Грос без ваўкоў

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Аляксей Грос нарэшце вызначыўся з кампазіцыямі, з якімі ён выступіць на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”, што пройдзе ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Як вы памятаеце, каманда нашага ўдзельніка звярнулася да меламанаў краіны, а таксама да прафесійных аўтараў, каб тыя прапанавалі варыянты песень на беларускай мове ды кампазітара славянскай краіны (на славянскай мове), якія Аляксей мог бы праспяваць у рамках сваёй праграмы.

/i/content/pi/cult/587/13014/6-1.jpgУсяго паступіла 72 заяўкі з усіх абласцей Беларусі. Увогуле, прафесіяналы адгукнуліся на ініцыятыву без асаблівага запалу (хіба вядомы кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік прапанаваў свой варыянт). Сустракалася ж у прапанаваным матэрыяле ўсялякае, напрыклад, такі аўтарскі тэкст: “Мое сердце открыла запасными ключами. Ты мой ангел хранитель за моими плечами. Ты всё то, что мне нужно. Пред тобой безоружен. Буду я с тобой нежен и отважен к тому же. Хочешь — стану я другом. А захочешь — то мужем. В небе вороны кружат и наводят ужас…”

Нарэшце, выбар спыніўся на трэку “Ой, дожджык iдзе…” ансамбля “Песняры”, дзе першапачаткова саліраваў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка. Прапанова паступіла ад Таццяны Каваленка з Гомеля. Кампазіцыя задаволіла ўсе запыты каманды Гроса: яна не “заезджаная”, на беларускай мове, словы — народныя, музыка належыць народнаму артысту Беларусі, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну. Тым больш у год юбілея творцы будзе сімвалічна, калі яна прагучыць у паўфінале конкурсу ў віцебскім Летнім амфітэатры. Асучасніць кананічную аранжыроўку ўзяўся Максім Пугачоў з “Беларускіх песняроў”, ён жа з дапамогай сесійных інструменталістаў і пад пільным кіраўніцтвам Леаніда Шырына (музычнага прадзюсара Аляксея) запісваў ды зводзіў дарожку.

Другую ж песню — “Я хачу” Пятра Ялфімава — “знайшла” педагог Гроса па вакале Людміла Куц. Над ёй таксама “чараваў” Пугачоў, ператвараючы твор з кампазіцыі з рок-адценнямі ў больш мяккі акустычны варыянт. Яна прагучыць у другі дзень конкурсу — у фінале (у які, мы ўпэўненыя, Аляксей абавязкова выйдзе), у суправаджэнні Заслужанага калектыву нашай краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Нагадаем, Ялфімаў, што дабраславіў Гроса на выкананне, стаў уладальнікам Гран-пры гэтага конкурсу ў 2004 годзе...

Нечаканасцю ж з’явілася тое, што артыст замяніў сваю другую фінальную песню — джазавы стандарт “A Song For You”, які ён выконваў у адборы да конкурсу і які збіраўся праспяваць у Віцебску. Прычынай стала тое, што гэтая кампазіцыя, разам з дзвюма іншымі, паказвалі Аляксея нібы з аднаго боку — як выканаўцу балад. Іншыя адценні іміджу спеваку зараз павінен надаць супершлягер “It’s My Life” амерыканскага гурта “Bon Jovi”, аранжыроўкай якога займаліся музыканты мінскага калектыву “Радыёхваля”.

Ніякіх ваўкоў — у выглядзе жывым або галаграфічным — побач з Аляксеем на сцэне не будзе. Не будзе і стрыптызу. Дэманстраваць сваю творчую форму ён стане песнямі. Артыст жа едзе ў Віцебск перамагаць, ці не так?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"