Скарына ў конкурсе

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Да 31 жніўня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прымае п’есы для ўдзелу ў конкурсе па стварэнні твораў для драматычнага тэатра “Францыск Скарына і сучаснасць”. Спаборніцтва пройдзе па пяці намінацыях: гістарычная п’еса, сучасная, “па матывах”, інсцэніроўка, сцэнічная дзея.

Конкурс праводзіцца да 525-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Яго галоўнай мэтай заяўлена ўзбагачэнне нацыянальнага рэпертуару творамі, якія падкрэслівалі б вялікае гістарычнае значэнне асветніцкай дзейнасці першадрукара і яго навуковай спадчыны для сучаснікаў. Суарганізатарамі творчага спаборніцтва з’яўляюцца “Беларусбанк” і Нацыянальная бібліятэка рэспублікі. Прадстаўнікі апошняй паабяцалі забяспечыць удзельнікам доступ да дакументаў і матэрыялаў са сваіх кнігасховішчаў, каб кожны змог як мага больш поўна і дакладна раскрыць заяўленую тэму.

Да ўдзелу запрашаюцца паўнагадовыя асобы незалежна ад грамадзянства і месца пражывання. Не мае значэння, на беларускай ці рускай мове створана п’еса. Для тых, хто не вельмі давярае электроннай пошце, прапануюць офлайн вырыянт, але неабходна дасылаць твор у двух асобніках і не больш за 60 старонак кожны. Абавязковай умовай сталася патрабаванне, каб арыгінальны тэкст на момант пачатку дадзенага конкурсу не ўдзельнічаў у аналагічных мерапрыемствах і нідзе афіцыйна не быў апублікаваны, каб па ім не існавала пастановак у тэатрах. Аўтары маюць права вылучаць па кожнай намінацыі толькі адзін твор.

У мэтах дасягнення аб’ектыўнасці ацэнак усе творы будуць перададзены журы (ачольвае яго мастацкі кіраўнік РТБД, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў) без указання прозвішчаў аўтараў. Агалошванне прозвішчаў адбудзецца толькі пасля падпісання пратакола аб выніках. Прызавы фонд конкурсу складае 260 мільёнаў беларускіх рублёў. У намінацыях “Гістарычная п’еса” і “Сучасная п’еса” прадугледжана па дзве заахвочвальныя прэміі па 25 і 20 мільёнаў рублёў, а для пераможцаў — па 50 мільёнаў рублёў. Найпершы ў намінацыі “П’еса па матывах” атрымае 30 мільёнаў рублёў, другі шчасліўчык у якасці заахвочвання — 15 мільёнаў рублёў. Лідар у намінацыі “Інсцэніроўка” стане ўладальнікам 15 мільёнаў рублёў, а за лепшую “Сцэнічную ідэю” абяцаюць 10 мільёнаў рублёў.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі паабяцаў узяць лепшы твор конкурсу да пастаноўкі, а таксама выпусціць зборнік п’ес, каб і іншыя тэатры краіны змаглі знайсці новы матэрыял для ўзбагачэння рэпертуару.