Герцагіня мае рацыю

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Па-мойму, “адбіць” грошы на той ці іншы фестываль, хай сабе раённага ці абласнога маштабу, — годная справа. Але як гэта зрабіць у час сусветных эканамічных пературбацый, зніжэння ўзроўню даходаў насельніцтва ды пры наяўнай канкурэнцыі летніх акцый, якія ладзяцца цяпер па ўсёй краіне?

/i/content/pi/cult/587/13021/4-22.jpgВось, скажам, сёння ў Ашмянскім раёне ў сёмы раз прымуць гасцей з Беларусі і з краін блізкага замежжа на фестывалі “Гальшанскі замак—2016”. Як кажа метадыст мясцовага раённага Цэнтра культуры Сяргей Жылік, на імпрэзе аматары ваеннай тэматыкі змогуць занурыцца ў атмасферу сярэднявечнага рыцарскага стану, паглядзець конны турнір, а таксама спаборніцтвы лучнікаў. Упершыню на фэсце выступіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі са спектаклем “Адвечная песня”, у “Горадзе майстроў” усіх ахвотных навучаць чаканіць манеты і хадзіць на хадулях, а яшчэ ў Гальшанах 21 мая кожны зможа паўдзельнічаць у майстар-класах па старадаўніх танцах. Учора ў Ашмянах прайшлі сёмыя па ліку “Гальшанскія чытанні”. І тое, натуральна, толькі частка таго, чым арганізатары зацікаўлівалі аматараў старасветчыны і турыстаў падчас двух фестывальных дзён.

Але гэта, так бы мовіць, адзін бок медаля. Мяне ж у гэтай справе цікавіла іншае: ці плануюць мясцовыя культработнікі зарабіць хоць якую капейчыну на імпрэзе? Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Людміла Каханоўская, пэўныя даходы ад правядзення фэсту, натуральна, запланаваны. Так, білет на імпрэзу для дарослых будзе каштаваць 100 тысяч рублёў, дзіцячы — удвая таннейшы.

Ды прадказаць колькасць наведвальнікаў фестывалю не бярэцца ніхто. І калі на папярэдні “Гальшанскі замак” прыехала прыкладна паўтары тысячы гасцей (пры кошце дарослага білета ў 70 тысяч рублёў), дык сёлета лічба можа стаць недасяжнай. “Шмат залежыць ад надвор’я, — растлумачыла “К” дырэктар Ашмянскага раённага цэнтра культуры Вольга Кузьміцкая, — а таксама ад таго, ці паедуць да нас турысты з іншых рэгіёнаў. Мы прыклалі для гэтага ўсе намаганні: рэкламу дасылалі ў турфірмы, а тыя, хто прывязе да нас гасцей арганізаванымі групамі колькасцю больш за 30 чалавек, атрымаюць зніжку на білеты ў памеры 20 %”.

Як патлумачыла суразмоўца, у правядзенні фэсту чынны ўдзел возьмуць і мясцовыя арганізацыі. Так, Ашмянскія мясакамбінат і Райспажыўаб’яднанне за свой кошт пакормяць сотню ўдзельнікаў імпрэзы. “Гэта, канешне, не закрые ўсіх нашых выдаткаў на харчаванне, — кажа Вольга Кузьміцкая, — але значна нам паспрыяе. Тым больш, астатнія арганізацыйныя пытанні мы цалкам прымаем на сябе”.

Як спадзяецца дырэктар Ашмянскага РЦК, імпрэза — пры добрым надвор’і — цалкам “адаб’е” ўсе выдаткі. Магчыма, што так і будзе. Так, бюджэт фестывалю, як адзначыла “К” кіраўнік раённай сферы культуры Людміла Каханоўская, перавышае 150 мільёнаў рублёў. Падлічым: калі, напрыклад, на фэст завітаюць прыкладна паўтары тысячы чалавек, з якіх, скажам, будзе пад 200-300 дзяцей, дык арганізатары заробяць 120 — 130 мільёнаў рублёў толькі ад продажу білетаў. А калі турыстаў будзе больш, дык можна спадзявацца і на самаакупнасць форуму… Пра падобную выніковую “бухгалтэрыю” іншым фэстам Беларусі, як я неаднойчы пераконваўся, можна пакуль толькі марыць…

Прыкладна ў гэты ж тэрмін — 19 — 21 мая  — у Нясвіжы прайшло ХХІ свята мастацтваў “Музы Нясвіжа—2016”. Падзея традыцыйна ладзіцца Мінаблвыканкамам, Нясвіжскім райвыканкамам і Заслужаным калектывам краіны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі. У праграме свята — спектакль Заслужанага аматарскага калектыву рэспублікі Тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку, канцэрт “Шэдэўры беларускай музыкі для духавых інструментаў” у выкананні ансамбляў флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, гала-канцэрт беларускай музыкі ды святочны канцэрт эстраднай песні і музыкі “Узгадваем любімыя матывы” знакамітага аркестра.

Упершыню ў тутэйшым касцёле адбылося выступленне струннага аркестра і яго салістаў “Адвечная музыка пад купалам Нясвіжскай святыні”, а ў тэатральнай зале Палацавага ансамбля Нясвіжа прайшоў канцэрт камерных калектываў “У гонар нясвіжскіх маэстра” (да 270-годдзя Яна Голанда і 265-годдзя Мацея Радзівіла). Як патлумачыў “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Круглік, усе мерапрыемствы культурнай імпрэзы былі бясплатныя для наведвальнікаў.

Такімі ж бясплатнымі для гледачоў будуць і ўсе культурныя акцыі, запланаваныя падчас правядзення 20 — 22 мая ў Вілейцы і Маладзечна XXVІ абласнога фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс”. У святочных мерапрыемствах, як паведаміла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечненскага райвыканкама Алеся Лукоўская, прымуць удзел духавыя аркестры — калектывы з Мінскай вобласці, Расіі, Украіны, Латвіі, а таксама харэаграфічныя і харавыя калектывы, ансамблі мажарэтак, вакальныя ансамблі і салісты агульнай колькасцю каля 1000 чалавек.

Фестывальныя мерапрыемствы распачаліся ўчора, 20 мая ў Вілейцы, дзе прайшлі канцэртныя выступленні ўдзельнікаў з Украіны, — дзявочага народнага духавога аркестра “Раксалана”, гурта мажарэтак народнага харэаграфічнага ансамбля “Арабеск” і народнага дзявочага джаз-ансамбля “Roksi Band” Крамянчугскага педкаледжа Палтаўскай вобласці.

Сёння, 21 мая, у амфітэатры Маладзечна запланавана конкурсная праграма сярод узорных і народных духавых аркестраў, а таксама сярод ансамбляў мажарэтак. А заўтра, 22 мая, па вуліцах Культурнай сталіцы Беларусі-2016 пройдзе марш-парад духавых аркестраў, святочная дзея працягнецца на цэнтральнай плошчы горада, дзе адбудзецца выступленне зводнага духавога аркестра, паказальныя выступленні мажарэтак, гасцей і лаўрэатаў фестывалю. Там жа пройдзе і ўзнагароджанне ўдзельнікаў культурнага мерапрыемства.

А вось міжнароднага фестывалю “Беларускія фанфары”, які традыцыйна ладзіўся ў маі ў Баранавічах, гледачы сёлета не ўбачаць. Як патлумачыў “К” галоўны арганізатар культурнай імпрэзы і кіраўнік мясцовага гарадскога канцэртнага аркестра Васіль Прадун, на гэта ёсць шэраг прычын. “Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў нас заявіліся ўсяго тры замежныя калектывы, а не пяць, як мы чакалі і як было звычайна, — зазначыў Васіль Сцяпанавіч. — Да таго ж, у райвыканкаме доўга ўзгаднялася палажэнне аб фестывалі: узніклі праблемы ў фінансаванні фэсту. Таму намі было вырашана зладзіць “Беларускія фанфары” ўжо ў наступным годзе. І ў тым, што ў 2017 годзе мерапрыемства абавязкова адбудзецца, я не сумняваюся…”

Як бачна, калі з фінансаваннем некаторых рэгіянальных і міжнародных фэстаў праблем не ўзнікае (з-за бюджэтных датацый ці праз належную “раскрутку” імпрэзы сярод турыстычных кампаній ды мясцовых і замежных гасцей), дык у іншых рэгіёнах усё нашмат больш складана. Адсюль, як казала Герцагіня з кнігі “Аліса ў Краіне цудаў”, мараль: зарабляць на падобных фестывалях трэба, хай сабе і на білетах, а не чакаць добрага “дзядзьку” з кішэнямі, поўнымі грошай. Што ж, Герцагіня мае рацыю: мараль навідавоку.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"