Фота Замкаддзя

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

“К” шмат пісала пра фотавыставы на “вясковую” тэматыку. У наступных нумарах працягнем тэму. Калі падлічыць, іх з пачатку года адкрылася ў Мінску аж 8, у тым ліку мая — “Этнавандроўкі”. Чаму ж усіх цягне на вясковую “экзотыку”? Чаму толькі ў фотажанры? Гарадскіх часопісаў, напрыклад, процьма, а тэкстаў пра вёску ў іх амаль няма.

/i/content/pi/cult/587/13026/5-7.jpgНа мой погляд, фота з Замкаддзя, скажам так, ва ўласнай краіне сёння для 20-гадовага мінчаніна  — амаль такая ж экзотыка, як з Афрыкі. Гадуючыся на “асфальце”, без вясковых бабуль і дзядуль, сучасны малады чалавек успрымае вясковую культуру як чужую, незразумелую, аджылую — якую заўгодна, але не сваю. Больш за тое, грамадства настолькі дыверсіфікаванае, што падлетку, які наведвае гімназію ў цэнтры, вельмі складана паразумецца з навучэнцам ПТК. Пачалося гэта з 1990-х, калі не стала хоць бы і ўяўнай роўнасці постсавецкіх гараджан, а вясковы лад жыцця разбурыўся яшчэ раней. “Цяпер не трэба нікуды ехаць, тубыльцы ў нас на суседняй вуліцы” — заўважыў пецярбургскі антраполаг Ілья Уцехін на нядаўняй сваёй лекцыі “Камера як даследчыцкі інструмент у сацыяльных навуках”.

Ну, добра, ”вясковае” фота — экзотыка. Матэрыялы з народных святаў і абрадаў добра праглядаюцца на інтэрнэт-сайтах. Тады чаму няма ў апошнія гады сур’ёзных літаратурных ці аналітычных тэкстаў? Чаму урбаністыка — модны і запатрабаваны кірунак навукі, а пра “вясковыя доследы” нешта нічога не чуваць? На мой погляд, адказ просты: людзі развучыліся чытаць тэксты, яны спажываюць кантэнт, прычым мультымедыйны, з інфаграфікай ды іншымі “фішкамі”. На згаданай лекцыі ішла гаворка і пра тое, што даследчык не можа быць аб’ектыўным. Нешта ён заўважыць, другое не, іншае адмыслова прапусціць. Залежыць ад мэты: даследаванне гэта ці ўсё ж мастацкі праект? Залежыць ад бэкграўнду: ці хопіць адукацыі і досведу не выдаць свае фантазіі ці жаданні за рэальнасць?

Не так даўно апублікавалі развагі амерыканскага фатографа і пісьменніка Тэджу Коўла, дзе той параўноўвае падыходы да фатаграфавання Індыі Сцівам МакКары і Рагубірам Сінгхам. Першы — амерыканец. Індыю ён здымаў праз пастановачныя партрэты, яркія фарбы, пошукі праўдзівай даўніны. Да таго ж МакКары па магчымасці ігнаруе праявы сучаснага жыцця. Сінгх — індыец, імкнуўся паказаць сваю краіну як яна ёсць: і сучасныя тэхналогіі, і бруд на вуліцах.

Дык што нам здымаць і запісваць у беларускай вёсцы? Прасіць прыбраць з кадра абразы ці лавіць адбітак сонца на залатых зубах бабуль? Фіксаваць “правільныя” каляндарныя ды сямейна-абрадавыя песні, ці жорсткія рамансы і перапрацоўкі літаратурных твораў таксама? Раней, робячы запіс экспедыцыйных гутарак, я шукала толькі этнаграфічныя звесткі, прапускаючы “развагі пра жыццё”. А гэта ж скарб з погляду і сацыялогіі, і культуралогіі!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"