“Адкрытымі вачыма”

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Паміж вёскай і горадам: пошукі і штудыі студэнцкага кіно
На мінулым тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі “Новы погляд: маладое беларускае кіно” адбылася прэм’ера кінаальманаха “Адкрытымі вачыма”. Аўтары кароткаметражных стужак, уключаных у зборнік — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Урэшце, акцыя, мэта якой — папулярызацыя маладога айчыннага кіно, дала магчымасць ацаніць работы рэжысёраў незалежна ад іх прыналежнасці да пэўнага статусу.

/i/content/pi/cult/587/13010/8-1.jpgПрызнацца, фільмы студэнтаў Акадэміі мастацтваў неяк выпалі з поля ўвагі на фоне гучных перамог і заявак незалежнага кіно, якое, нарэшце, праявіла сабе. Але навучальны працэс у дзяржаўнай установе не супыніўся з прыходам незалежных кінематаграфістаў, і на суд гледача ў мінулы чацвер былі прадстаўлены работы студэнтаў майстэрні Рэнаты Грыцковай.

Гэта далёка не першы “выхад” на вялікую аўдыторыю кароткаметражных стужак навучэнцаў курса. Прынамсі, у Нацыянальным конкурсе “Лістапада-2015” прымаў удзел фільм “Кактус” Андрэя Кашперскага, ды і работы Нэлі Васілеўскай траплялі ў спаборніцтвы разнастайных форумаў — гаворка ў дадзеным выпадку пра “Заплюшчы вочы”, які заяўлены ў кінаальманаху. Таксама пэўны фестывальны лёс маюць і “Гульні са смерцю” Алеся Камякова, і “Канцэрт для мамы” Ягора Бякава. Выключэнне — апошняя работа спадарыні Васілеўскай “Мой брат”, зробленая сёлета, прэм’ера якой адбылася на кінапаказе. Словам, у кінаальманаху былі сабраныя стужкі, скажам так, не дэбютныя. Тэматычнай лініяй для зборніку стала тэма дзяцінства.

Што ж выявіў “Адкрытымі вачыма”? Безумоўнай яго вартасцю можна назваць тэматычны фокус — асабістыя стасункі, свет дзіцяці, сям’я як пэўная мадэль грамадства. Усё гэта прастора, вартая даследавання, рэфлексій і багатая на адкрыцці. Тым больш цікава, якім чынам апошнія адбываюцца ў маладога пакалення і што, уласна, выяўляюць.

У гэтым сэнсе чымсьці блізкімі па ўзнятых пытаннях мне падаліся стужкі “Кактус” Андрэя Кашперскага і “Заплюшчы вочы” Нэлі Васілеўскай. “Кактус” — гісторыя дзіцяці, якому давялося перажыць знаёмства са сваім сапраўдным бацькам. На святкаванне 6 гадоў сына апошні ўпершыню прыйшоў пазнаёміцца з хлопчыкам. Прастора сельскага дома ля чыгункі — месца дзеяння драмы, што адбываецца, шум цягнікоў — тое, да чаго з цягам часу прывыкаеш. Кактус — гэты падарунак бацькі сыну, — “вожык у гаршчочку”, — нечаканы боль, які напаткае галоўных асоб дзеяння.

У фільме шмат цікавых дэталяў, мізансцэнаў, якія дадаюць дадатковых нюансаў асяроддзю, у якім расце шасцігадовы хлопчык. Дастаткова пераканаўчай атрымалася роля небаракі-бацькі, які прынёс сыну не толькі калючую расліну, але і планшэт, паспрабаваўшы наладзіць кантакт з хлопчыкам. Аднак сапраўднага знаёмства так і не адбываецца: бацьку выстаўляюць з двара дому, дзе ладзяцца святкаванні. Услед яму ляціць і кактус — як боль, што наўрад ці калі-небудзь загоіцца. Бацька так і не зойдзе ў дом, так і не вернецца ў сям’ю.

У нечым падобная прастора дзеяння — у стужцы Нэлі Васілеўскай “Заплюшчы вочы”. Таксама — сельскі дом, але ўжо не ля дарогі, а недзе ў глушы; там сям’я — маці і дзяўчынка. Дзяўчынка чакае маці (у яе ролі Наталля Ляванава) з працы, а тая, прыйшоўшы дадому, пачынае прыхарошвацца для свайго кавалера. Для дачкі каханак маці — чужы. З-за яго пэўны час дзяўчынку не пускаюць у дом. Гэта той, хто адбірае ўвагу, любоў дарагога чалавека. І дзяўчынка адгукаецца на гэту нястачу ўвагі сваёй дзіцячай жорсткай рэакцыяй, міжволі дэманструючы маці яе заганы. Цікава, што ў гэтай карціне сітуацыя супрацьлеглая першай — у сям’і няма ладу, таму што мужчына нават і не прэтэндуе на бацькоўства, а маці да канца — праз мужчыну — не належыць дзіцяці. Але дачцэ і матулі ўсё ж такі ўдаецца паразумецца — “расплюшчыць вочы” адна на другую, хоць у гэтай гісторыі, па шчырасці, матывацыя герояў пазначана пункцірам.

Адметна, што ў стужках асаблівую ролю адыгрываюць і жывёлы. Яны — частка асяроддзя, дзе жывуць дзеці, яны — такія ж удзельнікі драм. У “Заплюшчы вочы” коткі, сабака, каза, гусі дапаўняюць прастору, насычаную гукамі, шумамі сельскага жыцця. Нават апошняя сцэна фільма, дзе маці і дачка не маюць патрэбы ў трэцім, — адбываецца ў садзе, што квітнее, дасылаючы да метафары выраю. Цікава, што ў абедзвюх стужках людзі, якія прыязджаюць з гораду — гэта чужынцы: і бацька-небарака з планшэтам ды кактусам, і каханак. Першы — ужо не патрэбны, другі — яшчэ не, нягледзячы на тое, што дорыць дзяўчынцы хамячка. Але для яе, раззлаванай, пушысты гадаванец — усяго толькі “грызун”, месца якому — у мышалоўцы. Дзіўная рэч, але патрыярхальны лад жыцця перамагае ў гэтых стужках, пакідаючы гораду і яго каштоўнасцям месца чужыны. Цалкам дарэчы тут згадаць словы кінакрытыка Максіма Карпіцкага, які звяртае ўвагу на дамінанту сельскай тэмы ў беларускім кіно — працуючы з ёй як з асяроддзем, маладыя кінематаграфісты цікава адкрываюць яе сацыяльнае вымярэнне.

Горад трохі выяўляецца ў іншых дзвюх работах: “Гульні са смерцю” Алеся Камякова і “Канцэрт для мамы” Ягора Бякава. Бясспрэчнай вартасцю першай карціны з’яўляецца акцёрская работа Вячаслава Паўлюця, што бліскуча ўвасобіў вобраз Смерці. Другая кароткаметражка трапляе ў фармат змястоўна распаведзенай гісторыі, але пры ўсёй шчырасці не выходзіць за межы добра зробленага практыкавання. Гэта прыклады акадэмічных студэнцкіх прац, але ў іх цяжка гаварыць пра аўтарскі почырк, персанальны стыль, які хочацца адзначаць разам з працай гукааператара ці аператара. І ў гэтым сэнсе гораду як сацыяльнай фармацыі так і не ўдаецца нарадзіцца.

Акурат добрым прыкладам у плане аўтарскай спробы становіцца свежая стужка “Мой брат” той жа Нэлі Васілеўскай. Пры ўсіх адсылках да творчасці Андрэя Таркоўскага Нэлі ў гэтым кіно адважна спрабуе выйсці на тэрыторыю падсвядомага, сноў, не вельмі абжытую, мякка скажам, беларускімі кінематаграфістамі. Выдатная работа аператара Яўгена Вярэнева, які, здаецца, прадэманстраваў усе прафесійныя магчымасці ў 32-хвіліннай працы, прымушае паставіцца да высілкаў аўтараў з павагай. Цікава працягнуць вышэйпазначаную лінію сельскіх матываў у стужцы: тут таксама бачым дом у аддаленым месцы, сельскі двор, але “Мой брат” выкарыстоўвае мову аўтарскага кіно, іншы рытм і святлоперадачу. Адпаведна, у гэту прастору змяшчаюцца і стасункі больш незразумелыя: страты, пошуку любові, прыцягнення, рэўнасці, помсты… Трохкутнік адносін разыгрываецца паміж сынам, маці (актрыса Святлана Кажамякіна) і стрыечным братам — задача, якая вымагае пэўнай смеласці і культуры. Стужка маладой рэжысёркі, хоць і не пазбегла залішняй зацягнутасці, пэўнага самазахаплення, але яна фіксуе крок маладога кіно ў бок аўтарскага, калі важна распавесці не адно яўную гісторыю, а сказаць штосьці невідавочнае, але вартае візуальнага тэксту і вобразу. Вясковы дом на прыкладзе гэтай працы ператвараецца ў свет асабістага дзяцінства, “куфар успамінаў і страхаў”. Перад намі ўжо культура гарадскога чалавека, які будуе дом не толькі як асяроддзе, дзе адбываецца дзеянне, а як самога сябе.

У гэтым сэнсе можна павіншаваць кіраўніка курса з поспехамі вучняў, які рэалізуюць падобнага кшталту пошукі побач з муштрой прафесіі. Але наколькі часта атрымліваецца спалучаць апошнюю з раскрыццём творчага пачатку маладога аўтара — пытанне, якое напаткае адразу пасля завяршэння сеансу. Што першаснае — школа ці індывідуальнасць? І як захаваць другое, каб у выніку выйграла першае? У кантэксце “свежага подыху” незалежнага кіно гэтыя пытанні становяцца яшчэ больш актуальнымі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"