Гарадок, Полацк, Ашмяны, Бабруйск...

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г


/i/content/pi/cult/587/13009/11-1.jpgГарадок / Майстры з “Вытокаў“

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе выстава народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Вытокі” Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.

Кіраўнік “Вытокаў“ — Жана Гусейнава. Клуб адзін з першых на Беларусі (1989 год) атрымаў званне “народны” і кожныя тры гады пацвярджае яго. Дзейнасць фармавання накіравана на адраджэнне, развіццё і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў, падтрымку майстроў — носьбітаў аўтэнтычных традыцый.

У экспазіцыі — работы каля 50 майстроў Гарадоцкага раёна. Можна пазнаёміцца ці не з усімі напрамкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: вышыўкай, ткацтвам, жывапісам, ганчарствам, лоза- і саломапляценнем, цацкамі-свістулькамі, лялькамі ў традыцыйным адзенні, строямі.

Марына Гушча, Васіль Сіманковіч, Ірына Шалаева, Вольга Рэут, Людміла Гаравая, Таццяна Міснікава, Наталля Юшкова з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Майстар па ткацтве Ніна Міхайлаўна Каралько адзначыла 92-годдзе, з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь, яе творы знаходзяцца ў фондах раённага Дома рамёстваў і фальклору і ў абласным краязнаўчым музеі. Вучаніца Ніны Міхайлаўны Наталля Юшкова стала пераможцай абласнога свята-конкурсу “Палатняныя пераплёты” (у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”) у намінацыі “Ткацтва паясоў”.

На выставе прэзентавана адметная калекцыя вырабаў у тэхніцы традыцыйнага спіральнага пляцення ў выкананні сучасных майстроў. Аднаўляць згаданую тэхніку пляцення з выкарыстаннем лазовага прута ці кораня сасны адна з першых пачала на Гарадоччыне Людміла Гаравая. Цягам пяці гадоў яна навучае гэтаму дзетак. Цяпер Людміла імкнецца надаць гэтай тэхніцы статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Падчас адкрыцця выставы быў паказаны прэм’ерны батлеечны спектакль “Два браты” ў выкананні майстроў клуба, сюжэт да якога быў знойдзены падчас экспедыцыі па раёне. А Ірына Шалаева дала майстар-клас па вырабе глінянай свістулькі.

Ала ЛЯЛЬКІНА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці


Полацк / Пяць тыдняў на тэатр

Ля кінатэатра “Радзіма“ ў Полацку стартаваў праект “Тэатральны перапынак“. Такім чынам быў пачаты сезон вулічных тэатраў.

Выпадковага мінака абавязкова закрануць выступленні ўзорнага юнацкага тэатра-студыі “Гармонія“ Полацкага гарадскога палаца культуры, лялечнага тэатра “Вясёлка“ Багатырскай бібліятэкі-філіяла № 48 Полацкай ЦБС і юных аматараў сцэнічнага мастацтва з Полацкага каледжа. Арганізатар праекта — Полацкі гарадскі палац культуры.

Тэатр-студыя, да прыкладу, прадэманструе багаты арсенал акцёрскіх сродкаў: не толькі рух і пластыку, а нават манеру нашэння сцэнічнага касцюма. На адкрытай пляцоўцы будуць ладзіцца пластычныя эксперыменты, спектаклі для сямейнага прагляду. Глядач вокамгненна можа стаць акцёрам.

“Гармонія“ прапануе спектаклі на тэмы экалогіі, здаровага ладу жыцця, выхавання. Маленькія гледачы будуць задаволеныя. Навучэнцы каледжа далучаць таксама палачан і гасцей горада да беларускай літаратурнай спадчыны. Яны падрыхтавалі пастаноўку паводле п’есы Уладзіміра Караткевіча “Калыска чатырох чараўніц“. Тэма твора — пошук нацыянальнага характару і нацыянальнага героя — цяпер адна з самых надзённых.

Вулічнае тэатральнае свята ў Полацку будзе доўжыцца цягам пяці тыдняў. А потым нас чакае карнавальнае шэсце і тэатральны гала-канцэрт. Будзем спадзявацца, што мы прысутнічаем пры нараджэнні чарговага полацкага брэнда!

Андрэй СТАРЖЫНСКІ


Ашмяны / Што чытала мама?

Раённая дзіцячая бібліятэка Ашмянаў падвяла вынікі рэспубліканскай акцыі ”Сямейнае чытанне”. Падчас яе бібліятэкары імкнуліся ўмацаваць сямейныя традыцыі, а таксама — імідж чытання і кнігі. Юныя чытачы прысутнічалі ў бібліятэцы разам з бацькамі. Для іх былі падрыхтаваны тэматычныя кніжныя падборкі.

І ўвогуле, літаратурныя гасцёўні сталі ў нас традыцыйнымі. Гэтым разам сярод кніжных паліц сустрэліся прадстаўнікі ці не дзясятка сем’яў, дзе кніга стала сапраўдным сябрам. Бабулі, таты, мамы, іх сыны, дочкі і ўнукі выканалі ўмовы акцыі: падрыхтавалі малюнкі на тэму “Улюбёная дзіцячая кніга сям’і” і зрабілі фотаздымкі “Чытаем усёй сям’ёй”.

Падчас свята вядучыя Марыя Свірская і Святлана Красоўская казалі пра ролю паўнавартасных сямейных стасункаў, а дзеці чыталі вершы, прысвечаныя бацькам. Былі яшчэ тэатралізацыя, бяспройгрышная латарэя, літаратурны конкурс-віктарына. Гучалі музычныя нумары ў выкананні чытачоў. Закончылася свята аглядам літаратуры “Любімыя кнігі ў дзяцінстве тат і мам”.

Гелена ГАРДЗЕЙ, загадчык Ашмянскай раённай дзіцячай бібліятэкі

 

Бабруйск / Басанож па лужынах

У канцэртнай зале Палаца мастацтваў Бабруйска прайшоў штогадовы справаздачны канцэрт узорнага ансамбля танца ”Чабарок”. Такія мерапрыемствы ў горадзе прыцягваюць увагу.

Можна было пабачыць лепшыя, правераныя часам, нумары, а таксама — новыя харэаграфічныя пастаноўкі. Танцы “Ластаўка”, “Бульбачкі”, “Крутуха”, “Полька-Янка”, “Басанож па лужынах” і многія іншыя падвялі вынік працы кіраўніка калектыву Лізаветы Калпаковай.

“Чабарок” на свае творчыя справаздачы традыцыйна запрашае іншыя калектывы Палаца мастацтваў. Гэтым разам сумесныя нумары былі пастаўлены з Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь Тэатрам песні “Шына-най”.

Наталля ЧОРНАЯ, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска

Фота Сяргея ГРАБНЕВІЧА