Пра вопыт культурных праектаў

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Аляксей ВАРСОБА, лідар гурта “Port Mone”
Мая патрэба ў судакрананні з публікай, а шырэй — з жыццём у месцах, далёкіх нават ад абласных цэнтраў, няхай гэта будуць мястэчкі Беларусі, Украіны ці Польшчы, звязаная з дзвюма акалічнасцямі.

/i/content/pi/cult/587/13024/5-2.jpgПершая з іх знаёмая кожнаму, хто выязджае раз-пораз за межы горада. Усім нам хаця б аднойчы ды трапляўся забіты дошкамі (або нават згарэлы) будынак сельскага клуба. Калі я ўпершыню ўсвядоміў маштаб гэтай з’явы, рэакцыяй было наіўнае жаданне распачаць які-небудзь рух, каб вярнуць у гэтыя пабудовы жыццё, метафарычна “выдраць” цвікі з тых дошак. Мяркую, такое жаданне зразумелае любому, хто праводзіў канікулы ў вёсцы, дзе дыскатэка або кіно ў клубе былі абавязковым атрыбутам лета. Цяпер адладжаная за савецкім часам сістэма сельскіх клубаў, з кіраўніком, кінамеханікам ды народным калектывам, знікае на нашых вачах, пакідаючы па сабе мала што. А шоу-бізнес так і не наступіў сваёй пятой у гэтыя краі. Другі пункт звязаны з маім даўнім імкненнем зразумець, адчуць, хто ж такія “мы” — як край, як культурны арэал, як чалавецтва нават. І гэта немагчыма без выхаду за лакальныя рамкі, без знаёмства з дыялектамі, без пашырэння карціны свету. Такое становішча параўнальнае з целам, канечнасці якога анямелі ды атрафiравалiся. У гэтым сэнсе любы рух ратуе.

Вось таму я з вялікім задавальненнем пагаджаюся на ўдзел у праектах, звязаных з выступленнямі ўдалечыні ад абласных цэнтраў. Што можа спрацаваць для рэалізацыі культурнай ініцыятывы ў сітуацыі адсутнасці канкурэнтнага рынку культурных паслуг? Мой досвед кажа пра тое, што рэалізаваць у рэгіёнах праекты не масавага, не забаўляльнага характару здольная толькі згуртаваная каманда аднадумцаў з эфектыўным каардынацыйным цэнтрам. Проста жадання ці згоды артыста недастаткова. Спектр задач — ад тэхнічнага забеспячэння, рэкламнай кампаніі, прыцягнення фондаў і спонсараў да бясконцых матывацыйных гутарак з мясцовымі ўладамі, ад якіх трэба дамагчыся, як мінімум, дазволу на выступленне, а мо і дзейснай дапамогі.

Сёлета трыа “Port Mone” паспрабавала ажыццявіць ідэю тура па Беларусі. Падкрэслю, наша жаданне насіла не камерцыйны, а хутчэй даследчыцкі характар. Задума палягала ў пашырэнні геаграфіі канцэртаў па Беларусі ды пошуках акустычна цікавага месца для запісу наступнага альбома. Мы зрабілі шырокую рассылку сваіх кантактаў з просьбай дапамагчы ў арганізацыі на месцах. Прасілі дамовіцца з канкрэтнай кропкай, няхай гэта будзе касцёл, дом культуры, закінуты клуб або свіран, арганізаваць апаратуру ды транспарт. “Кошт пытання”, як правіла, не сягаў нават за 2 мільёны рублёў, уключаючы толькі транспартныя выдаткі ды арэнду тэхнікі. Было некалькі водгукаў, але па заканчэнні месяца вынік мінмальны. Зараз я ўжо разумею, што намі быў няўдала абраны момант, ды і стратэгія адпачаткова аказалася няслушнай. У гэтым, вядома ж, няма каго вінаваціць. І мне зразумела, што каб намі былі прыкладзеныя намаганні, параўнальныя з намаганнямі агенцтва або тур-менеджара, то ідэю рэалізавалі б. Але дзейнасць музыканта дрэнна сумяшчаецца з адміністрацыйнымі абавязкамі, а свайго адміністратара ў “Port Mone” няма…

Але ёсць і станоўчы вопыт. Сёння я прымаю ўдзел у двух праектах, якія прынцыпова задзейнічаюць рэгіёны і рэалізуюцца калектыўна. Гэта міжнародны мультыдысцыплінарны праект “Роздiловы” ўкраінскага агенцтва “АртПоле” ды айчынны праект “Мова нанова” каманды пад кіраўніцтвам Глеба Лабадзенкі. “Роздiловы” існуе з 2012 года і кожны тур — новы маршрут. Штораз супрацоўнікі агенцтва праводзяць падрыхтоўчую работу, канцэрты часта праходзяць на нестандартных пляцоўках, сярод якіх — музеі, планетарыі, аб’екты гісторыка-культурнага значэння... На практыцы гэта азначае ўскладненне задачы, бо трэба асобна дамаўляцца з кіраўніцтвам пляцоўкі, атрымліваць дазвол у мясцовых уладаў (тут няма наладжанай ды адпрацаванай схемы, як у клуба або канцэртнай залы). Але за кошт нетрывіяльнасці месца, атрымліваецца прыцягнуць туды новую — “сваю” — публіку. Самым важным, на мой погляд, з’яўляецца тое, што высокаматываваная каманда знаходзіць неабыякавых паплечнікаў на месцах. Гэтак намацваюцца своеасаблівыя нервовыя вузлы, сетка аднадумцаў, якія злучаюцца разам на значнай частцы тэрыторыі краіны-суседкі.

Сёлета ж наш з Ірэнай Катвіцкай дуэт “Агата” быў запрошаны да супрацоўніцтва са згаданымі моўнымі курсамі. За два месяцы выступілі ў Брэсце, Гродна, Гомелі, Астраўцы, Баранавічах, Маладзечне, Бабруйску. Вядома, такая хуткая ды лёгкая для нас рэалізацыя стала магчымай дзякуючы наяўнай сетцы курсаў, але ў першую чаргу — зладжанай працы праекта. Гарады — розныя, а заўсёды вельмі цёплая, прыязная атмасфера ды матываваныя любоўю да культуры сваёй краіны слухачы. Так што проста “выдраць” цвікі з тых дошак недастаткова. Важна выявіць людзей, якім гэта патрэбна, і аб’яднаць іх.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"