Этніка запатрабаваная

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Галіна МЯШКОВА, дацэнт кафедры мадэлявання адзення і ткацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства
Тое, што сцвярджаецца ў якасці эталона ў прызнаных цэнтрах моды, імгненна распаўсюджваецца па свеце. Але пры гэтым у адзенні застаюцца актуальнымі нацыянальныя матывы і традыцыі. Ёсць сусветныя брэнды, але ёсць і ўласна беларуская мода.

/i/content/pi/cult/587/13025/5-3.jpgНават у часы матэрыяльнай нястачы і цяжкіх выпрабаванняў, людзі імкнуцца выглядаць прыгожа. Таму і не дзіўна, што ўжо праз тры гады пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі быў створаны на ўзор усесаюзнага рэспубліканскі Дом мадэляў. Напачатку ён ўяўляў сабой лабараторыю са штатам у 21 чалавек. І гэта невялікая каманда за першы год свайго існавання распрацавала 380 мадэляў вопраткі багатага асартыменту. Дадам, што спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй пачалі прыходзіць у наш Дом мадэляў толькі з 1952 года.

У 1950-х у беларускіх распрацоўках адзення пераважалі этнічныя матывы. На тканіну часта проста пераносіліся народныя арнаменты. Гэтая ж традыцыя арыентацыі на народнае мастацтва існавала і ў 1960-х, але у больш прэзентабельных формах, калі арнамент быў не столькі аздобаю вопраткі, колькі крыніцай натхнення мадэльераў. Былі калекцыі, якія спецыяльна распрацоўвалі для прэзентацый у Індыі, Японіі, Францыі... Тое сталася нашым пасылам свету. Да ўсяго, айчынны Дом мадэляў у Савецкім Саюзе ўваходзіў у тройку вядучых цэнтраў моды — Масква, Ташкент, Мінск. І першым у СССР перайшоў на метад “мадэль-канструкцыя”. Сутнасць яго ў тым, што дызайнер і канструктар працуюць разам. Адначасова ствараецца і вобраз, і канструкцыя. Мадэль можна адразу, без пераробак, запускаць ў вытворчасць, бо яна зыходна адаптаваная да наяўнай тэхналогіі. Для свайго часу гэта была навацыя.

Рэспубліканскі Дом мадэляў сабраў пад сваім дахам усіх мадэльераў Беларусі. Фактычна гэта быў інстытут моды. На фабрыках мадэльераў не было. Асабіста я падчас работы ў Доме мадэляў курыравала тры фабрыкі — выязджала, рабіла заданні. З 1970-х без візы і рэкамендацыі Дома мадэляў у рэспубліцы не выпускаўся ніводзін швейны выраб. У БРДМ (з 1988 года — Беларускі Цэнтр Моды) ладзіліся метадычныя нарады, на якія збіраліся кіраўнікі фабрык. Можна сказаць, Дом мадэляў фактычна кіраваў швейнай вытворчасцю. Гэта акалічнасць дазваляла беларускай індустрыі адзення высока трымаць планку якасці. Бо спецыялісты БРДМ/БЦМ сваю справу ведалі. Яны шчыльна супрацоўнічалі з аналагічнай маскоўскай структурай, мелі доступ да замежных друкаваных крыніц і магчымасць на свае вочы бачыць, што робіцца за мяжою. Такая цэнтралізацыя для свайго часу была з’явай, безумоўна, станоўчай. Але захаваць яе ў новых эканамічных умовах не ўяўлялася магчымым. Сёння жыццё прымушае прадпрыемствы лёгкай прамысловасці не дырэктыў з цэнтра чакаць, а самастойна дбаць і пра тое, дзе набыць тыя ж тканіны, што з іх вырабіць і як прадаць гатовую прадукцыю.

Адпаведна, сёння свае кіруючыя, каардынуючыя функцыі БЦМ у значнай ступені страціў. Штат моцна скарочаны, засталося ўсяго некалькі мастакоў-мадэльераў, а замест метадычных нарадаў у сталіцы цяпер ладзяцца фестывалі моды з выразным камерцыйным складнікам.

Нашы студэнты дасведчаныя і ў нацыянальнай традыцыі, і ў сусветных трэндах. Часта яны імкнуцца працаваць не ў нейкай установе ці на прадпрыемстве, а мець уласную справу. Пры гэтым усведамляюць, што ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі можна дасягнуць поспеху, толькі прапанаваўшы вытворцу і спажыўцу нешта асаблівае. Сталічны Тыдзень моды дае магчымасць маладым творцам праявіць сябе. Добра, што спонсарамі падобных імпрэзаў часта з’яўляюцца дзяржаўныя прадпрыемствы, кіраўніцтва якіх такім чынам дэманструе зацікаўленасць ў тым, каб была беларуская мода, беларускі стыль. Зноў актуальнай становіцца этніка. Бо апрануцца для зручнасці можна у што заўгодна, але калі хочаш, каб у табе пазналі беларуса, дык варта выпрацоўваць нацыянальны стыль. А тое, што нашы фестывалі прыцягваюць творцаў з Еўропы, сведчыць пра запатрабаванасць нашай культуры і яе канкрэтных складнікаў у глабальнай прасторы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"