калыска кахання
Сёння ацаніць сярэднявечнае хараство ландшафту гістарычнай часткі Геранёнаў няпроста — перашкаджаюць густыя зараснікі. А вось, скажам, Жыгімонт Аўгуст мог убачыць па суседстве з касцёлам вежы замка на высокім схіле. Але не яны найбольш уразілі караля...
Раней замак і касцёл уяўлялі з сябе цэльны абарончы комплекс, але… Калі галоўнае прызначэнне храма ўсё ж іншае, і яно ніколі не страціць актуальнасці, замкі ўжо пару стагоддзяў таму сталі анахранізмам. На жаль, думка выкарыстоўваць іх у турыстычных мэтах да ўладальнікаў тады не прыходзіла. Таму ладная частка гэтага прыгожага і бадай непрыступнага колісь фартыфікацыйнага аб’екта пайшла на будматэрыялы для палацаў тагачаснай навакольнай шляхты.
У выніку ад Геранёнскага замка засталіся маляўнічыя руіны — парэшткі адной з вежаў. Сваю непрыступнасць яны, праўда, захавалі: патрапіць да іх па коўзкіх сцяжынках, ды яшчэ і прадзіраючыся праз гушчары, цяпер не так і проста.
Зрэшты, захаваліся замкавыя валы, атачоныя ірвом. Таму гэтыя мясціны ствараюць належнае ўражанне — асабліва ў чалавека з добрай фантазіяй. А маглі б ствараць яшчэ большае — калі іх “акультурыць”.
Вядома, фантазію могуць падмацоўваць захапляльныя расповеды экскурсавода— а ён ніяк не абмінуў бы ўвагай той факт, што гісторыя кахання нашых Рамэа і Джульеты — Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл — пачалася не ў Нясвіжы або Вільні, як многія думаюць, а менавіта тут, у Геранёнах, у сценах замка. Нейкая сімвалічная памятка пра гэта, відавочна, цудоўна дапасавалася б да турыстычнага аб’екта. Згадайма той жа балкон Джульеты, які штогод бачаць мільёны. Італьянскую Верону “раскруціў” шмат у чым менавіта Шэкспір.
Сёння ірвы запоўнены вадой — як і ў былыя часы. Але калі сонейка яе высушыць, карціна адкрыецца не надта прывабная, бо ваколіцы замка ператварыліся ў свайго роду мясцовы сметнік. Каб выправіць гэтую сітуацыю, Уладзімір Пашкевіч збіраецца звярнуцца ў Геранёнскі сельсавет.
— Зразумела, магчымасці мясцовых улад вельмі абмежаваныя, — кажа метадыст аддзела культуры. — Але тое-сёе ўсё ж ім пад сілу. Напэўна, правесці суботнік па добраўпарадкаванні гэтага гістарычнага аб’екта было б для сельсавета не надта складана.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

* * *
Нелірычнае адступленне. Сцэна, заспетая ў кавярні аднаго з турыстычных цэнтраў. Абсалютна пустая зала, за барнай стойкай таксама нікога, а з магутных дынамікаў “на ўсю катушку” раве рэфрэн небезвядомай “Песні пра зайцоў”: “А нам усё адно...”.
Так, уласнымі сіламі Іўеўскі раён наўрад ці рэалізуе свой каласальны турыстычны патэнцыял. Але ўсё ж пазіцыя жыхароў гэтых мясцін адыгрывае тут зусім не другасную ролю. І тое, што падчас вандроўкі па краі я не сустрэў ніводнага абыякавага да гэтай тэмы чалавека, папраўдзе немалаважна. Прыемна было назіраць за тым, як начальнік аддзела культуры доўга гутарыў пра гісторыю Іўеўшчыны з супрацоўнікамі Суботніцкага СДК. А Уладзімір Пашкевіч, зусім малады яшчэ хлопец, настолькі ёю зацікавіўся пад час вучобы ў школе, што паступіў на гістфак БДУ. І ў раёне для яго цікавасці знайшлося прымяненне — разам з адпаведнай пасадай.
Сіламі энтузіястаў быў створаны унікальны для Беларусі інтэрнет-праект “Віртуальная Іўеўшына”, дзякуючы якому свае сайты з’явіліся не толькі ў цэнтра раёна, але і ў маленькіх мястэчак ды нават вёсак.
І тое, што самім жыхарам краю не “ўсё адно” — істотная нагода для аптымізму. 

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.

Мінск — Іўе — Мінск