Як выхаваць “смак” да малюнку?

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Ала КАЛАСЕНЦАВА, мастак, выкладчык архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта
Часам чую ад людзей, нібыта дасведчаных, што мастаку сёння мастацкая адукацыя не надта і патрэбная…

Так, калі проста маляваць для сябе, дык хопіць і студыі. А вось калі працаваць прафесійна, куды ж без адпаведнай падрыхтоўкі: самавук шмат не дасягне. Не ўсё, што дае ВНУ, потым скарыстоўваем ў жыцці, але адукаваны прафесіянал заўжды будзе мець перавагу над таленавітым, але дылетантам.

Студэнты прыходзяць да нас на першы курс, здольныя маляваць хіба гіпсавую галаву. У працэсе мы іх вучым пісанню партрэта, жывой натуры, потым — аголенай. Я бачу, як новы досвед змяняе людзей. Напачатку яны могуць лічыць, што спецыяльныя дысцыпліны, якія я выкладаю, у будучай працы ім не надта і патрэбныя. Маўляў, на ўсе выпадкі жыцця ёсць камп’ютар. А на чацвёртым курсе пачынаюць адчуваць “смак” да малюнку. Ім гэта ўжо цікава, прыходзіць усведамленне, што без малюнку і жывапісу яны будуць непаўнавартаснымі спецыялістамі. Урэшце, тое, што я выкладаю, патрэбна не для таго, каб яны карціны пісалі, а каб прасякнуліся філасофіяй мастацтва, умелі працаваць з колерам, эстэтычна пісьменна пабудаваць інтэр’ер і спраектаваць гарадское асяроддзе.

Я і сама займаюся апрацоўкай здымкаў і вёрсткай, але ведаю, і студэнтаў таму вучу, што ў працы сэнс ад камп’ютара ёсць толькі тады, калі ты ведаеш, што табе ад яго патрэбна. Думаць трэба сваёй галавой. Урэшце, сама наша навучальная праграма спрыяе развіццю творчых здольнасцяў студэнтаў. Тут ёсць месца і прагматызму, і фантазіі. Скажам, студэнты мусяць прадставіць уласнае бачанне горада будучыні, разабрацца з асаблівасцямі стыляў розных эпох, а разам з тым унесці канкрэтныя прапановы па рэканструкцыі сістэмы транспартных камунікацый Мінска. Нездарма выпускнікі БНТУ, якіх я асабіста ведаю, працуюць у Нідэрландах, Германіі, Расіі. Адукацыя ў нас якасная, і мне вельмі крыўдна, калі пасля атрымання дыплома архітэктар на працы не можа скарыстаць атрыманыя ў ВНУ веды і паступова дэградуе як прафесіянал, альбо калі ён з’язджае за мяжу.

З іншага боку, да таго факту, што Беларусь — невялікая краіна ў вялікім свеце, фактычна пазбаўленым межаў, трэба ставіцца па-філасофску і прымаць як дадзенасць. Кажуць жа, што калі са студні не браць ваду, дык яна зарастае. Можа наканаванне нашай краіны  — быць для навакольнага свету і гэткай студняй, крыніцай ідэй і адмыслоўцаў, здольных рэалізаваць ідэі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"