“Фі” на адрас афіш

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

У адной з сацыяльных сетак з’явілася эмацыянальнае паведамленне, што Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр застаўся напярэдадні прэм’еры без афішы. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама, маўляў, не прыняў візуальнае рашэнне афішы да спектакля “Дзе адступаецца каханне…”, палічыўшы прапанаваны варыянт занадта змрочным. Інтэрнэт-хваля ўзняла на паверхню праблему, з якой не ўпершыню сутыкаюцца тэатры краіны...

/i/content/pi/cult/587/13030/2-2.jpgЗвычайна гісторыі пра знятыя ці не дапушчаныя да гледача афішы становяцца прадметам дыскусій унутры тэатральнай супольнасці, зрэдку выходзячы за яе межы, яшчэ радзей атрымліваюць розгалас ў грамадстве. Таму мала хто ведае пра тое, што сітуацыя ў Гомелі — адна з шэрагу падзей, якія стала ўзнікаюць у нашай краіне. Прыгадайце хаця б, як у свой час раптоўна са сталічных вуліц зніклі афішы Уладзіміра Цэслера да спектакля “Translations”, што ішоў у Купалаўскім тэатры. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры не дайшла да гледача афіша да спектакля пра Чырвоны Каптурык. Мастак вырашыў пайсці ад дзіцячага малюнку, стылізаваўшы пад аматарскія выявы ваўка і галоўнай гераіні, якую ён размясціў у жываце шэрага драпежніка. Забаўны малюнак, чымсьці блізкі да знакамітай ілюстрацыі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы да “Маленькага прынца” (памятаеце, там, дзе намаляваны слон у жываце ўдава), падаўся адказным асобам празмерным для школьнай аўдыторыі.

Не так даўно ў падобную гісторыю патрапіў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са знакамітай ужо пастаноўкай Яўгена Карняга для дарослых “Інтэрв’ю з ведзьмамі”. Праз колькі часу пасля прэм’еры хтосьці з чыноўнікаў палічыў, што афіша з жаночым партрэтам, складзеным з трох твараў, пужае жыхароў горада. Распрацаваную паліграфічную прадукцыю не сталі больш друкаваць, і прэм’ерныя праграмкі, па сутнасці, сталі рарытэтам.

У гэтай сувязі нават не хочацца казаць пра плакаты танцавальных клубаў ці рэкламу гандлёвых аб’ектаў, на якіх раз-пораз месцяцца куды больш непрыемныя выявы або па максімуме аголеныя целы… Я вяду да іншага: тэатральная афіша ствараецца мастаком — чалавекам з прафесійнай адукацыяй у сферы мастацтва, таму выказваць свае заўвагі наконт яго працы павінны мастацтвазнаўцы, але не ў якім разе не чыноўнікі! Тым больш, калі нязгода з творчым бачаннем, як у выпадку з тэатрамі, выліваецца ў канкрэтныя меры ў дачыненні да работы мастака…

У такіх выпадках старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі па супрацьдзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці Ніна Фральцова раіць тэатрам складаць афіцыйны ліст на адрас РЭК. “Дзіўна, што прызнаны ў Еўропе Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у роднай краіне чуе нейкія прэтэнзіі… Увогуле, калі ў якогасьці з выканкамаў узнікаюць пытанні да творчых калектываў, то лагічна было б звярнуцца да экспертаў. У выпадку, калі падаецца, што тая ці іншая афіша абуральная ці транслюе празмерную жорсткасць, лепш за ўсё звярнуцца да РЭК ці да нашых абласных камісій”, — тлумачыць суразмоўца.

Ніна Ціханаўна ўпэўнена: у падобных сітуацыях РЭК зможа дапамагчы тэатрам абараніць сваё права на мастацкае самавыяўленне. Адміністрацыі калектыву неабходна напісаць ліст на афіцыйным бланку з усімі неабходнымі пячаткамі, прыкласці да ліста афішу, праграмку ці іх выявы на лічбавым носьбіце і даслаць у камісію на мастацтвазнаўчую экспертызу. Атрымаўшы афіцыйнае пацверджанне, што дадзеная паліграфічная прадукцыя не нясе разбуральнага ўплыву на чалавечую псіхіку, не змяшчае ў сабе элементаў гвалту, тэатр можа смела ісці ў мясцовыя органы ўлады. “Калі выснова нашых экспертаў выклікае ў выканкаме сумненні, патрабуйце, каб ужо яны накіравалі вашу афішу на паўторную экспертызу”, — дадае суразмоўца.

На ілюстрацыях: тыя самыя спрэчныя афішы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"