Паміж ідэнтычнасцю і вялікім бізнесам

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Юсі Аалта: “Што значыць быць чалавекам?”
На гэтым тыдні ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва адкрылася выстава Юсі ААЛТА — класіка фінскай фатаграфіі. Партрэты фінскіх прэзідэнтаў, серыі абстрактных работ, назіранні, эксперыменты, стрыт-фота — экспазіцыю можна смела назваць рэтраспектыўнай, бо яна ахоплівае 50 гадоў кар’еры спадара Аалта. Класік, мадэрніст і рамантык — менавіта так пазіцыяніруе сябе наш герой, які стаў адным з першых выкладчыкаў гісторыі фатаграфіі ў сваёй краіне ў 1970-я. Напярэдадні выставы майстар пагадзіўся даць эксклюзіўнае інтэрв’ю карэспандэнту “К”.

/i/content/pi/cult/587/13006/13-1.jpg— Па шчырасці, мне не вельмі падабаецца, кал фатаграфія мае патрэбу ў тэксце. А канцэптуальнае фота часта гэтым грашыць. Складана сказаць, як я сябе пачуваю ў гэтым кантэксце, але, здаецца, нармальна. Я прыхільнік класічнай фатаграфіі, мае героі — Анры Карцье-Брэсон, немец Аўгуст Сандар, аўтары 1920 — 1930-х. Мне падаецца, камплексаваць з той нагоды, што сёння большасць фатографаў хочуць стаць мастакамі ці канцэптуалістамі, не варта. Свет, як і рынак, дастаткова вялікі, каб прыняць самыя розныя жанры і формы фатаграфіі. У ім дастаткова галерэй і музеяў, зацікаўленых ў класічных здымках.

— Наколькі Ваша пазіцыя адрозніваецца ад меркаванняў фінскіх фатографаў наогул?

— Вядома, сёння Хельсінкская школа фатаграфіі прызнаная ва ўсім свеце — і нагадаю, што, у першую чаргу, гэта акурат канцэптуальная фатаграфія. Але я пачынаў напрыканцы 1950-х. Тое быў час, калі ў маю краіну прыйшла класічная фатаграфія, фотажурналістыка ў сваім лепшым разуменні, і выдатныя прыклады якой вядомыя кожнаму адмыслоўцу. У фінскай плыні з’явіліся моцныя Кай Брэмер, Сепо Савес, Кале Култала, Олаві Каскісуо ды іншыя, якія стварылі суполку “Finnseven”, таксама ў той час заявіла пра сябе згуртаванне “Імага 6”… Я сфарміраваўся дзякуючы ім. Вы ведаеце, працую ўжо так даўно, што часам людзі, якія ведаюць мае работы і раптам сустракаюць мяне дзесьці, кажуць: “Юсі, ты яшчэ жывы?” Вяду да таго, што як фатограф я сфарміраваўся даўно. Мне ўдалося знайсці ўласны стыль, заняць сваю пазіцыю, а калі хтосьці робіць іншую фатаграфію — гэта яго выбар.

У маёй біяграфіі ёсць розныя перыяды — працаваў не толькі як фотажурналіст, а ў фэшн-фатаграфіі, у рэкламнай, быў асістэнтам рэдактара ў профільным часопісе… У 1970-х пачаў выкладаць гісторыю фатаграфіі і партрэт ва Універсітэце прамысловых мастацтваў: можна сказаць, стаў адным з першых выкладчыкаў, заклаўшы аснову для новага пакалення фатографаў Фінляндыі. Потым яны ўсе, дарэчы, захацелі стаць фотамастакамі.

— Што для вас фатаграфія?

— Гэта ўражанні — ад жыцця, людзей, уражанні шчасця. Вы пыталі пра рамантычнасць, і для мяне істотна паказваць радасць жыцця, прыгажосць людзей. Так, адна з задач фатаграфіі — выкрываць, што значыць быць чалавекам у яго адмоўных і станоўчых рысах, але маё захапленне — прыгажосць чалавека і жыцця. Я не хачу паказваць людзей лепшымі, чым яны ёсць насамрэч, але і не хачу прыніжаць іх. Прызнацца, палова маіх выстаў — партрэтныя.

/i/content/pi/cult/587/13006/13-2.jpg

Юсі Аалта. З серыі "Прэзідэнты Фінляндыі".

— Над чым зараз працуеце?

— Над серыяй партрэтаў звычайных людзей. Я згадваў Аўгуста Сандара, які стаў вядомы праз сваю кнігу “Твары часу” — у ёй ён сабраў партрэты людзей часоў Веймарскай рэспублікі. Вялізная праца, якая ўключала тысячы выяў ужо напрыканцы 1940-х. Ягоны прыклад мяне моцна ўразіў, і мне хацелася б зрабіць нешта падобнае, але, вядома, у сваёй манеры. Зрабіць партрэт сучаснага грамадства Фінляндыі, карацей.

— Дарэчы, можна сказаць, што вы ўжо паклалі пачатак гэтаму даследаванню: партрэты фінскіх прэзідэнтаў — серыя, якая зрабіла вам славу ў краіне…

— Бадай, партрэт прэзідэнта Урхо Кеканена 1976 года — адзін з самых вядомых маіх здымкаў. Але, на жаль, ён не прызнаецца Фінскім музеем фатаграфіі. Так, мне хацелася б працягнуць працу ў гэтым кірунку — сабраць такі каталог твараў сучаснікаў. Знакамітых — палітыкаў, пісьменнікаў, мастакоў, а таксама, паўтаруся, звычайных людзей… Здзейсніць такое вялікае даследаванне. І мне падаецца, што ніхто гэта не зробіць акрамя мяне. Бо большасць хоча быць канцэптуалістамі (усміхаецца).

— Цікава, зараз вы прыгадалі тут Аўгуста Сандара, але яго падыход калекцыі, множнасці —- калі партрэтаў тысячы — гэта ўжо цалкам канцэптуальны праект…

— Згодзен, сёння складана вызначыць мяжу паміж формамі, жанрамі. Але я не думаю, што калі Сандар фатаграфаваў людзей, ён разумеў, што гэта — канцэптуалістыка. Ён проста крочыў за сваёй ідэяй. Я ўбачыў у яго серыі штосьці сваё, і потым развіў думку. Навошта, як кажуць, паўтарацца? Ды ўсё ж мой праект складана назваць канцэптуальным, і не лічу яго нават арт-фатаграфіяй. Хоць, магчыма, кагосьці гэта засмуціць. Трэба разумець, што сёння мастацкая фатаграфія ў Заходняй Еўропе і Амерыцы — вялікі бізнес. Аўкцыёны, крытыкі, галерэі фармуюць кошты на пэўныя работы, стылі, аўтараў, моду на іх. Кожны мастак, фатограф, які хоча прасоўваць сябе, мусіць улічваць рух у буйных мастацкіх цэнтрах, вывучаць сучасныя механізмы дзеяння рынку. Але калі вашы работы не трапляюць у прыбытковую плынь, гэта не значыць, што яны дрэнныя. Магчыма, вашы кадры не выклікаюць такога захаплення на сучасным арт-рынку як, да прыкладу, фатаграфіі Гурскі, ці Кевіна Эбоша, які сфатаграфаваў бульбу і прадаў гэту працу за мільён еўра. Але можна знайсці сваё месца і сваю аўдыторыю. Класічная фатаграфія таксама запатрабаваная. Праблема, мабыць, у тым, што вельмі часта крытыкі добра ведаюць гісторыю канцэптуальнага мастацтва, а вось гісторыю фатаграфіі прапускаюць.

/i/content/pi/cult/587/13006/13-3.jpg

Юсі Аалта. З серыі "Назіранні". Хельсінкі. 2009 г.

— Тым не менш, Хельсінкская школа фатаграфіі — гэта ўжо брэнд, вядомы на міжнароднай арэне. Ён і адкрыў фінскую фатаграфію свету…

— Так, яе значэнне складана недаацаніць. Сёння Хельсінкская школа мае сваю галерэю ў Берліне, яе аўтары прадстаўлены на арт-кірмашах па ўсёй Еўропе. Цімаці Пэрсанс, які зрабіў гэты праект, — вельмі дасведчаны чалавек у плане прасоўвання прадукту на сусветную арт-сцэну.

— А што адносна нацыянальнай ідэнтычнасці? Можна гаварыць пра тое, што развіццё і поспех фінскай фатаграфіі садзейнічаў станаўленню фінскай самасвядомасці?

— Напэўна. Фінляндыя стала незалежнай дзяржавай амаль 100 гадоў таму. У Беларусі і Фінляндыі шмат падобнага ў гісторыі набыцця незалежнасці. Вялікі нацыянальны ўздым мая радзіма перажыла на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, і значную ролю ў гэтым руху адыграў фінскі фатограф Інха. Ён здымаў пейзажы, Карэлію, якая была крыніцай народнага эпасу. Можна сказаць, мастакі таго часу заклалі трывалы падмурак для фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Другі момант, калі фатаграфія адыграла сваю значную ролю — тыя ж 1970-я, калі быў заснаваны згаданы ўніверсітэт. Мы зрабілі курс фатаграфіі, пачалі вывучаць яе гісторыю, потым фатаграфія як спецыяльнасць з’явілася і ў Мастацкім універсітэце ў Лахці. Удалося выйсці на падтрымку дзяржавай гэтага кірунку, і ўжо ў 1970 годзе фатографы пачалі атрымліваць гранты і стыпендыі. Пазней фатаграфія атрымала свой Дзяржаўны камітэт. Усё гэта, вядома, садзейнічала атрыманню міжнароднай вядомасці, якая напаткала нас у 1990-я. Ды, натуральна, падтрымка фатографаў вылілася ў колькасць работ, публікацый і кніг, якія адлюстроўвалі тое, чым жыве Фінляндыя. Напісанне гісторыі фінскай фатаграфіі, якая злучана з гісторыяй краіны, — таксама працэс, які складана недаацаніць.

— А што можна сказаць пра Фінляндыю сёння?

— Мы сёння знаходзімся ў Еўрапейскім Саюзе, але многія людзі не адчуваюць сабе шчаслівымі, бо Фінляндыя — маленькая краіна, а рэй вядуць у палітыцы гэтага аб’ядання вялікія дзяржавы. Магчыма, так і запаліўся праект з простымі людзьмі, бо гэта магчымасць разабрацца, што, у выніку, сёння з намі адбываецца, што перажывае Фінляндыя… І калі яго скончу, вам не спатрэбіццца задаваць гэта пытанне.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"