А дакажыце, што ў вашай вёсцы клуб патрэбны

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Онлайн-канферэнцыя "К": клубныя нюансы / Спець, станцаваць, рассмяшыць і напісаць кулінарную кнігу…
Калі ўстанову культуры ігнаруюць наведвальнікі, яе неабходна зачыняць. Не думаю, што хтосьці аспрэчыць гэту выснову. Бібліятэкары, напрыклад, яшчэ да пачатку аптымізацыі зразумелі, што варта “варушыцца”, “выкручвацца”. Найбольш прасунутыя з іх займелі ў прафесійным лексіконе крыху іншае слова: “рушыць”. Куды? Неаспрэчна, наперад — да чытача. У выніку з’явіліся бібліятэчныя “прыцемкі”, “бібліяночы”, буккросінг, чытальныя залы ў скверах, кніжныя “рэстараны” з разнажанравым літаратурным меню, агучаны вершамі грамадскі транспарт… Нават самы апантаны бібліятэчны кансерватар дацяміў, што пазбегнуць аптымізацыі дапаможа нестандартны падыход да працы. У пэўных выпадках гэтае разуменне прыйшло, на жаль, недаравальна позна. Што ж клубнікі? Ці засталіся яны ў ценю бібліятэчнага крэатыву? Прынамсі, ліставанне ад бібліятэкараў у нашу рэдакцыю значна большае, чым ад клубнікаў. Каб ліквідаваць прабел і высветліць сённяшні стан клубнай справы, “К” вырашыла запрасіць да ўдзелу ў онлайн-канферэнцыі загадчыка сельскага клуба вёскі Жукоўшчына (Шаркаўшчынскі раён) Надзею КІРЫЕНКА, дырэктара раённага Цэнтра культуры Хоцімска і Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Алену ПРОШКІНУ, кіраўніка Спораўскага (Бярозаўскі раён) цэнтра культуры і вольнага часу Ніну ПАШКЕВІЧ, дырэктара Людвіноўскага СДК з Вілейшчыны Лілію ПРАТАСАВУ.

/i/content/pi/cult/587/13008/10-1.jpgЯўген Рагін:

— Надзея Пятроўна, а дакажыце, што ў вашай вёсцы клуб патрэбны.

Надзея Кірыенка:

— А тут усё проста. Бібліятэку нашу зачынілі летась. Школа знікла ў 2011-м. Адна толькі крама засталася, а побач — клуб. Вакол гэтых будынін жыццё і віруе. Ёсць трохі моладзі: дзесяць студэнтаў, столькі ж — школьнікаў, якіх возяць вучыцца ў суседнюю, пакуль перспектыўную, вёску. А ў нашай куды народу выйсці? Толькі ў клуб. Вось і стараемся. Штомесяц ладзім буйныя святочныя мерапрыемствы. На пачатку месяца, напрыклад, і майскія адзначылі, і Вялікдзень. Паказалі, да прыкладу, валачобны абрад, абышлі ці не ўсе вясковыя сем’і. І паверце, чакалі нас не толькі пенсіянеры. А для дзяцей дыскатэкі рыхтуем, бывае, што і платныя. Знікне клуб — згасне і вясковае жыццё. Я ў гэтым пераканана.

Яўген Рагін:

— Наколькі я ведаю, вы настаўнік па адукацыі?

Надзея Кірыенка:

— Каб патлумачыць усё, варта здалёк пачаць. Я — перасяленка, жыла да Чарнобыльскай катастрофы ў Краснапольскім раёне. Пераехала з сям’ёй у Жукоўшчыну, бо даведалася, што тут ёсць настаўніцкая вакансія. Выкладала фізіку і матэматыку. А калі школу зачынілі, пачала працаваць у клубе.

Яўген Рагін:

— Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома вас вельмі хваліць за самастойнасць, удумлівасць і стараннасць. І ў сваю дзейнасць вы ўключаеце ўсю мясцовую грамадскасць. Дарэчы, Жукоўшчына адметная яшчэ і тым, што жыве тут этнограф, краязнаўца і паэт Іосіф Квач. З ім супрацоўнічаеце?

Надзея Кірыенка:

— Іосіф Леанідавіч якраз у нашу валачобную групу і ўваходзіць. Былы настаўнік інфарматыкі валодае гармонікам, таму пастаянны ўдзельнік самых розных клубных мерапрыемстваў.

Яўген Рагін:

— З выкананнем плана па аказанні платных паслуг праблем няма?

Надзея Кірыенка:

— Спраўляемся. Сёлета, да прыкладу, запланавалі вялікае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю нашай школы. Будынак яе паціху развальваецца, але выпускнікі збіраюцца штогод. На юбілей абяцаюць з’ехацца ўсе. Паспрабуем усіх здзівіць рэтра-вечарынкай. Яна будзе платнай. Людзі да гэтага прызвычаіліся. Таму гадавы план — шэсць мільёнаў рублёў — выканаем.

Яўген Рагін:

— А вось цікава, Надзея Пятроўна, на Краснапольшчыне вы цікавіліся песнямі, танцамі? Сваю традыцыю прывезлі ў Жукоўшчыну?

Надзея Кірыенка:

— Слухала, бачыла і любіла. Але ж нічога не запісвала. Шкадую цяпер страшэнна. Толькі цяпер разумею, што згубіла. На новай радзіме прызвычаілася да новых песень.

Яўген Рагін:

— Кажуць у вас гурток ёсць драматычны?

Надзея Кірыенка:

— Мы назвалі яго “Іскроўцы“, бо колішні калгас меў найменне “Іскра“. Калгас займеў іншую цэнтральную сядзібу, а добрая памяць пра яго засталася. Да слова, і ў “Іскроўцах“, дзе большасць падлеткаў, не абышлося без Іосіфа Квача. Таленавітыя людзі — ва ўсім таленавітыя… Кожны год у нас — прэм’ера. Пачыналі з “Паўлінкі“ Янкі Купалы, “Збянтэжанага Саўкі“ Леапольда Родзевіча. Сёлета ставім таксама ягоную п’есу “Конскі партрэт“. Заўважце, усё — на беларускай мове. Сцэнаграфіяй самі займаемся. Са старых рэчаў пашылі сцэнічныя касцюмы для харавой групы, што складаецца з мясцовай інтэлігенцыі.

Яўген Рагін:

— Імкнецеся быць самадастатковымі? Тым не менш пэўныя праблемы вас турбуюць?

Надзея Кірыенка:

— Праблема адзіная: змяншаецца колькасць вясковага насельніцтва. Душа баліць…

Яўген Рагін:

— А што б вы зрабілі для таго, каб спыніць ад’езд моладзі з сяла, каб не вымірала вёска? Усё ж матэматыка логіку развівае.

Надзея Кірыенка:

— Я таксама пра гэта неаднойчы думала. Калі толькі пераехала, вельмі радавалася, што буйны дзяржаўны жывёлагадоўчы комплекс пад бокам. Падавалася, што ўсё перспектыўнае… Няўжо прыватніка-фермера не знойдзецца, каб справу адрадзіць? Гэта ж колькі рабочых месцаў з’явіцца. Чыстая зямля наўкола, а людзі ўсё роўна ў гарады імкнуцца. І яшчэ. Непадалёк тарфяное балота, і здабыча тут была наладжана. Усё закінута, а попыт на паліва застаўся. Ці ж па-гаспадарску гэта? Вось два гэтыя рэзервы і можна выкарыстаць.

Яўген Рагін:

— Адразу бачна, што добры работнік культуры — яшчэ і гаспадар. Пойдзем далей. Давайце ад сельскага клуба перабярэмся ў раённую ўстанову, а дакладней — у Хоцімскі цэнтр культуры. Чым пахваліцца можаце, Алена Віктараўна?

Алена Прошкіна:

— Тым, напрыклад, што здолелі сабраць і выдаць кнігу нашых традыцыйных рэцэптаў. Над гэтым працавала ці не ўся наша Цэнтралізаваная клубная сістэма. Стравы ўнікальныя. У вёсцы Клін, да прыкладу, гатуюць лапуны — аладкі з варанай і талчонай бульбы ў мундзірах. Смаката! Атрымаўся ладны зборнік, змест якога нашы метадысты запісалі ад бабуль. Кніга карыстаецца попытам на метадычных днях нашых клубнікаў, ёсць яна і ў бібліятэках.

Яўген Рагін:

— У рабоце РЦК якія прыярытэты?

Алена Прошкіна:

— Праца з дзецьмі і моладдзю. Для першых летам задзейнічаем адкрытыя пляцоўкі для конкурсаў, танцавальных праграм, узімку — упор на кіналекторыі, гульнявыя акцыі. Гадоў сем як ладзім дзіцячы фестываль “Зоркі над Бесяддзю“. Таленты праяўляюцца ў самых розных жанрах: у тэатральным мастацтве, харэаграфіі, вакале… Моладзь упадабала аматарскія аб’яднанні. Сярод іх — і дыскаклуб “Шанц“. Сцэнарны матэрыял, усе музычныя рэміксы юнакі і дзяўчаты рыхтуюць самі. Стаў традыцыйным конкурс дзі-джэяў.

Яўген Рагін:

— Ваш Цэнтр культуры месціцца ў колішнім кінатэатры. Сам аднойчы пераканаўся, што плошчаў там хранічна не стае. Як выкручваецеся?

Алена Прошкіна:

— Так, для кавярні ці більярднай не стае месца. Гэта, безумоўна, праблема. Для моладзі хацелася б лепшых умоў. Дапамагае тое, што з мая мы адкрываем адкрытую танцавальную пляцоўку ў парку, што насупраць РЦК.

Яўген Рагін:

— Як справы з апаратурай у клубных установах раёна?

Алена Прошкіна:

— Ёсць, але ж яна — не вечная. Сёе-тое патроху набываем.

Яўген Рагін:

— У вашым раёне засталося васямнаццаць клубных устаноў. У тым ліку — у пяці аграгарадках. Плануеце скарачаць штосьці яшчэ?

Алена Прошкіна:

— Ні ў якім выпадку. Нерэнтабельных клубаў ужо няма. У тых вёсках, дзе адбылося скарачэнне, практычна не засталося насельніцтва. Для абслугоўвання тых, хто застаўся, хапае магчымасцяў аўтаклуба. У астатніх паселішчах хапае жыхароў, таму зачыняць установы культуры не будзем. Яны, у тым ліку дом фальклору, карыстаюцца попытам.

Яўген Рагін:

— Што за дом фальклору?

Алена Прошкіна:

— Знаходзіцца ён у згаданай ужо вёсцы Клін. Там у нас адзін са старэйшых самадзейных фальклорных калектываў “Медуніца“. Іхнія вясельныя песні — у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных нематэрыяльных каштоўнасцяў. Так што ў Кліна ёсць перспектыва.

Яўген Рагін:

— А ў астатніх дзесяці клубаў, што знаходзяцца не ў аграгарадках?

Алена Прошкіна:

— Перспектыва застаецца, пакуль мы запатрабаваныя народам. Стараемся, каб установы нашы заставаліся яркімі і цікавымі. Натуральна, акцэнт тут — на работу з пажылымі людзьмі.

Яўген Рагін:

— Якія яшчэ праблемы?

Алена Прошкіна:

— Кваліфікаваных кадраў хапае. Замінае толькі адно. Калектывы, якія атрымліваюць званне «народны», не могуць займець паўнавартасных кіраўніка і акампаніятара. Усё робяць добраахвотнікі без аніякай аплаты. Тыя ансамблі, якім па дваццаць гадоў, мелі калісьці і адпаведныя стаўкі. А ў нас у клубнай сістэме дванаццаць народных калектываў.

Яўген Рагін:

— Цяпер — пра развіццё Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Ніна Іванаўна, у вас камп’ютар ёсць ва ўстанове?

Ніна Пашкевіч:

— Цэлых тры! Адзін атрымалі, калі вёска была пераўтворана ў аграгарадок, другі (ноўтбук) — па выніках працы за 2013 год, калі ўстанова стала лепшай у вобласці, яшчэ адзін ноўтбук атрымалі летась па Дзяржпраграме “Культура Беларусі“. Штат у нас немаленькі. Камп’ютарная тэхніка пастаянна патрэбна ці харэографу на рэпетыцыях, ці кіраўнікам самадзейных калектываў.

Яўген Рагін:

— А які паказчык сваёй працы лічыце самым галоўным?

Ніна Пашкевіч:

— План па аказанні платных паслуг выконваем практычна на дзвесце працэнтаў. У тым ліку і за кошт маштабнай канцэртнай дзейнасці. У Цэнтры — тры народныя калектывы. Для СДК — гэта добры паказчык.

Яўген Рагін:

— У ліпені вы ладзіце ўжо шосты па ліку абласны фестываль гумару “Спораўскія жарты“. Брэнд для раёна і вобласці — вельмі важкі. Колькі ўдзельнікаў сёлета чакаеце?

Ніна Пашкевіч:

— Больш за дзвесце. А яшчэ ж і госці будуць.

Яўген Рагін:

— Мерапрыемства — не таннае…

Ніна Пашкевіч:

— Неяк выкручваемся. Штосьці вобласць выдаткоўвае, штосьці раён. Так што сродкаў і на прызы хопіць.

Яўген Рагін:

— Нездарма вас у аддзеле “іскаркай“ называюць… Вы кіруеце адным з народных калектываў “Спораўскі акалот“. Што такое акалот, дарэчы?

Ніна Пашкевіч:

— Салома пасля абмалоту. “Спораўскі акалот“ — гэта народны тэатр народнага гумару. Гумару вельмі добрага, надзённага, заснаванага на тым матэрыяле, які кранае кожнага з нас.

Яўген Рагін:

— Атрымліваецца, у вас і праблем няма?

Ніна Пашкевіч:

— Наш тэатр і па вобласці гастралюе, і за мяжой, а вось касцюмаў добрых не мае. Самі выдумляем з таго, што ёсць па хатніх гардэробах. Тая ж праблема і ў фальклорнага калектыву.

Яўген Рагін:

— Пытанне, відаць, уласцівае для клубных устаноў усёй рэспублікі. А як яно вырашаецца ў СДК вёскі Людвінова, што на шматлюднай Міншчыне?

Лілія Пратасава:

— А для нас гэта таксама праблема. І мы таксама збіраем касцюмы з уласнага матэрыялу. А касцюмы — справа важная: мы ж тэатралізацыі пастаянна робім.

Яўген Рагін:

— Лілія Іванаўна, вы па прафесіі — рэжысёр. Гэта, напэўна, дапамагае ў кіраванні СДК?

Лілія Пратасава:

— Гарадскі і сельскі дом культуры нельга на адзін узровень паставіць. У вёсцы мы (чатыры спецыялісты) усё разам робім, вузкай спецыяльнасці, як у ГДК з вялікім штатам, няма. І ніякая адукацыя тут не дапаможа, калі не знойдзеш агульнай мовы з людзьмі. Наша задача якая? Працаваць сумесна з усімі ўстановамі, якія ёсць у вёсцы, знаходзіць кропкі судакранання і з маладым гледачом, і са сталым… Адукацыю я атрымала завочна ва Універсітэце культуры. Натуральна, яна дапамагае пры падрыхтоўцы нашых тэатралізацый.

Яўген Рагін:

— Я так разумею, вам штотыднёва даводзіцца здзіўляць сваіх вяскоўцаў.

Лілія Пратасава:

— Так. І гэта няпростая справа. У вёсцы — восемсот жыхароў. І ў нас вельмі добры глядач. Выхаваны і ўдзячны. Таму і аб’ядноўваем намаганні, каб не расчараваць сяльчан. Калі мы не будзем ім патрэбныя, нас закрыюць. А сёння да нас пастаянна прыходзяць, а хтосьці паступова з рэгулярнага наведвальніка пераўтвараецца ў актыўнага ўдзельніка імпрэз.

Яўген Рагін:

— Вялікая сіла мастацтва!.. Ваш канёк, наколькі я зразумеў, — тэатралізацыі. Назавіце некалькі прыкладаў удалых рэжысёрскіх хадоў.

Лілія Пратасава:

— На адным з выпускных вечароў пераўтварылі клубную сцэну ў… аэрапорт. Маўляў, былыя школьнікі адлятаюць па розных маршрутах у дарослае жыццё. Ці на яшчэ адным выпускным мы зрабілі на сцэне вялізны карабель (іншым разам ў такіх відовішчах занята да трыццаці чалавек). І ў гэты момант да нас завіталі ўдзельнікі абласнога семінара. Вельмі здзіўляліся.

Яўген Рагін:

— Добрыя супрацоўнікі СДК зрабілі добрага гледача. Наколькі проста гэта было?

Лілія Пратасава:

— Нам дапамагаюць і пенсіянеры, і сямігадовыя дзеці, інтэлігенцыя і рабочыя. А наколькі гэта цяжка ці проста? Я дваццаць гадоў таму прыйшла ў гэты СДК. Традыцыі ўжо былі закладзеныя. Усе, да прыкладу, пад Новы год ішлі глядзець абавязковую казку для дарослых. Мы пастараліся не перарваць гэтыя тонкія повязі, умацавалі іх, як маглі. Гэта цяжка патлумачыць нават. Але, бывае, прыезджыя здзіўляюцца: у СДК на апошнім нумары ніхто не рвецца ў гардэроб, падчас мерапрыемства, калі эмоцыі б’юць праз край, устаюць, як у сталічным тэатры… І гэта не толькі мая заслуга. Мне шанцуе на таленавітых і добрых людзей.

Яўген Рагін:

— Ваша дачка таксама па вашых слядах пайшла.

Лілія Пратасава:

— Працуе ў Барысаве намеснікам дырэктара метадычнага цэнтра. Інакш, напэўна, і быць не магло, бо яна ў клубе вырасла. Часта раіцца са мною.

Яўген Рагін:

— Лілія Іванаўна, якія праблемы сёння вас хвалююць?

Лілія Пратасава:

— Не ўсе разумеюць значнасці ролі работніка культуры. Мы пастаянна кажам, што павінны ведаць свае вытокі, сваю нацыянальную культуру, і ў той жа час вельмі мала для гэтага робім. Неадкладная патрэба ў нас з’яўляецца, калі неабходна правесці нейкае мерапрыемства. А вось калі штосьці неадкладна трэба нам… Я пра тыя ж касцюмы, пра годную музычную апаратуру.

Яўген Рагін:

— Але ж штосьці і акрыляе?

Лілія Пратасава:

— Тое, у першую чаргу, што я іду на працу, і са мной павітаецца не адзін і не два чалавекі, столькі ж спыніць і завядзе размову. Я — навідавоку і адчуваю ўвесь цяжар адказнасці. Таму я павінна быць прыкладам, пастаянна даводзіць, што праца маіх калег — патрэбная ўсім. Вось гэта і акрыляе.

Ад рэдакцыі

Яны не скардзяцца на лёс, аб’ядноўваюць вакол сябе грамаду, у складаных фінансавых варунках выкручваюцца як могуць, робяць са старых рэчаў сцэнічныя касцюмы, імкнуцца выканаць план пазабюджэтных даходаў, ладзяць знакавыя фестывалі, кіруюць самадзейнымі калектывамі, не губляюць з поля зроку гаспадарчыя пытанні, валодаюць не рахункамі ў банках, а чалавечымі душамі, хвалююцца не толькі за свой лёс, але і за лёс Бацькаўшчыны. Што тут яшчэ дадаць?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"