“Прывіды” старога тэатра

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Гледачоў, калег, карыфеяў сцэны і… прывідаў запрасіў на свята свайго 128-годдзя Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Галоўны рэжысёр Саулюс Варнас, вядомы сваёй прыхільнасцю да метафізікі і містыцызму, натхняўся для гэтай пастаноўкі прыгожай тэатральнай легендай: маўляў, у мурах тэатра жывуць душы творцаў — анёлы-ахоўнікі будынку.

/i/content/pi/cult/587/13007/13-4.jpgРолі гасцей з мінулага на спектаклі-канцэрце пад назвай “З днём нараджэння, тэатр!”, які ладзіўся 15 мая, сыгралі акцёры Дзмітрый Дудкевіч, Іван Трус, Аляксандр Палішчук і Аляксей Цыбін. Здані з цікавасцю назіралі за выступленнем сваіх паслядоўнікаў — сённяшніх зорак гэтай сцэны і маладых акцёраў, якія падрыхтавалі яскравыя музычныя і пластычныя нумары, мастацкае чытанне вершаў і прозы. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец некалькі разоў зрываў апладысменты, па-майстэрску выканаўшы песні Аляксандра Вярцінскага, а чароўныя Галіна Лабанок і Анжаліка Барчан праспявалі рамансы па-французску. Моцнае ўражанне пакінулі выступленні маладых актрыс Юліі Ладзік і Настассі Іваненка з лірычнымі маналогамі — фрагментам “Аповесці пра Сонечку” Марыны Цвятаевай і мініяцюрай Леаніда Енгібарава “Парасон”. Не толькі проза, але і паэзія гучала ў гэты вечар са сцэны драматычнага тэатра — творы Барыса Пастарнака, Уладзіміра Маякоўскага, Амара Хаяма ў выкананні народнага артыста Беларусі Рыгора Белацаркоўскага і артыста, рэжысёра Уладзіміра Пятровіча, Васіля Гальца, маладых акцёраў Азіза Азімава і Сяргея Васіленкі. Упрыгожаннем імпрэзы стала жывая музыка ў бліскучым выкананні ансамбля “Экспромт-класіка”, што дзейнічае пры тэатры. Галоўны ж рэжысёр, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Саулюс Варнас нагадаў, што менавіта тэатр натхняе людзей ісці шляхам духоўнага пошуку.

Дарэчы, спектакль-канцэрт хоць і рыхтаваўся да дня нараджэння тэатра, увойдзе ў сталы рэпертуар  — ужо пад іншай назвай. Апроч таго, гледачам прэзентавалі яшчэ адзін прыемны сюрпрыз — невялікую выставу архіўных фатаграфій у арт-фае тэатра. На чорна-белых кадрах — сцэны са спектакляў мінулых гадоў, пачынаючы з 1950-х, а таксама знакамітыя акцёры, якія некалі здабывалі славу тэатру. Сярод іх — Вера Кабатнікава, Юдзіф Гальперына, Сяргей Бульчык, Ніна Фядзяева...

Між іншым, будынак, адкрыты ў далёкім 1888-м годзе, можа па праву лічыцца самым старым у Беларусі, узведзены адмыслова для акцёрскай трупы: сталічны гмах купалаўцаў на два гады маладзейшы. Праўда, уласную трупу Магілёўскі тэатр займеў толькі ў 1928 годзе, праз яго сцэну прайшло некалькі калектываў. Тут ззялі зоркі Фёдара Шаляпіна, Аляксея Рахманінава і Веры Камісаржэўскай. Нават грошы на будаўніцтва збіраліся талакой: гараджане ахвяравалі — хто сціплыя капейчыны, а хто — сотні рублёў.

Вольга СЕМЧАНКА, літаратурны рэдактар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра