Захаваная спадчына — аснова духоўнасці грамадства

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін, адбылася 16 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

З журналістамі сустрэліся начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Абламскі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАНБ Аляксандр Лакотка, доктар гістарычных навук, загадчык Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАНБ Вольга Ляўко, намеснік начальніка ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Міністэрства абароны краіны Леанід Мяцеліца і галоўны архітэктар праектаў РУП “Праектрэстаўрацыя” Людміла Іванова.

В.Абламскі паведаміў, што на сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей унесены 4592 аб’екты, з іх 1524 архітэктурных помніка. Сёлета на рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы выдаткавана больш за 85 мільярдаў рублёў.

Перад спецыялістамі пастаўлена задача да 2010 года скласці дасье на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і помнікаў драўлянага дойлідства Беларускага Палесся. В.Абламскі нагадаў, што рашэннямі калегій Міністэрства культуры, якія адбыліся ў лістападзе 2007 г. і ў лютым 2008 г., абласным упраўленням культуры даручана на месцах правесці кансервацыю помнікаў, прыборку і добраўпарадкаванне на іх тэрыторыях, задзейнічаць кампетэнтных спецыялістаў у падрыхтоўцы да ўключэння наступных аб’ектаў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

А.Лакотка пазнаёміў прысутных з новымі выданнямі, прысвечанымі архітэктурнай спадчыне і турызму. Выпушчаны 4 кнігі па Гомельскай і Брэсцкай абласцях з 16-ці запланаваных у серыі “Гарады і сёлы Беларусі”, у якой плануецца распавесці прыкладна пра 25 тысяч населеных пунктаў нашай краіны, паказаць іх лёс і сучаснасць, у тым ліку помнікі гісторыі і культуры. Нядаўна з’явіўся 10-ты том у серыі “Беларусы”, рыхтуецца 11-ты, які будзе прысвечаны нашай этнамузычнай спадчыне. Таксама перавыдадзены з дапаўненнямі кнігі-альбомы “Каталіцкія храмы Беларусі” і “Праваслаўныя храмы Беларусі”. А.Лакотка падкрэсліў, што ІМЭФ актывізаваў збор і навуковыя даследаванні нацыянальнай духоўнай спадчыны. Праца па яе ўзяцці на ўлік і пад дзяржаўную ахову фактычна толькі распачынаецца...

Л.Мяцеліца паведаміў, што зараз у краіне налічваецца 6676 воінскіх пахаванняў, з іх 5948 звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Іх стан у цэлым задавальняе. Рыхтуецца Указ Прэзідэнта аб падрыхтоўцы да святкавання 65-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзе будзе прадугледжаны рамонт і добраўпарадкаванне ваенных помнікаў, адкрыццё новых памятных мясцін, стварэнне мемарыяльных зон, пошук і перапахаванне загінуўшых на месцах баёў і ахвяр вайны.

14 мая пошукавы батальён Міністэрства абароны распачне новы сезон, калі будзе праведзена рэкагнасцыроўка больш чым на 40 аб’ектах, а ўсяго даследаваць плануецца 113 аб’ектаў па рэспубліцы.

В.Ляўко распавяла пра зацікаўленасць раённых улад у больш актыўным супрацоўніцтве з археолагамі. У Інстытут гісторыі часцей сталі паступаць запрашэнні на канферэнцыі, заяўкі на даследаванне асобных аспектаў мінулага рэгіёнаў, археалагічных помнікаў. За два гады праведзена вывучэнне 9 аб’ектаў у гістарычнай частцы Оршы.

В.Ляўко і яе калегі рыхтуюць да турыстычнага агляду больш за 50 помнікаў археалогіі, параўнальна нядаўна выяўленых на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Вядуцца актыўныя археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, дзе распачынаецца будаўніцтва Лядовага палаца. Плануецца таксама рэканструкцыя крэпасці, і ў сувязі з гэтым актуальнымі робяцца пошукі слядоў старадаўняга Бабруйска. Талачынскі раён выказаў пажаданне стварыць гісторыка-археалагічны запаведнік у Друцку. З Лепеля паступіла заяўка пасадзейнічаць даследаванням Лепельскага замка і іншых археалагічных помнікаў раёна. Да юбілею Полацка, які будзе адзначацца ў 2012 годзе, трэба будзе правесці комплексныя даследаванні найстаражытнай часткі горада і прадставіць іх вынікі навуковай грамадскасці. Археолагі Інстытута гісторыі рыхтуюць матэрыялы для рэканструкцыіМінскага замчышча, удзельнічаюць у стварэнні Музея гісторыі Мінска, у распрацоўцы новай канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Л.Іванова, навуковы кіраўнік будынка Опернага тэатра, закранула некаторыя нюансы яго рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Фізіка-хімічныя аналізы пакрыцця сцен выявілі, што першасна будынак быў пакрыты дэкаратыўнай тынкоўкай шэрага колеру. Яе шматкампанентны склад рэстаўратары пастараліся паўтарыць. Фасаду вернута даваеннае аблічча, зараз вядуцца спробы аднавіць насценны жывапіс. Оперны тэатр — досыць складаны аб’ект, але ён павінен быць адчынены для гледачоў у сакавіку наступнага года.

Зараз рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы вядуцца па рэспубліцы на 32-х помніках, у бліжэйшай перспектыве плануецца распачаць іх яшчэ на 10 аб’ектах.

 Святлана ІШЧАНКА