Дачная атмасфера

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Дом Быкава: музейнасць асабістага / асабістасць музейнага
Унікальны падарунак, зроблены ўдавой Васіля Быкава Ірынай Міхайлаўнай дзяржаве, па сутнасці, адкрыў новы кірунак у музейнай справе Беларусі. Гаворка пра лецішча, што знаходзіцца ў аграгарадку Ждановічы-6, дзе з 1985 па 1998 гады бавіла вольны час сям’я пісьменніка. Нагадаем, перадача ўласнасці адбылася ў 2012-м годзе, і ўжо да 90-годдзя Васіля Быкава, з дапамогай былога міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі музей-дача быў адкрыты для наведвальнікаў. Але хутка ўстанова ўзяла паўзу, каб у другі раз адчыніць свае дзверы 4 мая 2016 года.

/i/content/pi/cult/587/13016/7-1.jpgЛепшая інфраструктура

Сёння музей-дача Васіля Быкава — цалкам гатовая для работы прастора, якая адпавядае свайму статусу як мемарыяльна, гістарычна (бо супрацоўнікі імкнуліся перадаць дэталі загараднага жыцця пісьменніка), так і тэхнічна: музей выконвае ўсе нормы эксплуатацыі для ўстаноў свайго кшталту. Дарэчы, для паўнавартаснага ажыццяўлення апошніх ён і прыпыняў сваю працу.

Дабрацца да музея можна наступным чынам: на рэдкіх аўтобусах з Мінска ды на аўтамабілі. Як варыянт, даехаць на ровары (гэта з уласнага, праўда, пешага вопыту: атрымалася паўтары гадзіны ад чыгуначнай станцыі “Ждановічы”). Людзі, што жывуць у сталічных мікрараёнах “Вяснянка”, “Каменная горка”, “Сухарава” і нават “Малінаўка” маглі б хутка дакалясіць да пасёлка. Ёсць толькі адна праблема: не хапае ўказальнікаў на музей у радыўсе 2 — 4 км ад самой кропкі. Затое ўсе санаторыі і базы адпачынку спраўна прапісаныя. Выявілася, што лепшай інфраструктурай Беларусі з’яўляюцца мясцовыя бабулі, як і стагоддзі таму, яны табе і маршрут дапамогуць пракласці, і шклянку вады вынесуць.

/i/content/pi/cult/587/13016/7-2.jpgАбсалютная адпаведнасць

Музей-лецішча патрабуе ўкладання ўдвая большага, чым гарадскі музей. Па-першае, сезон у такой установы карацейшы: зразумела, зімой дача працаваць не будзе. Па-другое, складанасці з дарогай павінны перакрывацца задавальненнем ад пабачанага, інакш людзі папросту перастануць туды ездзіць.

Як сцвярджаюць супрацоўнікі філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, адметнасць доміка ў Ждановічах — яго абсалютная адпаведнасць быкаўскай прысутнасці там: будынак, інтэр’ер дачы, яго тэрыторыя, унутранае ўбранне. Узнавілі абстаноўку дзякуючы ўспамінам і карэктывам з боку ўдавы Быкава, а таксама архіўным пошукам. У выніку, падаецца, атрымалася не толькі атмасфера загараднага жыцця пісьменніка, але і ўсёй беларускай інтэлігенцыі апошняй трэці ХХ стагоддзя.

Лецішча — цагляны двухпавярховік. На першым размешчана гасцёўня з вялікім сталом на 12 асоб, камінам, крэслам-качалкай, а таксама кухня, распісаная рукамі народнага пісьменніка. Дарэчы, жывапіс і графіка (арыгіналы і копіі) сустракаюцца па ўсёй дачнай прасторы: гэта і работы самога творцы, і падарункі яго сяброў. З першага паверха можна прайсці ў гараж Васіля Быкава. Аўтамабіль, які шмат год там “начаваў”, знаходзіцца зараз у сямейным карыстанні, але памяшканне ўсё роўна не пустуе. Там стаіць трохкалёсны дарослы ровар (мяркуецца, што ён быў зроблены спецыяльна для Ірыны Міхайлаўны). На белых сцянах гаража вісяць цікавыя аб’екты: карта пад назвай “Дарогі Васіля Быкава”, а таксама копіі замалёвак алоўкам, якія рабіў Васіль Уладзіміравіч, натхнёны пэўнымі жыццёвымі сітуацыямі.

Лесвіца з гасцёўні вядзе на другі паверх, дзе знаходзіцца кабінет Быкава. Перад акном стаіць стол, на ім друкарка, кубачак для кавы, паперы з фрагментамі тэксту. На крэсле вісіць пісьменніцкі світар, непадалёк — кіёк, прыхілены да сцяны, насупраць — сціплая канапа. Па суседстве — пакой жонкі, такі ж мінімалістычны, але па-жаноцку ўтульны. Праз некалькі гадоў жыцця на дачы сям’я Быкавых вырашыла прыбудаваць на другім паверсе закрытую веранду: яна атрымалася вельмі сонечнай і светлай. Менавіта там Васіль Быкаў нібы пакінуў на час свой набор для жывапісу: алей, пэндзаль, эскіз будучага малюнка. Дакладна вядома, што ў гэтым пакоі Васіль Уладзіміравіч і Ірына Міхайлаўна прымалі самых блізкіх і чаканых гасцей, напрыклад, Алеся Адамовіча, з якім Быкавы вельмі сябравалі. Карацей, дом не выглядае музейнай бутафорыяй: ён, падобна да любой беларускай дачы, абшыты знутры вагонкай і поўны кніг ды пацешных дробязей. Афармленнем, дарэчы, гаспадар займаўся асабіста.

Дачны двор Быкава значна адрозніваецца ад суседскіх: ён ніколі не служыў гародам. Пісьменнік змог захаваць на ўчастку бярозы, у іх атачэнні пабудаваў альтанку. Раней кампазіцыя дапаўнялася сотняй кусцістых ружаў і вінаграднай лазой.

Пра ўсё гэта вам ласкава раскажа малады супрацоўнік Настасся Смірнова ў экскурсіі па лецішчы. Бліжэйшай жа імпрэзай установы, наколькі вядома, стануць чэрвеньскія мерапрыемствы (19-га пісьменнік нарадзіўся, а 22-га, у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, памёр). Але падаецца, праграма такой незвычайнай установы павінна і можа быць больш насычанай і багатай на дзеі. У прыклад прывяду знакаміты сярод прасунутых мінчан Літаратурны музей Петруся Броўкі, у якім што ні дзень, то культурнае адкрыццё.

/i/content/pi/cult/587/13016/7-3.jpgА што Пастарнак?

Для таго, каб не выступіць пустаслоўным крытыкам, вырашыла падабраць некалькі прыкладаў з практыкі падобных устаноў. Дом-музей Барыса Пастарнака ў Перадзелкіне — адзін з самых адметных аб’ектаў у падмаскоўным пісьменніцкім гарадку. Акрамя экскурсійнай праграмы (дарэчы, калі трэба, на англійскай ці нямецкай мове), прысвечанай загараднаму дому і пэўнаму ладу жыцця тут, творам, якія былі напісаныя ў Перадзелкіне, людзям, што сюды завітвалі, музей мае ў запасе і альтэрнатыўныя прапановы для наведвальнікаў. Гэта лекцыі, якія ўсебакова ахопліваюць асобу Барыса Пастарнака, цыклы сустрэч. Кожную нядзелю дом-музей праводзіць пяцігадзінны пастарнакаўскі пленэр для дзяцей і дарослых (вядома, што пісьменнік нарадзіўся ў сям’і мастака Леаніда Пастарнака, больш за тое — у свой час падаваў надзеі не толькі ў жывапісе, але і ў музыцы). Такая задума дапамагае не столькі прыцягненню ўвагі да лёсу і творчасці Барыса Леанідавіча, колькі зараблянню грошай на падтрымку культурнага праекта.

Па суседстве — дом-музей Карнея Чукоўскага, знакамітага публіцыста, крытыка, перакладчыка, але найперш — дзіцячага пісьменніка. Лецішча заўсёды поўнілася дзецьмі, якія прыходзілі ў госці да класіка. Таму і супрацоўнікі музея зрабілі акцэнт на публіцы малодшага веку і арганізавалі для яе, акрамя лекцый і экскурсій, распальванне вогнішча, што адбываецца восенню і ўвесну. Дарэчы, музей працуе і ўзімку.

Музей-дача Уладзіміра Маякоўскага ў горадзе Пушкіне сёння знаходзіцца пад кіраўніцтвам і патранатам моладзі. Ідэі, якія ажыццяўляюцца там, безумоўна, глядзеліся б дарэчнымі зусім не ў кожным загарадным літаратурным музеі. Перад домам паэта стаіць дзіцячая футурыстычная пляцоўка. А ў спісе мерапрыемстваў я знайшла “Halloween” і “Birthday Party” Маякоўскага. Не магу назваць сябе прыхільнікам гэтых задум, але амаль упэўнена: Маякоўскі іх зацвердзіў бы. З умовай якаснага і сумленнага падыходу да перформансаў, аматарам якіх ён быў і сам.

Наколькі вядома, лецішча Ахматавай у Камарове так і не стала паўнавартасным музеем. Прычын на тое, магчыма, шмат: і бюракратычныя, і фінансавыя. Але ў першую чаргу, як падаецца, справа ў памерах дачы, якую сама паэтэса называла “будкай”. Выхад заўсёды маецца, калі ёсць ініцыятывы: ужо 10 гадоў у чэрвені на паляне ля дома праводзяцца літаратурна-музычныя імпрэзы, прымеркаваныя да дня народзінаў Ганны Андрэеўны.

Хто ў дапамогу?

Паўтаруся, наша краіна не мае вопыту ў стварэнні музеяў такога тыпу. Таму трэба лічыцца з гэтай сітуацыяй, падтрымліваць першапраходцаў, але і матываваць іх да новых істотных вынікаў. Бо патэнцыял музей мае вялікі. Калі вогнішчы і вечарыны з пераапрананнямі, безумоўна, музею памяці Васіля Быкава сэнсава не пасуюць (праз гэтыя прыклады хацелася, хутчэй, паказаць, як калегі працуюць з біяграфіяй знакамітай асобы), то пленэры, лекцыі, чытанні, сустрэчы, настольныя інтэлектуальныя гульні і нават выставы — іншая справа. А першыя, з кім можна спрабаваць супрацоўнічаць, — Віцебскае мастацкае вучылішча, у якім Быкаў адвучыўся да вайны, і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, якая на кожнай сваёй публічнай сустрэчы падкрэслівае, што Васіль Быкаў, разам з яго блізкім сябрам Алесем Адамовічам, сталі для яе літаратурнымі настаўнікамі. Няўжо хтосьці адмовіць?

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст