Ад яблычка да Цмока

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Чарговы Міжнародны фестываль тэатраў лялек прапанаваў публіцы найцікавейшыя пастаноўкі з 6 краін свету, тэатральнай жа грамадзе даў магчымасць пабачыць кірункі, у якіх рухаецца сучаснае лялечнае мастацтва, і “навесці масты” з лепшымі прадстаўнікамі гэтай прафесіі. Журналістам і крытыкам даў падставу не толькі аналізаваць тэатральныя падзеі, але і пачуць на штодзённых абмеркаваннях развагі тых, хто непасрэдна ствараў спектаклі. У любым выпадку для ўсіх гэты фестываль, як сказаў хтосьці з удзельнікаў, быў цудам. І шчасце, што цуд, нягледзячы ні на якія абставіны, адбыўся ў Мінску ўжо дзявятым разам.

/i/content/pi/cult/587/13013/9-2.jpgСпектаклі “гучныя”

Пяць дзён сістэматызавалі карціну лялечнага свету ў азначаныя плыні і выявілі мацерыкі праблем, аднолькавых для рознамоўных труп. Пачну з плыняў, узяўшы на ўзбраенне тэрміналогію галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага. У час абмеркаванняў у “Secret room” (“Сакрэтным пакоі”) тэатра-гаспадара, Аляксей Анатольевіч умоўна падзяліў пастаноўкі для дзяцей на “гучныя” і “ціхія”.

Сапраўды, з’явіўся пласт спектакляў, бліжэйшых да шоу-праграм. На форуме ўздзейнічаў на ўспрыняцце багаццем і відовішчасцю спектакль Краснадарскага краявога тэатра лялек “Трысняговая шапка”. Пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Кубані Канстанціна Мохава была настолькі маштабнай, што змагла змясціцца толькі на сцэне сталічнага Тэатра юнага гледача. Узяўшы старую п’есу Юрыя Сідарава і Ірыны Уваравай, створаную па матывах еўрапейскіх казак і легенд з упляценнем шэкспіраўскіх тэкстаў, тэатр і ігру акцёраў шырокімі мазкамі паказаў, і шыкоўныя касцюмы акцёраў, і цікавыя лялькі, і кібітку ў натуральны памер, і шмат дыму ды снегу на сцэне, і звышгучную фанаграму, каб уразіць гледача напавал. Мне думалася хутчэй пра небяспеку за гэтай шумлівасцю і бляскам згубіць, услед за арыгінальнай назвай п’есы, саму соль гісторыі… Мо так для гледача і здарылася.

На першых хвілінах грымеў і “Вялікі змей” Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Але, у адрозненне ад папярэдняй гульні ўсур’ёз, Алег Жугжда зрабіў казку-вар’етэ ў іранічным ключы. Таму пасля бурлівага пачатку з гуллівымі мізансцэнамі спектакль паступова перайшоў да шчырай размовы пра непаўторнасць і ўнікальнасць кожнага з нас. Словы ж песні “Пачуйце магію ў сабе” ўвогуле можна рабіць дэвізам фестывалю.

Адступленне першае. Моўнае

Перадаць сэнсавыя нюансы жартоўнага тэксту польскага аўтара Марты Гуснёўскай гродзенцам дапамог шыкоўны пераклад на беларускую мову Сяргея Кавалёва. У пастаноўцы ж “Спакуса” Беларускага тэатра “Лялька” з Віцебска паводле апавядання Антона Чэхава “Чорны манах” рэжысёр Віктар Клімчук першапачаткова канцэнтруе ўвагу на тэксце. Нават выведзена азначэнне “дыялогі”. Але “тэатральны” пераклад, падаецца, не да канца падтрымаў інтрыгу, закладзеную ў назве з афішы… Так што "смак" мовы са сцэны — справа з самых істотных.

Спектаклі “ціхія”

На фестывалі хапала “ціхіх”, але не менш выразных пастановак для дзяцей. Замест буяння фарбаў яны прапанавалі багатыя на нюансы і адценні развагі пра спрадвечнае. Цікава, што ў праграму нават у адзін фестывальны дзень патрапілі два праекты з розных краін, створаныя паводле аднаго і таго ж літаратурнага матэрыялу — кнігі амерыканскага аўтара Шэлдана Сільверстайна “Шчодрае дрэва”. Ізраільскі тэатр “Key” прапанаваў бясслоўную пастаноўку “Калі ўсё было зялёным”, пабудаваную на якаснай анімацыі персанажаў вельмі выразных лялек. Аўтары інсцэніроўкі Дзікла Кац і Аві Зліха ставілі за мэту скласці аповед пра адносіны чалавецтва і прыроды, таму нават для вырабу аб’ектаў і дэкарацый выкарысталі старыя выданні. У варыяцыі тэатра “Key” чалавек павінен разумець, што за кожны свой выбар ён будзе несці адказнасць, але і пасля лёсавызначальных памылак у яго заўсёды застанецца надзея на выратаванне.

Каўнаскі дзяржаўны тэатр лялек аказаўся “бліжэй да тэксту”, пакінуўшы біблейскія алюзіі пра самаахвярнасць, любоў і страты. Умоўнасць у сцэнаграфіі і алегарычнасць лялек “Зялёнага-зялёнага яблычка” дапамагла выйсці на новыя ўзроўні асэнсвання драматургічнага матэрыялу, у якім чытаецца і неабходнасць удзячнасці ў сяброўстве, і самаадданасць матчынай любові, і чуллівае стаўленне адзін да аднаго. У літоўскім варыянце няма і парастка хэпі-энду, але раскрываецца радасць спасціжэння і ўсведамленне шчасця ў адчуванні побач блізкай асобы.

Адступленне другое. Адукацыйнае

Дарэчы, гэты спектакль (як, урэшце, і ізраільскі) пастаўлены лялечнікамі не па адукацыі: рэжысёр і мастак прыйшлі са сферы мастацтва драмы. І гэта неадназначная для тэатра лялек тэндэнцыя відавочная для кожнай з краін удзельнікаў… Больш падрабязна пра яе — у наступных нумарах.

Польскі тэатр “Baj” прывёз на фестываль кранальны дзіцячы спектакль “Гуска, смерць і цюльпан” паводле кнігі Вольфа Эрльбруха. Адштурхнуўшыся ад малюнкаў нямецкага ілюстратара, польскі рэжысёр і сцэнограф Марцін Ярнушкевіч стварыў падставу для шчырай сямейнай размовы, каб пазбавіць малечу страху смерці. Шкада, што ў Новым драматычным тэатры абстрагавацца ад памераў залы (і таму неўтульнасці яе для гэтай тэмы), ад субтытраў, якія патрабавалі засяроджанасці, змаглі хутчэй дарослыя, чым дзеці. Камернасць наблізіла б дзяцей да лялек, дапамагла б разгледзець дробязі (можа, тады ўсе пабачылі б і цюльпан, пазначаны ў афішы, але яго многія так і не заўважылі, бо здалёк ён зліўся з дэкарацыямі).

Як слушна было потым зазначана ў “Сакрэтным пакоі”, пастаноўкі на тэмы, ад якіх чамусьці прынята дзяцей абараняць, вельмі патрэбныя і айчынным калектывам.

Слова ці форма?

Большасць з прадстаўленых тэатраў выйшлі да гледача з планшэтнымі лялькамі. У гэтым шэрагу Пензенскі абласны тэатр “Лялечны дом” выдзяляўся ўжо тым, што да пастаноўкі знакамітай п’есы Славаміра Мрожака “Забіць Караля” абраў марыянетак. І як з імі працавалі акцёры! Бездакорна, філігранна, дэманструючы найлепшы ўзор лялечнага рамяства. Па-майстэрску прыгатаваны, пабудаваны на інтанацыйных нюансах, вырашаны ў звышрэалістычных дэкарацыях тэатр абсурду пранізліва паказаў, як хапае аднаго нават бессэнсоўнага дотыку, каб асоба сама сябе дашчэнту знішчыла…

Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, наадварот, прывёз пастаноўку “Fable”, вырашаную збольшага ў “жывым” плане. “Гармонію ўсеагульнага вар’яцтва” (так у праграмцы) рэжысёр Юрка Дзівакоў вырашыў перадаць праз фармальны тэатр, у якім амаль не мае значэння прамоўлены тэкст. Існасць чалавека раскрываецца праз вобразны шэраг, праз пэўныя тэатральныя прыёмы. Далася ў знакі няродная пляцоўка, але ўсё ж у цікава прыдуманым спектаклі быў добра бачны патэнцыял.

Адступленне трэцяе. Музычнае

Пяцідзёнку форуму тактоўна прыправілі канцэртам групы “Нагуаль” пад інтрыгуючай назвай “Puppet rok-n-roll”. Зрэшты, знакаміты канадскі “Cirque du Soleil” раз-пораз выпускае дыскі з паўнавартаснымі трэкамі кампазіцый са сваіх цыркавых выступленняў. Чаму б і нам не даць другое жыццё музыцы, якая дапамагае рэжысёру раскрыць драматургічныя вобразы? Балазе, кампазітар і музыкант Леанід Паўлёнак “абкатаў” праграму на фестывальнай грамадзе і сапраўды задумаўся пра адпаведны рэліз. Адзначу, “музычнае шаленства” было сустрэтае “на ўра” нават тымі, хто не бачыў спектакляў-першакрыніц.

Загадкавасць душы

Не буду паўтарацца пра спакуслівую “Мандрагору” Мікалая Андрээва з Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”, бязлітаснае і аскомістае, як віно з кроўю, “Інтэрв’ю з ведзьмамі” Яўгена Карняга, карцінны ў прамым сэнсе гэтага слова “Партрэт з лятаючым гадзіннікам. Марк Шагал “Маё жыццё — ілюстрацыі” Палтаўскага акадэмічнага абласнога тэатра лялек (які ўжо неаднойчы бываў у Беларусі), а таксама пра шыкоўную правакацыйна-апакаліптычную пастаноўку Ігара Казакова “На дне” Магілёўскага абласнога тэатра лялек і вытанчаную лірычна-наіўную “Фро” Руслана Кудашова ад Брэсцкага тэатра лялек, пра якія “К” падрабязна распавяла раней. Дадам толькі, што два апошнія спектаклі можна будзе паглядзець у сталіцы яшчэ раз увосень — яны запрошаны ў праграму “Belarus Open” міжнароднага форуму “ТэАРТ”.

Асаблівыя чаканні фестывальнай публікі былі звязаныя са спектаклем прыватнага тэатра “Karlsson Haus” з Санкт-Пецярбургу “Ваня. Казка пра Ваню і загадкавую рускую душу” — “свежаспечаным” лаўрэатам прэстыжных прэмій “Залатая маска” і “Залаты сафіт” за лепшую працу рэжысёра і акцёра. На абодвух паказах арганізатары, паддаўшыся на ўгаворы тэатральнай суполкі, нават пагадзіліся на ўзнікненне “ніжняга шэрагу”: на падлозе размясціліся акцёры, славутыя рэжысёры і вядомыя крытыкі.

І жарсці з праходам у залу былі вартыя таго: Міхаіл Шаломенцаў расклаў па паліцах архетыпы рускай душы. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі (які выступіў да таго ж у рэдкай для сябе ролі драматурга), прапанаваў паразважаць пра вечнае памкненне да бедавання ад якой-небудзь нячыстай сілы (часам прыдуманай самім пакутнікам), пра гераічныя ўсплёскі ў барацьбе за лепшую долю асобных волатаў, якіх пасля перамогі свае ж гатовыя зжэрці… Таму толькі на першы погляд падаецца дзіўным, што ў вантробе Цмока з’едзеныя людзі… жывуць так, быццам нічога з імі і не здарылася. Вельмі зручна падманваць сябе, уяўляючы ў цемры парыжы, каб толькі не рабіць залішніх рухаў: шлях да святла патрабуе намаганняў, куды прасцей адседзецца…

To be continued?

Праграма сёлетняга фестывалю атрымалася сапраўды адборнай. І хоць дырэкцыі ў няпросты эканамічны час давялося дзейнічаць у абмежаваных умовах, яна змагла выжаць з наяўнага максімум, стварыўшы пяць дзён непарыўнага свята. Па словах выканаўчага дырэктара форуму Яўгена Клімакова, замежныя калектывы пагадзіліся выступіць у Беларусі задарма. Як бачым, мінскі фестываль мае аўтарытэт у калег. Хочацца спадзявацца, лялькі, што днямі разляцеліся па свеце, змогуць беспраблемна сабрацца ў Мінску праз два гады. Тым больш, юбілейны Х Міжнародны фестываль супадзе з 80-годдзем яго гаспадара — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Фота Тацяны МАТУСЕВІЧ і прадастаўленыя дырэкцыяй форуму

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"