Якасць асфальту як праява культуры

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

У тым, што выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія пройдуць на Беларусі 14 студзеня, маюць да культуры непасрэднае дачыненне, сумнявацца не выпадала. Хаця б таму, што выбарчыя ўчасткі, датэрміновае галасаванне на якіх пачалося акурат у дзень нашай вандроўкі па Пружаншчыне, нярэдка месцяцца менавіта ва ўстановах культуры. Іх нам давялося бачыць і ў Навасёлкаўскім СДК, і ў Ружанскай школе мастацтваў.

/i/content/pi/cult/109/130/st25_1.jpgВядома, установы культуры зусім не абмяжоўваюцца тым, што прадастаўляюць свае плошчы для гэтай падзеі агульнаграмадскай важнасці. Паўсюль у раёне ў дзень выбараў будуць зладжаны канцэрты — прыкладам, у Кабылаўцы клубнікі рыхтуюць вялікую шматгадзінную праграму, абяцаючы прадэманстраваць “усё, на што здатныя”. А дырэктар Ружанскага Дома культуры Аляксандр Барысевіч і сам балатуецца ў гарпасялковы савет дэпутатаў. Мы пацікавіліся, з якімі прапановамі гэты работнік культуры ідзе да сваіх выбаршчыкаў, якія ідэі будзе адстойваць, калі патрапіць у савет. Вядома, апрача захадаў па добраўпарадкаванні сваёй роднай установы — пра ўласныя патрэбы Аляксандр Лявонцьевіч сціпла змаўчаў, але тое, што ДК не пашкодзіць рамонт, відаць і няўзброеным вокам.


— Тое, пра што я дбаю, тычыцца не толькі галіны культуры ў вузкім сэнсе слова, — адказаў ён. — Мы прызвычаіліся да таго, што культура — гэта мастацкая самадзейнасць, бібліятэкі, музычная школа... Аднак насамрэч паняцце куды больш ёмістае. У маім разуменні культура — гэта і роўнядзь асфальта на нашых вуліцах, і асвятленне ўвечары, і аздабленне гандлёвых кропак. Культура— гэта тое, што стварае комплексную карціну жыцця мястэчка. І пра ўсё гэта я, вядома, буду дбаць. Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці— клопат пра маладое пакаленне. Дзеля гэтага мы нават зрабілі пры ДК трэнажорную залу— хаця, зноў жа, да культуры ў вузкім сэнсе слова яна дачынення не мае.

Акурат у той момант у кабінет да дырэктара завітаў вясёлы мужчына ў форме маёра міліцыі. Ён узяў ключ ад гэтай залы і праз момант з’явіўся перад намі ўжо ў спартыўным касцюме. Перад тым, як пайсці трэніравацца, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Пружанскага РАУС Ігар Гурынец распавёў нам пра свой спосаб вырашэння давераннай яму дзяржавай задачы. У вольны ад працы час маёр Гурынец арганізоўвае ў раёне трэнажорныя залы і ладзіць там з дзецьмі бясплатныя заняткі па культурызме, лічачы, што ўсе згубныя тэндэнцыі сярод моладзі павінны мець прывабную альтэрнатыву.


/i/content/pi/cult/109/130/st25_2.jpg— Вядома, мне б вельмі хацелася, каб малыя беларускія гарады прыцягвалі да сябе болей увагі, болей фінансавых укладанняў — працягвае сваю думку Аляк-
сандр Барысевіч. — Паглядзіце, якімі прыгожымі з года ў год робяцца Пружаны. А як здорава было б, каб і тут у нас з часам з’явілася такое хараство! Тым болей, патрэба такая ў людзей ёсць, ім зусім неабыякава, дзе жыць і ў якіх умовах. Усё более колькасць ружанцаў, якім цікавая ўласная гісторыя — паслухалі б вы, якую цудоўную экскурсію ладзяць дзеткі ў этнаграфічным музеі пры нашай школе!


І ўсё болей і болей жыхароў мястэчка ганарацца сваім родным кутком і гатовыя прыкласці свае высілкі дзеля яго дабрабыту. ...Напэўна, апошні фактар можа стаць не менш дзейсным чыннікам пераўвасаблення ружанскага жыцця за якія-кольвечы фінансавыя ўліванні. Бо любыя сродкі мала чаго вартыя без “ініцыятывы на месцах” — без неабыякавых, руплівых людзей, здатных здзяйсняць перамены да лепшага сваімі рукамі.

Цягам невялічкай камандзіроўкі давялося пераканацца ў тым, што ў Пружанскім краі такіх людзей багата. Як, зрэшты, і па ўсёй Беларусі.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Пружанскі раён — Мінск