Джаз-фэст у ДШМ

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Тэхналогія ад канала да фінала
Гран-пры VI Міжнароднага конкурсу джазавай і эстраднай музыкі ў Салігорску “Jazz-time-2016” здабыў выканаўца на трамбоне 10-гадовы Ілья Кісялёў з гарпасёлка Чырвоная Слабада Салігорскага раёна (педагог Сяргей Дубовік). Іншыя вынікі — на сайце Jazz-time.by. Ну а каманда арганізатараў на чале з дырэктарам мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў Алегам ШЧЭРБАВЫМ правяла гіганцкую працу. Пра тое, што засталося амаль нябачным для канкурсантаў і гледачоў, мы і пагутарылі, не абмінаючы праблемныя пытанні.

/i/content/pi/cult/587/13015/6-2.jpg

 

 

Ансамбль Баранавіцкага музычнага каледжа і саліст Раман Чыжык. / Фота Аляксандра НІКІЦІНА

— Сёлета мы не рабілі рассылак з запрашэннямі на ўдзел па Беларусі. Людзі ўжо самі цікавіліся, што і як будзе. Раней да нас прыязджала ад 200 да 300 чалавек. Але сёлета ў Салігорск прыехала каля 700 удзельнікаў. З адной толькі маскоўскай школы імя Гайдна прынялі 50 асоб.

— Але такое ўражанне, што пра конкурс у Беларусі ведаюць далёка не ўсе…

— Згодны. Гэтым годам былі свае нюансы: мы заснавалі новую намінацыю — джазавы вакал. І таму вымушаны былі пралічыць, колькі нам чакаць удзельнікаў у гэтай намінацыі, разумеючы, што адзін дзень цалкам будзе аддадзены вакалу. І конкурс працягваўся не тры, як звычайна, а ўжо чатыры дні. Праграму астатніх конкурсных дзён склалі выступленні прадстаўнікоў музычных школ і сярэдніх спецыяльных устаноў. Таму, зразумела, канкурсантаў нам хапае. Іншая справа, што геаграфічна не ўсе рэгіёны Беларусі былі прадстаўлены роўна: Віцебская вобласць была слаба заяўлена, Магілёўская, толькі часткова Гомельская.

— А як раптам усе ахвочыя пажадаюць прыехаць да вас? Што дапаможа вам не захлынуцца ў колькасці заявак?

— Выйсцем можа быць дадатковая зала. Але гэта будзе вымагаць і большага фінансавання. Вялікая ж колькасць заявак запатрабуе папярэдняга праслухоўвання для адбору паводле ўзроўню падрыхтоўкі.

— Пакуль у конкурсе ўдзельнічаюць тры краіны: Беларусь, Украіна, Расія. Ці мяркуецца пашырэнне геаграфіі і што таму замінае?

— Тыя спробы, якія ўжо рабіліся, нібыта і атрымлівалі падтрымку з краін, з якімі мы звязваліся. Гэта Латвія, Літва, Польшча, маем кантакты з Францыяй, Германіяй і Казахстанам. Але адным далёка ехаць, іншым замінаюць візавыя праблемы, хоць апошняе і можна вырашыць у рамках культурнага абмену. Многія збіраюцца прыехаць, але ж у апошні момант нешта іх спыняе.

— Сёлета, як вы згадалі, з’явілася намінацыя “джазавы вакал”. Дзеля чаго? Ці апраўдала яна сябе?

— Сам конкурс быў задуманы не для паказальных выступленняў, а для развіцця напрамку джазавага выканальніцтва. А гэта — своеасаблівы род музычнага мыслення, здольнасць самім ствараць музыку і імправізаваць. І вакалісты ў гэтым сэнсе — не выключэнне. Дзякуючы конкурсу “Jazz-time” толькі ў Мінскай вобласці адкрыліся 11 джазавых аддзяленняў у ДШМ. Але ў іх, як мы заўважылі, практычна не існуюць класы джазавага вакала. Вучаць проста эстрадным спевам, але не джазавым. І калі некалькі гадоў таму “белай плямай” былі дзіцячыя эстрадныя аркестры, ансамблі, дык сёння яны ўжо зрабіліся фактам. Ёсць каго паслухаць. Таму нам падалося, што цяпер джазавы вакал выглядае як тая “белая пляма”, і з гэтым таксама трэба пачынаць працаваць, актывізаваць працу на пачатковым этапе. Я ўпэўнены, што праз некаторы час мы пачуем тых вакалістаў, якія выраслі дзякуючы “Jazz-time”. І першы для іх конкурс паказаў, што праблемы ў гэтай галіне ёсць. Існуюць асобныя цэнтры, дзе нешта спрабуюць рабіць, аднак прафесійных джазавых школ па вакале няма.

/i/content/pi/cult/587/13015/6-3.jpg

 

Уладальнік Гран-пры Ілья Кісялёў. / Фота Пятра ПЕЧКУРОВА

— Памятаю першыя конкурсы, калі ці не палову прызоў бралі прадстаўнікі Салігорска. Цяпер усё інакш. Канкурэнцыя для вас як гаспадароў — плюс ці мінус?

— Апошнім часам навучэнцаў і педагогаў я скіроўваю на тое, каб паказваць годны ўзровень падрыхтоўкі, тым больш мы гаспадары. Як гаспадары, мы рыхтуемся загадзя, а таму і вынік павінен атрымлівацца як мага больш якасны. Маем залу, інструменты, дасведчаных музыкантаў, якія могуць выступаць як рытм-секцыя. І таму магчымасці перамагаць ёсць пры ўмове добрай падрыхтоўкі. Што да канкурэнцыі, дык да нас прыязджаюць прадстаўнікі джазавых школ Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Растова-на-Доне, Яраслаўля. А таму нашы канкурсанты павінны быць гатовыя да таго, што сустрэнуцца з моцнымі канкурэнтамі, і неабходна імкнуцца да таго, каб на роўных з імі спаборнічаць. Нагадаю, што толькі на самым першым конкурсе ў 2006 годзе Гран-пры застаўся ў Салігорску. І больш такога не было, хоць сёлета мы і наблізіліся да высокага месца. Да Гран-пры не хапіла дробязяў.

— Сёлета ўсе канцэрты трансляваліся ў “Youtube”. Гэта даніна модзе ці яшчэ адзін спосаб прасоўвання?

— Мы даем магчымасць тым людзям, якія не здолелі трапіць на канцэрты, усё ж быць з намі ў рэжыме рэальнага часу. А тыя, хто глядзеў канцэрты, маглі аналізаваць узровень выканання. Другі момант: гэта стымулюе сяброў журы, каб не падцягнуць кагосьці на больш высокае месца. Максімальная аб’ектыўнасць спрыяе якасці. Да ўсяго, кіяўляне казалі, што за выступленнямі іх піяніста сачылі ці не ўсе навучэнцы школы, якую ён наведвае. І хлопчык, канешне ж, адчуваў падтрымку. Тое ж і з адэсітамі, якіх віншавалі праз мэйлы і допісы ў сацсетках.

— Выказвалася ідэя на базе вашай ДШМ ладзіць летнія джазавыя майстэрні. Замінае адсутнасць фінансавання?

— Грошы можна адшукаць. Але найперш неабходна правесці маніторынг, для каго гэту джазавую школу адкрываць. Высветліць, колькі дзяцей і якога ўзроўню падрыхтоўкі змогуць прыехаць. Бо займацца ў такой школе азамі джазу сэнсу няма. Выкладаць жа павінны педагогі з бездакорным аўтарытэтам. А слухаць іх — людзі з дастатковай падрыхтоўкай. Таму я планую распачаць абмеркаванне гэтай ідэі на сайце Jazz-time.by. Скажам, сёлета з’явіліся прапановы выдання нотнай літаратуры па матывах конкурсу. Гучыць шмат аўтарскай музыкі, выконваюцца розныя аранжаванні класічных мелодый. Гэта і творы з рэпертуару “Apple Tea”, аркестра Аляксандра Ліпніцкага, музыка Уладзіміра Ткачэнкі, Алены Атрашкевіч. Але аказалася, што ўвасобіць нават такую рэч няпроста з розных прычын...

— А чаму ў вас, дырэктара, здавалася б, звычайнай ДШМ, усё гэтак атрымліваецца?

— Кажу за ўвесь калектыў, з якім рыхтавалі і праводзілі конкурс “Jazz-time”. Мы не ходзім на працу, мы ёй жывём, як бы гучна ні было тое сказана. Мы служым, як кажуць у тэатры.

— Цікава, а якую музыку вы асабіста слухаеце ў тыя моманты, калі можна з палёгкай уздыхнуць ды расслабіцца?

— Баха. Менавіта ягоная музыка дае мне магчымасць для разваг, асэнсавання зробленага. Канешне ж, маю запісы ўлюбёных джазавых музыкантаў, якія пераслухоўваю. Але ў такія моманты — усё ж Бах.

 

Каментарыі ад журы

Уладзімір ТКАЧЭНКА, старшыня журы, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь:

— Што мы хочам ад гэтага конкурсу? Найперш — павышэння прафесійнага ўзроўню. І калі на першых конкурсах выканаўцы на інструментах практычна не імправізавалі, за рэдкім выключэннем, дык цяпер гэта амаль норма. Як і павінна быць. Джаз і пачынаецца з умення імправізаваць. І сёлета я пачуў тых, каго ўжо можна называць прафесійнымі выканаўцамі. З гэтага для іх і пачынаецца сапраўднае джазавае мастацтва, што самае істотнае. І калі раней у многіх навучальных установах джазам наогул не займаліся, дык цяпер мы маем шмат джазавых калектываў. Для дзяцей маецца стымул: пры ўмове сур’ёзнага навучання яны могуць прыехаць на “Jazz-time” і тут паказацца. І бачна, што яны ў Салігорску выступаюць з радасцю.

Ёні Эрнст ЯНГТУН, сустаршыня журы, прэзідэнт міжнароднага джаз-фестывалю ў Крыстыянстадзе (Швецыя), прэзідэнт юнацкага музычнага таварыства Паўднёвай акругі Швецыі:

— Не магу сцвярджаць, што маецца нейкая істотная розніца паміж беларускімі і шведскімі дзецьмі, якія займаюцца музыкай, у прыватнасці  — джазавай. Яны ўсе адораныя. Могуць быць адно нюансы ў методыках навучання. Я не ўпершыню прыязджаю на “Jazz-time” і бачу, што ўзровень падрыхтоўкі маладых джазавых выканаўцаў у Беларусі няспынна расце. Гэта проста кідаецца ў вочы. І вызначаць лепшых з кожным разам усё больш складана. Мяне гэта толькі радуе.

Валерый ГРАХОЎСКІ, сябра журы, прафесар, загадчык кафедры інструментальнага джазавага выканальніцтва Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных.

— Чакаў, што гэты конкурс будзе куды больш сціплы. І для мяне было вялікай нечаканасцю, што ён такі разгорнуты, хутка развіваецца, што тут прысутнічае столькі таленавітых людзей. І калі гэта надалей будзе развівацца, думаю, што “Jazz-time” чакае вялікая будучыня, што людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, зробяцца прафесіяналамі. Я проста здзіўляюся, колькі талентаў вырасла тут! Прыкладам, у Італіі ўсе людзі спяваюць, а тут — такое ўражанне — усе на нечым іграюць.

Мінск — Салігорск — Мінск

Аўтар: Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ
намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва"