Помнік для Мінска: мара пра мора?

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Меморыя ў фармаце “горадазнаўства”
Днямі ў канферэнц-зале Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна адбылося cумоўе экспертнага клуба “Город дорог”. Гэта нефармальнае аб’яднанне неабыякавых да лёсу роднага горада мінчан. Збольшага тое людзі інтэлектуальнай працы і творчых памкненняў. Мэтай дзейнасці яны бачаць асветніцтва і даследчыцкую справу ў фармаце “мінсказнаўства” , а таксама практычную дзейнасць па “навядзенні мастоў” паміж суполкай і органамі ўлады для рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў, якія будуць на карысць гораду. Гэтым разам яны сабраліся, каб пагутарыць пра мінскія помнікі — тыя, што былі, што ёсць і якіх сталіцы не стае.

/i/content/pi/cult/587/13022/4-1.jpgШто было, што маем

На самым пачатку размовы паўстала пытанне канцэптуальнага зместу: што ёсць помнік, што можна і варта лічыць помнікам? Пытанне гэта простае толькі на першы погляд. Маўляў, што тут думаць: чуеш “помнік” і адразу ўяўляеш бронзавую постаць на гранітным пастаменце. А насамрэч помнікам можа быць што заўгодна, калі людзі дамовіліся лічыць той ці іншы матэрыяльны або прыродны аб’ект помнікам.

Калі ж разумець пад помнікам мемарыяльны знак ці скульптурную пластыку, дык першыя аб’екты такога роду з’явіліся ў Мінску ў ХІХ стагоддзі. Пра гэта распавёў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. І хоць першыя мінскія помнікі цалкам адпавядалі ідэалогіі Расійскай імперыі, дзеля іх з’яўлення давялося пераадолець супраціў праваслаўнай царквы, для якой такая форма ўшанавання з’явы ці асобы была парушэннем канону. Людзі праваслаўныя ў гонар чагосьці вартага памяці па тым часе ставілі храм альбо капліцу. А вось скульптурная выява ці калона з надпісам трапляла пад вызначэнне “ідалапаклонства”. Адсюль і непрыманне манументальнай скульптуры рускім духавенствам. Да таго, як імперская ўлада ў Мінску змянілася ўладай бальшавікоў, у ім былі пастаўлены мемарыяльныя знакі ў памяць сечы на Нямізе 1067 года, у памяць Нікейскага сабора 325 года, помнік-бюст імператару-“вызваліцелю” Аляксандру ІІ, у перыяд царавання якога быў скасаваны прыгон. Згаданага цара ў імперыі “піярылі”, бадай, так жа маштабна, як Леніна ў СССР: Аляксандру ІІ было пастаўлена 3000 помнікаў, прычым усяго па чатырох тыпавых праектах. Мінскі помнік імператару ў час Першай сусветнай вайны з-за пагрозы нямецкага наступу быў эвакуіраваны ў Яраслаўль. А калі адбылася Лютаўская рэвалюцыя 1917 года і Расія перастала быць імперыяй, новая ўлада той помнік наогул знішчыла разам з іншымі манументамі, якія наўпрост ці ўскосна нагадвалі пра царызм. Тады ж у Яраслаўлі знеслі і помнік Аляксандру Пушкіну.

Мабыць, не ўсе ведаюць, што мемарыяльны знак у памяць ахвяр так званага Курлоўскага расстрэла 1905 года, што знаходзіцца на станцыі метро “Плошча Леніна”, меў папярэдніка — валун з крыжам. Ён з’явіўся як вынік грамадскай ініцыятывы. Помнік паставілі мінчане ў тым жа 1905 годзе на Прывакзальнай плошчы. Цікава, што ўлада ўскосна прызнавала сваю віну за трагедыю і не ладзіла з гэтай прычыны перашкод рэалізацыі ініцыятывы. Прастаяў той помнік да 1939 года, знікнуўшы падчас рэканструкцыі Прывакзальнай плошчы.

Кажучы пра сённяшні дзень нашай сталіцы, трэба падзяляць гарадскую скульптуру і ўласна помнікі. Прыкладам, творы Уладзіміра Жбанава, якія фактычна адкрылі новую эпоху ў фарміраванні гарадскога асяроддзя сталіцы і, бадай, усёй Беларусі, — не помнікі, не мемарыяльныя знакі, а менавіта гарадская (раней казалі, “паркавая”) скульптура. Мне, аднак, падаецца, што праз пэўны час іх будуць успрымаць у новай якасці — як вобразнае ўвасабленне горада і яго жыхароў на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Верагодна, у адлегласці часу ў вачах нашых наступнікаў скульптуры стануць уяўляцца акурат помнікамі. Нешта падобнае адбылося ў Гродне, дзе скульптура на Гараднічанцы, якая не мае ніякага прататыпу і ўвасабляе сённяшняе ўяўленне пра гарадзенцаў XVIII стагоддзя, ужо ўспрымаецца помнікам канкрэтнай асобе той эпохі. Кандыдатаў на ролю прататыпу шмат — ад архітэктараў, што будавалі ў горадзе аб’екты, якія сталі знакавымі, да адміністратара-рэфарматара, гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза.

Поле эксперыментаў?

Сёння можна пачуць шкадаванні (было гэта і на згаданым сумоўі), што ў сталіцы пераважае фігуратыўная, акрэсленая тэматычна і сюжэтна скульптура, якая, маўляў, глядзіцца даволі архаічна. Што амаль няма сучаснай, абстрактнай, пластыкі. А праз адсутнасць сучасных форм вобразу горада не стае дынамізму. З гэтым у нейкай ступені можна і пагадзіцца, ды ўсё ж я не лічу, што грамадская прастора мусіць быць полем для часам сумніўных эстэтычных эксперыментаў. Так, грамадства можна і часам нават трэба выхоўваць. Але разлічваць на поспех у гэтай справе варта толькі пры ўздзеянні на грамадскую свядомасць карэктнымі сродкамі. Агрэсіўныя формы ўплыву правакуюць непрыманне. І гэта не толькі ў нашым да нядаўняга часу закрытым, кансерватыўным (у тым ліку і ў культурнай галіне) грамадстве, але і ў краінах з больш талерантнай эстэтыкай. Хоць бы ў тых жа Штатах…

Там прынята у памяць людзей, дарагіх вялікай супольнасці ці канкрэтнай сям’і, ставіць мемарыяльныя лаўкі ці садзіць мемарыяльныя дрэвы. Там увогуле вітаецца прыватная ініцыятыва на грамадскую карысць. Вядомы выпадак, калі чалавек, якому не падабалася распаўзанне гарадоў і знікненне прыродных ландшафтаў, за вялікія грошы купіў участак у цэнтры мегаполіса і зрабіў на ім… жытнёвае поле. Гэткі помнік знікаючай прыродзе. Да гэтай інсталяцыі грамадства паставілася прыхільна, бо такую ж занепакоенасць падзяляюць і іншыя, а для выяўлення апошняй знойдзена надзвычай эфектная эстэтычная форма. У гэтай сувязі можна згадаць, што і ў нас у свой час быў маштабны праект, які меў на мэце прыцягнуць увагу да праблем экалогіі. Праўда, усе разумелі, што рэалізаваны ён ніколі не будзе, за стадыю дэкларацыі не выйдзе. Прапанавана ж было развесці натуральнае балота, з хмызняком і жабамі, у цэнтры Мінска. Маўляў, уратуем балота — частку нашай нацыянальнай тоеснасці, якая знікае пад уплывам глабальных змен! Я гэту дэкларацыю запомніў. Думаю, іншыя — таксама. Значыць, сэнс быў.

Прывяду, аднак, прыклад, калі ў згаданых вышэй Штатах мемарыял, які задумваўся як нацыянальны і быў выкананы ў формах, для падобнага аб’екта нязвыклых, быў па патрабаванні грамадства дапоўнены традыцыйным, нават “кансерватыўным” элементам. Гаворка ідзе пра мемарыял у памяць вайны ў В’етнаме. Зыходна ён уяўляў сабой сцяну з адпаліраванага да люстэркавасці чорнага граніту з выбітымі на ёй імёнамі ўсіх на той вайне палеглых. Ідзе чалавек уздоўж сцяны, чытае імёны, бачыць на сцяне сваё ўласнае адлюстраванне і адчувае далучанасць да трагічнай падзеі, сваю еднасць з тымі, хто не вярнуўся. Проста і геніяльна. Але грамадства, найперш — ветэраны, палічылі, што гэтага недастаткова: патрэбен вобраз, які ўвасабляў бы канкрэтыку, рэаліі той вайны. Урэшце гранітная сцяна была дапоўнена скульптурнай групай, якая прадстаўляла трох салдат ЗША — прадстаўніка белай расы, афраамерыканца і амерыканца чырвонаскурага. Іх зброя і рыштунак выкананы з гіперрэалістычнай дакладнасцю. У такім спалучэнні — вельмі сучасная прасторавая кампазіцыя і вельмі традыцыйная круглая скульптура — помнік існуе па сённяшні дзень.

Помнікі — каму і навошта?

Удзельнікі сумоўя выказалі свае пажаданні адносна таго, якія помнікі мусяць быць у Мінску ў дадатак да наяўных. Называліся імёны літаратараў, мастакоў, артыстаў, дзяржаўных дзеячаў. Усё, нібыта, правільна, але ж мне падумалася: пачынаць варта было б не з персаналій, а з канцэпцыі.

У тых жа бальшавікоў павучыцца… Іхні “план манументальнай прапаганды”, што ўяўляў сабою спіс асоб, якіх трэба ўшанаваць дзеля папулярызацыі ідэі “сусветнай рэвалюцыі”, быў грунтоўна асэнсаваны з погляду ідэалогіі і падпарадкаваны задачам практычнай палітыкі. Я не супраць таго, каб у сталіцы з’явіўся помнік мастаку, праз школу якога ў дзяцінстве прайшлі многія слынныя нашы творцы; паэту — аўтару слоў вядомай кожнаму беларусу песні; князю, чыя дзейнасць яшчэ тысячу год таму прымусіла суседзяў шукаць на карце старадаўні Менск, мору, якога Мінску, па чыімсьці меркаванні, не хапае, а яшчэ — як ўвасабленне беларускай мары. Гэта, так бы мовіць, пацеркі. А пацеркам трэба нітка. У дадзеным выпадку нітка — канцэпцыя.

Перш чым разважаць пра манументальную канкрэтыку, трэба вызначыцца, дзеля якой мэты мы збіраемся аздабляць грамадскую прастору помнікамі. Дзеля таго, каб сцвердзіць сваю тоеснасць і культурна-палітычную самадастатковасць ва ўласных вачах і ў вачах суседзяў? Каб давесці свету, што наша краіна — цэнтр, а яе сталіца — сэрца Еўропы? А мо нам для самасцвярджэння дастаткова адчуваць сябе часткаю, як пісаў Купала, “сям’і нялічанай славян”? А мо проста, каб прыгожа было, а змест — другасны? Зрэшты, існуе Рэспубліканскі план манументальнай прапаганды. Дык можа варта каардынаваць грамадскую ініцыятыву з дзяржпраграмай?

А ўжо ад адказу на гэтыя пытанні залежыць і гістарычная канкрэтыка, і мастацкая стылістыка мінскіх помнікаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"