Праекты з Сербіяй

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 18 мая адбылася сустрэча міністра культуры нашай краіны Барыса Святлова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Сербіі Велькам Кавачавічам, падчас якой абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва краін у сферы культуры, а таксама былі вызначаны кірункі дзейнасці, якія неабходна развіваць краінам.

Пасол уручыў Барысу Святлову ліст міністра культуры і інфармавання Рэспублікі Сербія спадара Івана Тасаўца, у якім была выказана гатоўнасць сербскага боку актыўна супрацоўнічаць у сферы культуры. Прыкладам такога супрацоўніцтва спадар Тасавец лічыць узаемадзеянне нацыянальных тэатраў Сербіі і Беларусі.

Міністр культуры Сербіі паведаміў, што Народная бібліятэка яго краіны з задавальненнем прадаставіць арыгінальныя выданні са свайго фонду ў сувязі з правядзеннем выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі “Францыск Скарына і яго эпоха” ў гонар 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Барыс Святлоў выказаў словы падзякі за прадастаўленне арыгінальных выданняў Францыска Скарыны і анансаваў выпуск факсіміле з іх да 2017 года. Кнігі ў якасці падарунка накіруюць у Народную бібліятэку Сербіі.

Падчас сустрэчы міністр культуры Беларусі заявіў, што падтрымлівае ўсебаковае супрацоўніцтва паміж краінамі ў культурным плане. Прыкладам супрацоўніцтва можна лічыць узаемадзеянне нацыянальных тэатраў (нашага Вялікага тэатра оперы і балета і Нацыянальнага тэатра Сербіі) і нацыянальных бібліятэк, удзел у міжнародных кніжных выставах, наладжванне кантактаў з сербскімі ўстановамі культуры.

Летась парламенцкая дэлегацыя Сербіі на чале са старшынёй Народнай Скупшчыны Маяй Гайковіч наведала Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж. Да ўсяго, Сербія ўдзельнічае ў беларускіх культурных мерапрыемствах. Напрыклад, падчас правядзення “Славянскага базару ў Віцебску” адбылося пасяджэнне Савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў з удзелам прадстаўніка Сербіі Мілана Гніпа, дырэктара Міжнароднага дзіцячага музычнага фестывалю “Маленькія ракавінкі”. Па выніках Сербія ўвайшла ў склад кіраўнічага органа асацыяцыі. У чэрвені 2014 года ў Мінску адбыліся Дні сербскага кіно, а ў лістападзе — Дні беларускага кіно ў Сербіі. Міністэрства культуры нашай краіны выступіла з прапановамі правесці Дні культуры Беларусі ў Сербіі ў 2017 годзе, а Дзён культуры Сербіі ў Беларусі яшчэ праз год.

Велька Кавачавіч падкрэсліў, што цёплыя адносіны паміж краінамі з’яўляюцца прыкладам для іншых еўрапейскіх краін, і супрацоўніцтва павінна развівацца па ўсіх напрамках, галоўным з якіх з’яўляецца культура.