Музейная восень — у Магілёве

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Міністр культуры краіны Барыс Святлоў падпісаў загад аб правядзенні ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Зладзіць маштабную музейную акцыю запланавана ў Магілёве з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016-га.

Асноўнымі мэтамі Нацыянальнага форуму, які ладзіцца ў Беларусі раз на два гады, з’яўляюцца адраджэнне, развіццё ды папулярызацыя традыцый і дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры, далучэнне да яе шырокіх слаёў грамадства, паказ і папулярызацыя дзейнасці музеяў, вопыту культурна-асветніцкай работы, павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў форуму, а таксама развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў.

У Магілёве адбудуцца прэзентацыі экспазіцый форуму, конкурсы сярод музеяў, навукова-практычныя семінары, "круглыя сталы" ды іншыя акцыі. Нагадаем, у мінулым форуме, што прайшоў у верасні 2014-га ў Гомелі, прынялі ўдзел каля 100 музеяў Беларусі, якія прадставілі на імпрэзе больш за 150 праектаў.

Галоўную інтрыгу створыць конкурс, па выніках якога вызначацца лепшыя ўстановы краіны па намінацыях: “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”, “За навацыі ў музейнай дзейнасці”, “За лепшы музейны праект”, “За лепшую культурна-адукацыйную праграму” і “За лепшае музейнае выданне”. Пераможцы ў кожнай з намінацый будуць узнагароджаны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў і грашовымі прэміямі: за першае месца — 50 базавых велічынь, за другое месца — 40 базавых велічынь, за трэцяе месца — 30. Для ўдзелу патрэбна да 1 верасня накіраваць у Міністэрства культуры заяўку з пазнакай: “На конкурс”. У заяўцы ўказваецца намінацыя, у якой музей жадае прымаць удзел, бягучы (разліковы) рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў (калі такі маецца), адрас, тэлефон, прозвішча, асабістае імя, імя па бацьку кіраўніка музея-ўдзельніка.

Да заяўкi прыкладаюцца матэрыялы: канцэпцыі, творчыя праекты, праграмы, відэа- і фотаматэрыялы, навуковыя публiкацыi, рэцэнзii, водгукi ды iншыя матэрыялы, неабходныя для прэзентацыi ў намiнацыi. Конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца на беларускай або рускай мове ў запячатаным выглядзе. Пры ўдзеле ў некалькiх намiнацыях конкурсныя матэрыялы падаюцца па кожнай намiнацыi асобна. Варта зазначыць, што матэрыялы прадстаўляюцца па вынiках дзейнасцi ўдзельнiкаў за два гады, што папярэднічаюць даце пачатку конкурсу.

На сёння зацверджаны склад аргкамітэта ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. У яго ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, супрацоўнікі ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў краіны, кіраўнікі некаторых буйных музеяў ды іншыя прадстаўнічыя асобы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"