З каго “Партрэт”?

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі звярнуліся да Гогаля — па-беларуску. Ва ўсіх адносінах. Пераклалі ягоны “Партрэт” на беларускую мову — і на беларускую рэжысёрскую мову ў тым ліку.

/i/content/pi/cult/587/13011/8-2.jpg

Сцэна са спектакля “Партрэт”. / Фота rtbd.by

Да абедзвюх “беларускіх моў” спрычыніўся мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Аляксандр Гарцуеў, інсцэніроўку зрабіла Святлана Навуменка. Праз прыём стоп-кадра ў спектаклі, жанрава азначаным як трагіфарс, сплятаюцца мінуўшчына і сучаснасць, рэчаіснасць і фантастыка, сцэнічнае выкладанне і аўтарскія каментары. У цяперашнім выглядзе аповесць класіка набыла папраўдзе тэатральны выгляд, разлічаны, да ўсяго, на самую розную публіку — па ўзросце (ад падлеткаў да бабуль), па сваіх эстэтычных густах (ад прыхільнікаў модных тэлешоу да строгіх тэатральных крытыкаў), а таксама паводле ступені знаёмства з гогалеўскім першавытокам.

Апошняе важна таму, што акрамя ўласна герояў аповесці, у спектаклі з’явіўся яшчэ таямніча-“прыкольны” Чалавек у чорным (Мікалай Стонька) — сучаснае ўвасабленне Мефістофеля пад абліччам вядучага прэзентацыі. Усюдыісны, ён належыць адначасова розным эпохам: капялюш-“кацялок” — з ХІХ стагоддзя, мікрафон — з сучаснасці. А замест чырвонага падкладу ў чорным плашчы-сурдуце-фраку — чырвоныя шкарпэткі і такога ж колеру… “вока” мікрафона (мастак па касцюмах — Марына Алекна). Яшчэ больш размаітыя стылёвыя сумесі — у сцэнічных строях паненак, “квартэт” якіх выклікае асацыяцыі з трыма шэкспіраўскімі вядзьмаркамі.

Вельмі простая сцэнаграфія (мастак — Юрый Саламонаў) дазваляе рабіць такія ж простыя тэатральныя “цуды”: праз нацягнутыя стужкі “ралетаў-жалюзі” героі быццам “праходзяць праз сцяну”. Два тыповыя для гістарычных пастановак крэслы з высокімі спінкамі ператвараюцца ў кафедру на лекцыі, у ложак, вязніцу.

Увасабляць гэты сюжэт, куды больш містычна закручаны за нашмат пазнейшы “Партрэт Дарыяна Грэя” Аскара Уайльда, можна толькі тады, калі прыдуманы нейкі тэатральны ход для ўсіх партрэтных пераўвасабленняў на жывапісных палотнах. У спектаклі многае робіцца светлавымі эфектамі, накладаннем выяў, праз якія вельмі паступова праступаюць дзе намаляваныя, а дзе і жывыя рысы (мастак па святле — Сямён Давыдзенка, відэаэфекты — Лізаветы Пінігінай). Не меншае ўражанне пакідае злавесная ўсмешка Андрэя Дабравольскага ў ролі Партрэта — прызнацца, нечаканай для гэтай медыйнай асобы.

Сапраўдныя дзівосы адбываюцца і з галоўным героем. Андрэй Новік у ролі мастака Чарткова за час спектакля старэе на нашых вачах — без усялякага дадатковага грыму, адно праз свой акцёрскі талент: змяняецца постаць, хада, тэмбр голасу, размоўная манера, выраз твару, бляск у вачах. Нядаўні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ён яшчэ на студэнцкай сцэне ўдала іграў людзей сталага веку. Але яго цяперашні ансамбль з заўсёды вельмі яркім, каларытным Сяргеем Шымко (Мікіта) — вышэй за ўсялякія чаканні, прычым ва ўсе моманты, уключаючы нечаканае мужчынскае танга (дарэчы, паходжанне гэтага танца было сапраўды выключна мужчынскім — у адрозненне ад вальса, які Чарткоў танцуе з выдаўцом).

Ва ўбачаным мной складзе (а ўсяго іх два) кожны заняты артыст, нават у неазначаных ролях кшталту “ў спектаклі ўдзельнічаюць”, паўстае зоркай. Чаго каштуюць адны толькі позіркі Веранікі Буслаевай, якая іграе дачку Lise, што прыйшла пазіраваць, каб з яе напісалі партрэт.

…Пасля прагляду дзве бабулечкі, вельмі ўзрадаваныя, што замест корпання на лецішчы “зрабілі сабе маленькае свята”, дзяліліся ўражаннямі: “Не, не ўмее моладзь распараджацца грашыма. Так бяздарна змарнаваў такія вялікія грошы! Аддаў бы іх старым — яны збераглі б”. Зразумела, кожны ўбачыць у спектаклі штосьці сваё: хтосьці — знешні антураж, блізкі масавай культуры, хтосьці — філасофскі змест. Але ж ёсць там і сэнс, надзвычай актуальны сёння не толькі для творчых асоб, але і для ўсёй нацыянальнай культуры увогуле. Бы той Чарткоў, нашы тэатры вымушаны стаяць перад спакусай: зарабляць грошы (пра шалёныя, як у героя-мастака, і размовы ніхто не вядзе) ці дбаць пра сапраўднае развіццё культуры, укладаючы туды ўсе сілы і не дбаючы пра прыбытак. Дык які шлях абяром?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"