Абноўлены "Прарыў"

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

З Васілём Дукам пазнаёміўся ў 2007-м. Я ехаў ва Ушачы, а ён вяртаўся на радзіму пасля чарговай рэабілітацыі ў вайсковым шпіталі. Васьмідзесяцігадовы барадач партызаніў на роднай зямлі і ў ахвоту распавёў пра знакаміты прарыў фашысцкай блакады, калі супраць 16 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю ў 17 тысяч чалавек былі сцягнуты ў Полацка-Лепельскай зоне 60 тысяч карнікаў, авіяцыйная дывізія ды танкавы полк. Было тое 5 мая 1944 года.

/i/content/pi/cult/587/13003/12-1.jpg

 

Падчас адкрыцця “Прарыву” пасля рэканструкцыі.

Тады партызаны вырваліся з акружэння і ўпарта змагаліся да прыходу Савецкай арміі. Многія загінулі. Але астатнія перамаглі, здолелі выратаваць і 15 тысяч мірных жыхароў, бо брыгады збольшага былі сямейнымі. Кіраваў партызанамі будучы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок. Цяпер яго імем названы Ушацкі музей народнай славы і адна са сталічных вуліц. А за сем кіламетраў ад райцэнтра на Віцебшчыне, там дзе прарываліся і гінулі партызаны, 30 чэрвеня 1974 года адкрыўся мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Ягоныя аўтары — скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін. “Лятучая” выява партызана, “схопленая” ў апагеі бою і змешчаная ў сімвалічных варотах з пагрозлівых каменных пліт, нагадвае пра той дзень, калі акружэнне было ўрэшце прарвана, і ў гэта спачатку “ігольнае вушка” рванулі самыя адважныя. Як Васіль Сцяпанавіч казаў, гарэла нават зямля, набрынялая балотам.

Тады, у 1974-м, у гонар шаснаццаці нязломных брыгад ля “Прарыву” было высаджана шаснаццаць дубкоў. Цяпер гэта 42-гадовыя магутныя дрэвы. Але расці ім яшчэ ды расці…

Мемарыяльны комплекс, як і Сядзіба-музей Васіля Быкава ў Бычках, — лагічны працяг ушацкага музея. З леташняй восені “Прарыў” пачалі аднаўляць віцебскія спецыялісты. Пра тры этапы гэтых работ распавяла галоўны захавальнік музейных фондаў установы Дар’я Мілая. Спачатку замянілі тарцовыя глыбы сімвалічных варот. Потым былі заменены ўнутраная арматура помніка і яго афарбоўка: цяпер выява партызана — “бронзавая”. Трэці этап — добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Неўзабаве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленага “Прарыву”. Па словах Дар’і Мілай, выкананы і пазапраектныя работы. Замест балотца ўзнік вадаём, а побач — зона адпачынку з альтанкамі. А ў парку, разбітым у гонар 40-годдзя беларускага партызанскага руху, з’явілася адноўленая вёска народных змагароў. Тут рэканструяваны зямлянкі: жылая, штабная і для друкарні. Зроблены лясная школа і летняя кухня. Заменена і асвятленне мемарыялу. Кажуць, калі яно будзе канчаткова даведзена да ладу, выразнасць бронзавай выявы партызана і архітэктурных складнікаў комплексу набудзе ў вечаровым і начным антуражы завершаную акрэсленасць.

А Васіль Сцяпанавіч памёр тры гады таму. Тады, у 2007-м, я быў у яго ў гасцях, трымаў у руках важкія баявыя ўзнагароды, зрабіў фотапартрэт гаспадара вялікай, як аказалася, сям’і ды са здзіўленнем даведаўся, што былы партызан трыццаць гадоў запар спявае без стомы ў ветэранскім хоры...

Няма Васіля Сцяпанавіча, а песня яго ўсё гучыць у галінах 42-гадовых дубоў над палітаю крывёю ўшацкай зямлёй. І песню тую варта паслухаць.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"